Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты БНФ ня будуць пакараныя за ўдзел у фракцыі Мілінкевіча


Альгерд Невяроўскі, Менск Сойм Партыі БНФ вырашыў не ўжываць строгіх мераў супраць тых сваіх актывістаў, якія на Кангрэсе дэмсілаў увайшлі ў фракцыю Аляксандра Мілінкевіча “Рэгіёны за свабоду”. Але сябру сойму БНФ Аляксею Кавальцу прапанавана вызначыцца – ці ён прадстаўляе ў прэзыдыюме Палітрады дэмсілаў “Рух за свабоду”, ці знаходзіцца ў кіруючым органе Партыі БНФ.

Пытаньне пра выкананьне рашэньняў сойму БНФ было адным з самых важных на сёньняшнім паседжаньні кіруючага органу партыі. Напярэдадні Кангрэсу дэмсілаў, сойм абавязаў яго дэлегатаў, сябраў партыі, увайсьці ў фракцыю БНФ. Гэтае рашэньне ня выканалі 44 партыйцы. У тым ліку сябра сойму Аляксей Кавалец, які па квоце фракцыі “Рэгіёны за свабоду” цяпер прадстаўляе рух Аляксандра Мілінкевіча ў прэзыдыюме Палітычнай рады дэмсілаў.

Кіраўніцтва партыі лічыць, што многія дэлегаты Кангрэсу ад БНФ не былі праінфармаваныя пра адпаведнае рашэньне сойму, і таму прапанавалі нікога з партыі не выключаць. Вось што сказаў лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка:

“Напэўна камусьці вельмі хацелася, каб былі нейкія чысткі, зачысткі, экзэкуцыі, выгнаньні. На некаторых сайтах ужо нават зьявіўся анонс, што на гэтым сойме плянуецца выключэньне з партыі БНФ. Як толькі я гэта прачытаў, то зразумеў – не, не дачакаецеся!”

Намесьнік старшыні партыі БНФ Алесь Міхалевіч абвінавачваў сташыню ў тым, што ён ніяк ня можа знайсьці паразуменьня з Аляксандрам Мілінкевічам. Вінцук Вячорка наадварот сьцьвярджаў, што гэта Мілінкевіч ня хоча падпісваць дэклярацыі аб партнэрстве з БНФ.

У выніку прынялі рашэньне нікога з БНФ не выключаць, а толькі абмежавацца размовамі зь людзьмі, што парушылі статут і рашэньне сойму на рэгіянальных сходах. Трохі іншая сытуацыя зь сябрам сойму БНФ Аляксеям Кавальцом. Яму прапанавана да 7 ліпеня пакінуць альбо Палітраду, альбо сойм БНФ, застаючыся шараговым сябрам партыі. У выпадку непрыняцьця ім ніякага рашэньня наступны сойм разгледзіць яго пэрсанальную справу. Вось як адрэагаваў на гэтае рашэньне Аляксей Кавалец:

“Мне сьмешна, і нічога я ня буду ні так, ні гэтак рабіць. Мы ў гэтую Палітраду амаль не ўваходзім. Там будзе адзін чалавек як наглядальнік.Таму мне дзіўныя нейкія такія рашэньні. Больш таго, мяне дзівіць тое, што яны дагэтуль ваююць зь Мілінкевічам не зразумеўшы, што час ужо закончыць”.

Падобная сытуацыя назіраецца і ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, каля 30 дэлегатаў ад якой увайшлі на Кангрэсе ў іншыя фракцыі. Як сказаў прадстаўнік АГП Ігар Шынкарык, іх справы будуць разглядацца ў бліжэйшым часе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG