Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Крысьцінай Шацікавай працягнецца 14 чэрвеня


Радыё Свабода, Віцебск Нягледзячы на выходны дзень, у Першамайскім райсудзе Віцебску сёньня распачаўся працэс над вядомай моладзевай актывісткай. Крысьціну Шацікаву вінавацяць у непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі і ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні.

Распачаўшы апоўдні разгляд справы Крысьціны Шацікавай, суддзя Валянціна Кісьмярошкіна палічыла неабходным амаль адразу абвясьціць перапынак: сёньня выходны дзень, і няма магчымасьці выклікаць на пасяджэньне сьведак-міліцыянтаў.

Позву ў суд Крысьціна Шацікава атрымала толькі ўчора каля пятай вечара. Яе ўручылі пад подпіс у Першамайскім райаддзеле міліцыі, дзе Шацікава знаходзілася ў якасьці сьведкі па справе віцебскага актывіста Андрэя Данілеўскага.

Віцебск, 9.06.2007. Суд над Крысьцінай Шацікавай. Крысьціна Шацікава раіцца з праваабаронцамі Валер Крысьціна Шацікава раіцца з праваабаронцамі Валер"ем Шчукіным (зьлева) і Паўлам Левінавым (крайні справа)

"Я была сьведкай у Данілеўскага Андрэя і адмовілася даваць міліцыянтам любыя тлумачэньні наконт таго, якія траўмы атрымалі ад іх мае дзеці – як гэта я буду нешта тлумачыць тым, хто зьбіваў маіх дзяцей! Супрацоўнік міліцыі заявіў, што я затрыманая, выдаў мне позву ў суд. А таксама паказаў два пратаколы правапарушэньняў. Гэта непадпарадкаваньне міліцыянтам, прычым у пратаколе напісана, што я хапалася за іхнае форменнае адзеньне. Я сказала, што магла гэта рабіць толькі калі яны хапалі мяне, а не па сваёй волі. І яшчэ пікет", - паведаміла Крысьціна Шацікава.

Падзеі, паводле якіх Шацікаву лічаць правапарушальніцай, адбыліся 6 чэрвеня каля будынка суду Першамайскага раёну, дзе праходзіў працэс над Валерыем Шчукіным. Моладзь, у тым ліку і Крысьціна Шацікава, прыйшла падтрымаць вядомага журналіста і праваабаронцу. Міліцыянты палічылі іхныя дзеяньні незаконным пікетаваньнем, пачалі затрымліваць ды зьбіваць хлопцаў і дзяўчат. Фізічныя пашкоджаньні атрымаў і малодшы сын Шацікавай.

Апрача Крысьціны, за непадпарадкаваньне міліцыянтам і за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі былі прыцягнутыя да суду яшчэ чацьвёра актывістаў. Андрэю Данілеўскаму і Генадзю Шараху ўжо прысуджаныя грашовыя штрафы. Зьмітра Лісіенку і Алеся Дзеравянку будуць таксама судзіць на наступным тыдні. Працяг суду над Крысьцінай Шацікавай прызначаны на 14 чэрвеня.

Віцебск, 9.06.2007. Суд над Крысьцінай Шацікавай. Шацікава з сябрамі каля будынку Першамайскага райсуду Шацікава з сябрамі каля будынку Першамайскага райсуду
XS
SM
MD
LG