Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмітра Дашкевіча наведаў адвакат


Алег Грузьдзіловіч, Менск Як на новай працы пачуваецца Зьміцер Дашкевіч, у якога дактары знайшлі хваробу храбціны? Аляксандр Казулін непакоіцца пра сваякоў. Чаму Андрэю Клімаву ў шпіталі не хапае лекаў? Навошта Артура Фінькевіча “ізалявалі” ў будынку спэцкамэндатуры?

Болей за тыдзень не было зьвестак пра лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча, які адбывае пакараньне ў Шклоўская калёніі. І вось са Зьмітром сустрэўся ягоны адвакат Аляксандр Галіеў. Паводле адваката Галіева, пачуваецца Дашкевіч нармальна.

“Нічога, справы ідуць добра. Пачуваецца нармальна. Перавялі яго на лягчэйшую працу. Калі раней бярвёны падаваў, то зараз прымае дошкі. Паставілі на другі бок лесапілкі. Скаргаў на здароўе ад яго не было. Але, зрэшты, ад яго ніколі не было скаргаў”.

Нагадаю, Зьмітра Дашкевіча асудзілі на паўтара году зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. У калёніі Дашкевічу далі цяжкую працу на лесапілцы, і толькі калі ў яго абвастрылася хвароба храбціны, перавялі на лягчэйшы ўчастак.

Казулін гатовы зноў змагацца

Па-ранейшаму вельмі сьціплыя зьвесткі адносна Аляксандра Казуліна. Дачка палітыка Юля паведаміла, што днямі атрымалі ліст ад бацькі з калёніі. “Як звычайна – пра сябе інфармацыя мінімальная”, -- кажа Юля Казуліна.

“Атрымалі ад таты ліст. З большага ліст асабісты, ён болей піша пра нашу сям’ю, непакоіцца за здароўе нашай матулі. А яшчэ дадае, бачыць пэўны почарк ў тым, што Вярхоўны суд адмовіўся пераглядаць ягоную справу. Але ўсё роўна ў яго настрой добры, ён”.

Аляксандр Казулін ў зьняволеньні з красавіка мінулага году. Экс-кандыдата на прэзыдэнта асудзілі на 5,5 гадоў паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Сваёй віны палітык не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі.

Былы дэпутат Андрэй Клімаў ужо трэці тыдзень знаходзіцца ў Менскім турэмным шпіталі. Туды яго перавялі са сьледчага ізалятару пасьля сардэчнага прыступу. Жонка палітыка Тацяна распавяла, што ёй ўдалося перадаць мужу ў шпіталь патрэбныя яму лекі. У дэпартамэнце выкананьня пакараньняў нічога не паведамляюць пра стан здароўя апазыцыйнага палітыка. Нагадаю, Андрэя Клімава падазраюць ў закліках скідаць ўладу, якія ён нібыта распаўсюдзіў праз інтэрнэт. Гэта трэці арышт Клімава за час ягонай палітычнай дзейнасьці.

“Ізалявалі на час сустрэчы лідэраў вялікай васьмёркі ў Нямеччыне”

Назіральнікі не выключаюць, што Артур Фінькевіч можа хутка выйсьці на волю. Пра тое, што датэрміновае вызваленьне магчыма, 8-га чэрвеня распавёў дзяжурны спэцкамэндатуры ў Магілёве, дзе адбывае “хімію” маладзёвы актывіст. Але новага пацьверджаньня гэтых словаў не было. Нагадаю, ў пятніцу апоўдні міліцыянты прывезьлі Артура Фінькевіча з працы ў спэцкамэндатуру і трымалі там да вечара. Спачатку юнаку заявілі, што яго “ізалююць на час сустрэчы лідэраў вялікай васьмёркі ў Нямеччыне”, потым сказалі, што зь ім нібыта “нехта можа сустрэцца”. Што да зьвестак пра магчымае датэрміновае вызваленьне, Артур Фінькевіч паставіўся да іх з недаверам. Актывіст нагадаў, як напярэдадні яго адмыслова выклікалі ў камэндатуру і заявілі, што на датэрміновае вызваленьне ён можа не разьлічваць.

• Ці выйдуць на волю ўсе палітвязьні?, 30.05.2007 • В.Стэфановіч: “Разьлічваць, што Расея спрычыніцца да дэмакратызацыі Беларусі, памылкова”
XS
SM
MD
LG