Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 02.06.2007- 08.06.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Чытаю даслоўна. “Дарагі Ігар, дзякуй за добрыя словы і падтрымку. Ужо тыдзень я пакутую ад сардэчных боляў у шпіталі на Кальварыйскай. Прагрэсу не назіраецца. Здароўе сапсаванае канчаткова. Падазраю, што сардэчнымі прыступамі не закончыцца”

Ігар Шынкарык, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі – пра ліст да яго палітвязьня Андрэя Клімава

“Яны вырвалі яго ў мяне з рук, узялі за твар і кінулі ў машыну”

Крысьціна Шацікава, грамадзкая актывістка - пра затрыманьне яе разам з сынам каля будынку суду, дзе адбываўся суд над Валерыем Шчукіным

“Лукашэнка зрабіў высакародны шырокі жэст – і як жа адрэагавала на гэта апазыцыя? Хоць бы напісалі ліст падзякі альбо правялі пікет, як яны звычайна робяць, на якім заявілі б аб падтрымцы палітыкі прэзыдэнта. Ня кожны ж дзень такое здараецца. Увогуле, улада паказала, што яна моцная і не баіцца розных Статкевічаў і Севярынцаў”

Сьвятлана Ўсьціновіч зь Менску – у лісьце на “Свабоду” аб вызваленьні палітвязьняў

"Падчас прыватызацыі , якая ў Беларусі цяпер павінна пачацца, расейскі капітал, расейскія алігархі будуць мець у Беларусі перавагу. І я мяркую, што Лукашэнка хоча збалянсаваць уплыў Расеі ўплывам Эўразьвязу"

Аляксандар Рар, нямецкі палітоляг – у перадачы “Праскі акцэнт”

“На мой погляд, Захад перайшоў у рэжым чаканьня таго, што будзе пасьля Лукашэнкі. Мне здаецца, што гэта ў стратэгічным сэнсе Захад непакоіць і цікавіць больш за ўсё”

Вадзім Дубноў, расейскі незалежны журналіст – у перадачы “Праскі акцэнт”

"Абмяркоўваліся пытаньні дэмакратызацыі і удзелу у гэтым працэсе дысыдэнтаў. Я не лічу сябе дысыдэнтам і, дзякаваць Богу, у нас ёсьць даволі моцныя дэмакратычныя сілы”

Аляксандар Мілінкевіч, адзін зь лідэраў беларускай апазыцыі – пра канфэрэнцыю ў Празе “Дэмакратыя і бясьпека”, у якой ён удзельнічаў

“Савецкі дысыдэнт Андрэй Амальрык параўнаў тыранічную дзяржаву з салдатам, які ўвесь час накіроўвае зброю на свайго ворага. Але нарэшце ягоныя рукі стамляюцца і вязень зьбягае. Роля свабоднага сьвету -- ціснуць на рукі тыранаў і умацоўваць вязьняў, якія спрабуюць прысьпешыць канец тыраніі. Таму я асабіста сустракаюся з дысыдэнтамі і дэмакратычнымі актывістамі шэрагу найгоршых дыктатураў сьвету -- Беларусі, Бірмы, Кубы, Паўночнай Карэі, Судану і Зімбабвэ"

Джордж Буш, прэзыдэнт ЗША – з выступу на канфэрэнцыі “Дэмакратыя і бясьпека” ў Празе

“Я лічу, што мы перабольшваем ролю грамадзянскай супольнасьці. Грамадзянская супольнасьць ёсьць сьведчаньнем наяўнасьці дэмакратыі і ступені яе разьвіцьця, але не нараджае саму дэмакратыю. У Беларусі сёньня болей няўрадавых арганізацыяў, чым, прыкладам, у Грузіі. І калі б яны былі падставай для ўзьнікненьня дэмакратыі, дык Аляксандар Мілінкевіч быў бы прэзыдэнтам свабоднай Беларусі”

Брус Джэксан, кіраўнік Праекту пераходных дэмакратыяў – з выступу на канфэрэнцыі “Дэмакратыя і бясьпека” ў Празе

“Яны маюць свае праблемы, падобныя на нашыя. Як сумна жартуюць многія расейцы, “наш цягнік хутка набліжаецца да станцыі Менск”. Сапраўды, падзяліцца нэгатыўным досьведам карысна, але ў той жа час мы разумеем, што змагаемся з рознымі рэжымамі. Аднак я мяркую, што падзеньне пуцінскага рэжыму дапаможа ім, гэтак жа, як падзеньне рэжыму Лукашэнкі дапаможа нам”

Гары Каспараў, кіраўнік руху “Іншая Расея” – пасьля перамоваў у Празе з Аляксандрам Мілінкевічам
XS
SM
MD
LG