Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Сяргей Законьнікаў, Валянцін Акудовіч, Мікола Купрэеў


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 2 чэрвеня). Аўтары: Валянціна Аксак, Валянцін Акудовіч, Міхась Скобла. Рэдактар і вядучы: Сяргей Абламейка

АЎТАР І ТВОР

СЯРГЕЙ ЗАКОНЬНІКАЎ: “ПАЭТ ПАВІНЕН БЫЦЬ ЛЕТАПІСЦАМ СВАЙГО НАРОДУ”

Ініцыятарам выданьня паэтычнай кнігі пад назвай “Гэта мы” яшчэ дзесяць гадоў таму выступіў Васіль Быкаў. І нават напісаў да яе прадмову. Але сталася так, што рукапіс увесь гэты час марна праляжаў у шуфлядзе і толькі цяпер пабачыў сьвет у Вялейцы. У кнігу ўвайшлі тры паэмы Сяргея Законьнікава – “Чорная быль”, “Цівалі” і “Зязюля”, – а таксама лісты Васіля Быкава да паэта. З аўтарам кнігі сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Спадар Сяргей, вашыя кнігі выходзілі ў Менску, Варшаве, Маскве, Сафіі. І выходзілі, як правіла, у знаных выдавецтвах. Кніга “Гэта мы” пабачыла сьвет у Вялейцы. Чым сталічнага паэта прывабіла правінцыя?”

Сяргей Законьнікаў: “Не мяне правінцыя прывабіла. Правінцыя зрабіла мне падарунак. І для мяне гэтая сьціплая кніжачка, якая выйшла ў вялейскім выдавецтве “Волат”, даражэй за ўсе астатнія. Гэта была ініцыятыва мясцовых людзей, самых розных – інжынэраў, лекараў, настаўнікаў, – якія шчыра, з адкрытай душой аднесьліся да маіх тэкстаў. Кніга “Гэта мы” павінна была выйсьці яшчэ дзесяць гадоў таму, у 1996 годзе, у Фондзе Сораса. Але Сораса з нашай краіны неўзабаве выжылі. Ініцыятарам выданьня кнігі быў Васіль Быкаў. Ён жа напісаў прадмову да яе, якая называецца “Народ на Галгофе”. Там у сьціслай форме, але ёміста, па-філязофску Быкаў агледзеў раздарожжы беларускай гісторыі. Я шчасьлівы, што быкаўскае слова адкрывае маю кнігу”.

Скобла: “Адна са зьмешчаных у кнізе паэмаў мае назву “Цівалі”. У бальшыні людзей гэтае слова асацыюецца з хакейным клюбам. Колькі гадоў таму на менскіх вуліцах можна было пабачыць аўтобус з надпісам на ўсю бакавіну – “Цівалі”. Але ж паэма зусім не пра хакей...”

Законьнікаў: “У свой час мне давялося пагутарыць з адным са сьведкаў падзеяў, якія адбыліся ў 1960-я гады. Тады Менск імкліва пачаў пашыраць свае межы. Мы ведаем, як наша сталіца хутка расла, яна наступала на вёскі, якія акалялі яе. А паблізу вёскі Цівалі знаходзіўся могільнік жывёлы, які таксама патрэбна было зьнесьці. І калі Белполк пачаў раскопваць гэты могільнік, то салдаты пабачылі, поруч з парэшткамі жывёлаў, мноства людзкіх чарапоў. А ў чарапах – то дзірка, то дзьве... І косьці рук зьвязаныя дротам, альбо скуранымі раменьчыкамі... Улады інфармацыю адразу засакрэцілі, правяралі ціха, бяз лішняга розгаласу. Адпаведныя службы знайшлі факт, што каля вёскі Цівалі адбываліся расстрэлы людзей. Вядома таксама, што там у 30-я гады расстраляныя каля 300 чыгуначнікаў зь Ліды, Воршы, Віцебску, Баранавічаў. Гэта людзі, якія ў той сталінскі час адмовіліся везьці вязьняў на Поўнач. Качагары, машыністы, абслуга... Адмовіліся і страйкавалі. І на загад Лазара Кагановіча, міністра чыгуначных шляхоў зносінаў, усе яны былі расстраляныя”.

Скобла: “Дык Цівалі – гэта яшчэ адны Курапаты?”

Законьнікаў: “Сымбалем тае страшнае эпохі для нас зьяўляюцца Курапаты. Але Цівалі – гэта яшчэ больш страшнае месца. Таму што па санітарных нормах могільнікі жывёлы нельга раскопваць цягам 100 гадоў. І каты былі ўпэўненыя, што гэтае злачынства не раскрыецца. Але праўда прыходзіць і з таго сьвету”.

Скобла: “У прадмове да вашай кнігі Васіль Быкаў піша: “Каб народнае гора не разьляцелася, як дым, спакон веку існаваў фальклёр, а цяпер, пакуль яшчэ ня спрахла родная мова, ёсьць паэзія”. Але ці можа паэт быць летапісцам? Ён жа ўсё перажывае эмацыйна”.

Законьнікаў: “Мне здаецца – можа. Летапісцам можна быць ня толькі ў прозе, але і ў паэзіі. І паэт павінен быць летапісцам свайго народу. Згадайце “Слова пра паход Ігара”... Паэму “Цівалі”, якая перакладзеная на некалькі моваў, мне даводзілася чытаць і ў Сэрбіі, і ў Польшчы, і ў Нямеччыне. І паўсюль людзі вельмі эмацыйна рэагавалі. Асабліва ў Польшчы”.

Скобла: “У вашай кнізе апублікаваныя таксама лісты Васіля Быкава да вас. У адным з лістоў, датаваным 1 кастрычніка 2001 году, Васіль Уладзімеравіч разважае над гістарычным лёсам беларускага народу: “Беларускі народ яшчэ не нарадзіўся. Але калі дагэтуль не нарадзіўся, дык ужо і не народзіцца. У 21 стагодзьдзі тое – позна. І застаюцца толькі аскялёпкі ў выглядзе так званай творчай інтэлігенцыі”. А вы згодныя быць “аскялёпкам”?”

Законьнікаў: “Я згодны быць тут, на гэтай зямлі, кім заўгодна. Дзеля таго толькі, каб калі ня я, то мае ўнукі-праўнукі ўбачылі нармальнае беларускае жыцьцё. А Васіль Быкаў пры ўсёй сваёй катэгарычнасьці заўсёды верыў у свой народ. Падобныя выказваньні здараліся ў яго ад таго, што душа ягоная пакутавала за Беларусь. Таму й гаварыў часам сурова і бескампрамісна. А наогул, Васіль Быкаў вельмі глыбока асэнсаваў лёс беларусаў. Згадайце ягоны раман “Знак бяды”. Калі яго чытаеш, то ня толькі псыхалягічна, а нават фізычна адчуваеш сваіх людзей... Васіль Уладзімеравіч быў для нас рэзанатарам, ён быў для нас запаленай сьвечкай, на якую калі глядзіш, то павінен думаць”.

Скобла: “Летась вы атрымалі ўкраінскі ордэн “За заслугі”. І сапраўды, вы шмат зрабілі для беларуска-ўкраінскага культурнага супрацоўніцтва. Як вы лічыце, ці доўга яшчэ ўкраінцы будуць ісьці “майдан на майдан”?”

Законьнікаў: “Мяркую, што міжусобіца гэтая хутка спыніцца. Па той простай прычыне, што Ўкраіна ўжо аб’яднаная. Таму што і для камуністаў, і для сацыял-дэмакратаў, і для радыкальных нацыянальных партый, для ўсіх іх на першым месцы – Украіна, яе нацыянальныя інтарэсы”.

Скобла: “Сярод вашых узнагародаў ёсьць і мэдаль “За выратаваньне на вадзе”. Каго вы ўратавалі?”

Законьнікаў: “Гэта было даўно, я яшчэ падлеткам быў. Дзеці каталіся з горкі, выехалі на санках на малады лёд. Ён праламаўся, а возера глыбокае. І мне давялося выцягнуць з палонкі чатырох малых дзетак. Праўда, потым доўга хварэў, але затое чатыры жыцьці ўратаваў. І я гэтым вельмі цешуся”.

СЯРГЕЙ ЗАКОНЬНІКАЎ. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

Я ХВОРЫ ТАБОЙ...

Плыве паабапал дарогі на Вільню Прастор, каб трывожыць ва ўпор і здаля. Я хворы табой, І ўрачы тут бясьсільны, Мая непрыкметная ў сьвеце зямля.

А доля між родных палёў дасталася Такая, што кругам ідзе галава. Дасюль не сабрана радня да стала ўся, Хоць Крывія кліча, Гукае Літва.

Па карку дубінкай гумоваю – “Kresy”, А пелькаю – “Северо-Западный край”... Цябе, прыхаванай хлусьлівай завесай, Мне суджана несьці Ці ў пекла, ці ў рай...

Бялеюць сьнягі, і зара чырванее, Зьліваюцца ў велічны, радасны сьцяг. Акрыцца ім хочацца зь вечнай надзеяй, Што будзе ў цябе Неўміручы прасьцяг.

Мая Беларусь! Непадзельнай любоўю Забі, толькі выцісьні рабства з крыві. Адпрэч і чарнобыльскае белакроўе... Жыві!

КОСЫ

У магіле братняй, пад грудком у полі Сьняцца хлопцам косы, сьніцца хлопцам воля.

Косы, што сьцякалі па плячах каханай, Косы, што ўзьняліся ў бітве апантанай.

Сьніцца тая воля, што не памірае, Што народ сагнуты вечна дакарае.

Вестку шлюць нашчадкам зь цемры касінеры – Нельга жыць на сьвеце без надзей і веры.

Іхніх сноў пазбыцца сёньня немагчыма, Зноў рыхтуюць пастку злыдні для Айчыны...

Беларусаў годных я шчасьліва мрою, Што за волю выйшлі крэўнай грамадою.

Сьцяг лунае горда над паходам сьмелым, Колерам найлепшы – бел-чырвона-белы.

Лашчаць промні сонца з маладых нябёсаў Косы залатыя, баявыя косы...

КАСЬЦЁЛ СЬВЯТЫХ СЫМОНА І АЛЕНЫ

Шаноўнаму айцу Ўладыславу Завальнюку

У краі тым, які здаўна ня лена Ва ўсе бакі крыжуюць бальшакі, Касьцёл сьвятых Сымона і Алены Стаіць, як варта веры, на вякі.

Малітва да Ўсявышняга нятленна, Тут кожны можа мець прытулак свой. Касьцёл сьвятых Сымона і Алены Плыве, як ветразь духу, над зямлёй.

Айчына толькі воляй маладзее... І той, хто пакідае гэты сьвет, У вечнасьць моўчкі панясе з надзеяй Адбіты ў небе стромкі сылюэт.

Якія б ні шугалі буры, зьмены, Але душа стрывае хіжы злом... Касьцёл сьвятых Сымона і Алены Любоў вяшчуе вернасьці сьвятлом.

ГЛЯДЗЕЦЬ У НЕБА

У цеснай і няўтульнай дамавіне Свабодны дух ніколі не загіне.

Бясконцы далягляд ад чалавека Ня засьціць і труны халоднай века.

Над шэрай глебай, над нудой і горам Ляціць душа да вольных, сьветлых зораў.

І мне, і ўсім несупакойным людзям Ратункам толькі спадзяваньне будзе.

Любоўю да зямлі сваёй прыкутым Заўсёды жыць мілосна і пакутна.

Ды ёсьць яшчэ астатняя патрэба... Мы паміраем, каб глядзець у неба.

IN MEMORIAM

АНАТОЛЬ СІДАРЭВІЧ: “МІКОЛА КУПРЭЕЎ АПЯРЭДЗІЎ СВОЙ ЧАС”

25 траўня Міколу Купрэеву, аднаму з самых трагічных беларускіх паэтаў ХХ стагодзьдзя, споўнілася б 70. Але ўжо мінула амаль тры гады, як гэты неўтаймоўны паляшуцкі вандроўнік выправіўся ў вечную дарогу. Пра складаны лёс Міколы Купрэева і яго месца ў сучаснай беларускай літаратуры гавораць літаратуразнаўца Анатоль Сідарэвіч, які добра ведаў паэта, і нашая карэспандэнтка Валянціна Аксак, якой пашчасьціла суcтрэцца зь ім толькі тры разы.

“Сеў дзед-беларус пры дарозе, прыхінуўся сьпіной да бярозы. Каса на пракосе дрэмле. Думае торба на дрэве. Пахне бэнзінам атава. Налева – Масква І направа – Варшава. Ляцяць і ляцяць машыны. Мігцяць і дымяцца шыны...”

Гэта верш “Рэліктавы беларус”. Верш пра адвечнае беларускае раздарожжа і ўласную паэтаву бясконцую дарогу.

Тэма дарогі – скразная ў творчасьці Міколы Купрэева. Яна – як мэтафара ягонага бяздомнага жыцьця.

Не, напачатку творчага шляху ён яшчэ верыў, што і дома можна

“Схавацца! Бразнуць зашчапкай! Нахіліцца цяжка над сталом…”

Гэтыя словы, выдыхнутыя ў твар блізкім з маладым адчаем безвыходнасьці, я вычытала ў ягонай другой кнізе “Правінцыйныя фантазіі”. Але настрой нязьменны з часу стварэньня першае кнігі “Непазьбежнасьць”, што выйшла ў далёкім 1967-м. Тады ж паэт “зашчапіўся” ў сваю вандроўную адзіноту раз і назаўжды, калі блізкія не зразумелі ягонай просьбы: “…вы, калі ласка, мяне не чапайце!” І ён сышоў з сям’і. Сышоў у нікуды, у вечнае бадзяньне, якое не перапынілася амаль да скону дзён увосень 2004-га. Але была яшчэ адна прычына, якая падштурхнула яго да сыходу ад людзей. Прыгадвае Анатоль Сідарэвіч.

“67-ы год. Кніга вершаў Купрэева “Непазьбежнасьць” – прарыў. За гэта ён атрымаў па галаве. Аглабельная крытыка – “На хадулях арыгінальнасьці”. Праз чатырнаццаць гадоў той самы прарыў будзе ўчыняць Алесь Разанаў. Але да таго часу ўжо высьпеюць у грамадзтве такія сілы, якія зразумеюць патрэбу новай мовы паэзіі. І Алеся ў “Каардынатах быцьця” так добра “падапруць” аўтарытэты на чале зь Піменам Емяльянавічам Панчанкам: прадмова, пасьлямова, рэцэнзіі... Усё, каб гэтыя “Каардынаты быцьця” прапхнуць у друк. На жаль, Міколу не пашанцавала. Ёсьць такія людзі, якія апярэджваюць свой час. Вот ён у пэўным сэнсе апярэдзіў свой час”.

“Ці знаеце вы, ці знаеце вы, чаму Нёман такі блакітны? Берагам Нёмана ўчора прайшла жанчына з вачамі такімі блакітнымі”.

Жанчына як цуд, як Боская сьвятасьць – яшчэ адна скразная тэма вершаў Міколы Купрэева. Ягоныя гераіні – не канкрэтныя зямныя каханкі, а нейкія амаль эфірныя істоты, на якіх ён ледзь ня моліцца. І гэта пры тым, што сустрэтыя ім рэальныя жанчыны не зразумелі ягонае творчае натуры. Адракаліся, крыўдзілі, а ён усё роўна апяваў іх:

“Я пачаў гэты верш на падлозе, на звычайнай сасновай падлозе, ля парога, там, дзе пачаўся твой сьлед…”

Анатоль Сідарэвіч ня бачыць у гэтым супярэчнасьці: “Мікола быў выхаваны ў высокай шляхетнай традыцыі шанаваньня жанчыны і маці. І гэтай традыцыі ён ані трохі не зьбіраўся парушаць, бо парушэньне гэтай традыцыі, зьнікненьне культу жанчыны і маці, шанаваньня жанчыны і маці – гэта распад грамадзкіх каштоўнасьцяў, гэта распад грамадзтва”.

Але пры тым усе мужчыны-паэты хочуць заўжды мець поруч яшчэ і захопленую іхняй творчасьцю жанчыну. Ня жонку, не сяброўку і нават не каханку, а чытачку, якая носіць паэтавыя кніжкі, як скарбы, у самых патаемным месцах. Усё сваё, сьвядома абранае, самотнае жыцьцё Купрэеў марыў пра такую жанчыну, якая,

“…пачуўшы звон апошняе рыдлёўкі, паўстане зноў між небам і зямлёй у сваёй блакітнай сукні, з-за пазухі дастане “Непазьбежнасьць”…

У апошнія гады жыцьця Мікола Купрэеў асеў у Пружанах, дзе сябры выстараліся яму нарэшце аднапакаёвую кватэру. І там знайшлася такая жанчына, якая адчула ягоную тонкую і пакутную душу, зразумела, што мае справу зь неардынарнаю асобаю, і, нягледзячы на свае сямейныя клопаты, дапамагала Купрэеву ў побыце, аж пакуль не пачула “звон апошняе рыдлёўкі” над паэтавай труной.

Цела Міколы Купрэева сябры пахавалі ў Івацэвічах, блізу яго любімага старога шляху Масква-Варшава. А вершы засталіся.

“...Чарку панюхаў, скарынку панюхаў. Палажыў даланю пад вуха, ціха заснуў пад бярозай пры маскоўска-варшаўскай дарозе. Сьпіць на радзімы травах, на карэньні, на пальцах каравых. Прачнуўся – ні торбы, ні дрэва. Ціха пайшоў ён да Крэва. Азірнуўся – гарыць атава ля дарогі Масква – Варшава”.

КРЫТЫКА

ПРЫВІТАНЬНЕ З ТАГО СЬВЕТУ

Днямі на паліцах кнігарняў зьявілася новая кніга пад назвай “Лесьвіца ў нябёсы з адной прыступкі”. Яе аўтар Андрусь Белавокі – малады таленавіты пісьменьнік і журналіст, які тры гады таму загінуў пад коламі аўтамабіля. Як журналіст ён друкаваўся ў незалежных выданьнях “Наша Ніва” і “Навінкі”, а кнігу сваіх літаратурных твораў, нібы ведаючы пра заўчасную сьмерць, наказаў скласьці і выдаць сваім сябрам. Што й было зроблена. Кнігу рэцэнзуе крытык Валянцін Акудовіч.

Далёка за горадам па начной дарозе ішоў малады чалавек. Пэўна, ён аб нечым думаў, але ўжо напэўна не аб тым, што сучасныя дарогі створаныя зусім ня дзеля шпацыру. Кіроўца “мэрсэдэсу” таксама пра гэта ня думаў, бо заўсёды ведаў, што па дарогах ня ходзяць (тым болей – ноччу), а езьдзяць. Таму яны й перастрэліся сярод начной дарогі. І маладога чалавека ня стала. Звалі яго Андрусь Белавокі…

Тады Андрусь працаваў у тыднёвіку “Навінкі”, пісаў вершы, прозу, эсэ, драматычныя абразкі, рэцэнзіі й сёе-тое яшчэ, што ўнікае хоць якога жанравага азначэньня. Калі хлопца пахавалі, яго сябры (дакладней – сяброўкі) паабяцаліся сабраць да купы ўсё ім напісанае і выдаць кніжкай. Прамінула некалькі гадоў, і сёлета гэтая кніжка пад назвай “Лесьвіца ў нябёсы з адной прыступкі” была надрукаваная ў выдавецтве “Логвінаў”.

Фармальна яна ня лішне розьніцца ад падобных выданьняў іншых пачаткоўцаў, якія зьбіраюць пад адну вокладку ўсё, што пасьпелі накрэмзаць за сваё кароткае літаратурнае жыцьцё. Але бадай кожны ўдумлівы чытач, прагарнуўшы трохі старонак, зразумее, што тут сапраўды, як кажуць, “нешта ёсьць”. І так думаць ён будзе зусім не таму, што ў кніжкі нечакана зьявіўся геніяльны суаўтар – сьмерць. Хаця апошняе, звычайна, змушае нас надаваць тэкстам сэнсы ды вартасьці, якія былі б зусім не відочныя ў іншым выпадку.

Рэч у тым, што Андрусь Белавокі і сам быў прынамсі трохі геніяльны. Гэтае досыць рызыкоўнае азначэньне ня проста давесьці прыкладамі, тым болей, што ў аўтара, лічы, няма дасканала зробленых тэкстаў. Усе яны поўняцца моўнымі, стылёвымі, кампазыцыйнымі ды ўсялякімі іншымі хібамі. Тут паўсюдна пануюць неахайнасьць і разбэрсанасьць, бадай нават наўмысныя… Магчыма, такім чынам Андрусь выяўляў пратэст супраць залішняй нарматыўнасьці сучаснага жыцьця, як рэальнага, так і літаратурнага. Хаця, цалкам верагодна, што ён, заглыблены ў інтымны дыялёг з быцьцём і нябытам, проста не зьвяртаў увагу на такую дробязь, як публічная прэзэнтатыўнасьць свайго дыялёгу.

Дык вось, калі чытач таксама ня будзе зьвяртаць на гэта ўвагу, то яго не аднойчы скалане ад слова, радка, думкі, вобраза, якіх ён ніколі не сустрэне ў проста таленавітага літаратара. Прынамсі, са мной падобнае здаралася не аднойчы, працытую хаця б надпіс, які Андрусь падрыхтаваў самому сабе на надмагільны камень, калі яму не было яшчэ й дваццаці гадоў: “Мяне заўсёды мучыла пытаньне: у чым сэнс сьмерці. Цяпер я ведаю, а вы – не”.

Дарэчы, ня толькі на пісьме, але і ў жыцьці Андрусь быў гэтаксама неахайны й разбэрсаны. Ці так адно здавалася тым, хто яго не надта добра ведаў, а насамрэч ён проста падпарадкоўваўся нейкім іншым стыхіям, зусім непадобным ды тых, што кіруюць намі. Вось як пра яго проста такі бліскуча распавялі ў эпілёгу гэтай кнігі Аліса Бізяева і Тацяна Заміроўская:

“Калі яму было весела, ён мог крычаць песьні на ўвесь праспэкт. Калі нейкія аўтазаводзкія хлопцы, ідучы з дыскатэкі, пачалі зьбіваць яго сябра, ён страціў амаль усе валасы… у бойцы… Калі яму было так кепска, што не хацелася дыхаць ад болю і пустэчы, ён проста падаў у сумёт і ляжаў у сьнезе, заплюшчыўшы вочы. Калі ён кахаў – то страшна, моцна і вельмі весела. Калі ён штосьці не любіў, дык сьцябаўся з гэтага так, што яно здавалася шэрым, бездапаможным і губляла сэнс. Менавіта ў гэтым хавалася яго дзіўная крышталёвая харызматычнасьць. Усе бачылі ў ім небясьпечныя дзьверы ў нейкі паралельны сьвет”.

Між іншым, я цалкам сьвядома назваў пасьляслоўе Алісы Бізяевай і Тацяны Заміроўскай – эпілёгам. І не толькі таму, што яны сабралі, упарадкавалі й пракамэнтавалі ўсе тэксты кнігі. А перадусім таму, што і падчас вучобы ў БДУ, і пазьней, сябруючы, гэтыя таленавітыя дзяўчаты часта станавіліся і героямі твораў Андруся, і першымі яго слухачамі, і нават суаўтарамі. З усяго гэтага пасьляслоўе натуральна выглядае як эпілёг, які яны напісалі разам, нягледзячы на тое, што адзін зь іх ужо блукаў недзе ў інфэрнальнай невараці.

Але і выдатную прадмову мэтра сучаснай беларускай крытыкі Пятра Васючэнкі я таксама схільны лічыць хутчэй не прадмовай, а пралёгам, які ўдала тоесьніцца з эпілёгам і тым самым гарманізуе ўсю кнігу ў адно цэлае.

Мяркую, што Андрусю павінна спадабацца гэтая кніга, хаця ў ёй і не хапае шмат старонак, бо ён ніколі не парадкаваў сваіх тэкстаў. Апошняе выглядае досыць дзіўна для чалавека, які сэнс свайго жыцьця бачыў у тым, каб стварыць кнігу, і пры гэтым дакладна ведаў, што жыцьцё яго будзе кароткім. Але ці верыў, ці спадзяваўся ён, што насамрэч зможа гэта зрабіць? Давайце ўслухаемся ў яго наступныя, лічы, канцавыя словы:

“Мы жывем аднойчы. У любы момант можа здарыцца што заўгодна: трамвай… Я жыву толькі для тых, хто вакол мяне: бацькі, сябры. А яшчэ для таго, каб напісаць КНІГУ. У ёй павінна быць пра ўсё: пра сьвет і пра Сусьвет, пра Беларусь, пра каханьне. ПРА ЎСЁ. Калі я не змагу гэтага зрабіць ці не пасьпею, я абавязваю таго, хто чытае гэтыя радкі, паспрыяць стварэньню такой кнігі ці напісаць яе самому: шмат хто з маіх знаёмых можа. Прывітаньне з таго сьвету”.

Цяпер, калі ўсё гэта здарылася – і сьмерць, і кніга, я думаю, што, можа, інакш яно і быць не магло. Можа, толькі так, праз сьмерць, ён і мог спраўдзіць уласную Кнігу, як самую вялікую мару свайго жыцьця?!
XS
SM
MD
LG