Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На колькі мэдалёў беларусы могуць разьлічваць на пэкінскай алімпіядзе?


Уладзімер Глод, Менск Сёньня Аляксандар Лукашэнка сустрэўся ў Менску з прэзыдэнтам Алімпійскага камітэту Кітая Лю Пэнам. Менавіта ў Пэкіне ў жніўні 2008-га году пройдуць чарговыя летнія Алімпійскія гульні. Як да Алімпійскіх гульняў рыхтуецца Нацыянальная зборная Беларусі?

Калі весьці адлік ад сёньня, то да адкрыцьця пэкінскай Алімпіяды застаецца роўна 14 месяцаў. 8-га жніўня 2008 году адбудзецца афіцыйнае адкрыцьцё самых прэстыжных спаборніцтваў на плянэце. Спартоўцы паспаборнічаюць за 906 мэдалёў.

На колькі мэдалёў могуць разьлічваць алімпійцы Беларусі? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да намесьніка міністра спорту ды турызму Беларусі Дзьмітрыя Шычко.

Спадар Шычко спачатку нагадаў вынікі трох апошніх Алімпіяд. У Атлянце ў беларусаў было 15 мэдалёў, у Сыднэі – 17, у Афінах – зноў жа 15. І дадаў, што гэтая колькасьць дазваляла спартоўцам Беларусі ўваходзіць у лік 20 мацнейшых краінаў сьвету. Але гэтым разам будзе цяжэй, тлумачыць намесьнік міністра:

“Назіраецца тэндэнцыя, што з’яўляецца шэраг краінаў, якія пачынаюць пакрыху адшчыпваць ад мэдальнага пірага. Гэта – прадстаўнікі Афрыкі, Паўднёвай Амэрыкі. У розных дысцыплінах аб’яўляюцца раней невядомыя спартоўцы, якія робяцца канкурэнтаздольнымі на міжнароднай арэне”.

Якасная падрыхтоўка да Алімпіяды патрабуе вялікіх грошай. Упершыню заключаныя кантракты да канца алімпійскага цыклю з асноўнай групай патэнцыйных алімпійцаў і галоўнымі трэнэрамі ў кожным відзе спорту. Спадар Шычко ўдакладняе:

“Сёньня ў нас 160 стыпэндыяў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Плюс 200 іменных стыпэндыяў, якія нам дазволіў устанавіць урад. Вялікую дапамогу нам аказвае прэзыдэнцкі спартовы клюб, які таксама ўсталяваў 100 стыпэндыяў. Матэрыяльныя стымулы для алімпійцаў цалкам значныя”.

Тэмпэратура паветра ў Пэкіне падчас Алімпіяды можа даходзіць да 45 градусаў, а вільгаць да 95%. У такіх цяжкіх умовах існуе вялікая спакуса ўжываць допінгавыя сродкі. У Беларусі з гэтым зьбіраюцца весьці самую жорсткую барацьбу.Упершыню створаны Нацыянальны антыдопінгавы камітэт. А 19 беларусаў ужо атрымалі пасьведчаньні так званых допінгавых афіцэраў.

“Алімпійскія дасягненьні, алімпійскія мэдалі павінны быць абсалютна чыстымі ў пляне ўжываньня забароненых прэпаратаў. І гэта адна з самых сур''ёзнейшых праблем сучаснага спорту”,– цьвердзіць генэральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Георгі Катулін.
XS
SM
MD
LG