Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыцарскі фэст у Лідзе


Сяргей Астраўцоў, Ліда Некалі Беларусь называлі краінай замкаў – пра гэта пісаў вядомы гісторык Міхась Ткачоў. Сёньня засталіся адно іхныя рэшткі. Адны па-ранейшаму разбураюцца, некаторыя ўлады дзесяцігодзьдзямі рэстаўруюць і ніяк ня могуць закончыць. Апошнім часам у замках ці паблізу дазволеныя рыцарскія турніры.

Толькі адзіны рыцарскі турнір у Беларусі адбываецца ў сьценах сярэднявечнага замку – у Лідзе. Ліда, 03.05.2007. Рыцарскі фэст Рыцаскі фэст ля сьцен Лідзкага замку

Фэст адкрыў раённы галава. Гаварыў пра культ мужчыны-рыцара, што існаваў у беларусаў, пра рыцарскае братэрства, пра вялікіх князёў літоўскіх —з вуснаў вэртыкальшчыка гэта гучала непрывычна. Прамаўляў старшыня райвыканкаму Андрэй Худык й звыклыя больш тэзы:

“У нашай краіне праводзіцца акцыя “За моцную, квітнеючую Блеарусь”, наш фэст таксама праводзіцца ў рамках гэтай акцыі”.

Карэспандэнт: “Я хачу пацікавіцца ў глядачкі: як вы думаеце – вось такое спалучэньне турніру з гэтай акцыяй, “За Беларусь”, – нармальна? Ці ўсё ж гэта розныя рэчы?”

Спадарыня: “Я так мяркую, што маглі гэта быць асобныя акцыі, напэўна б было лепей. Ну, але раз яны так зрабілі, дык чым нічога, то лепей такім чынам. Дарэчы, акцыю “За незалежную Беларусь” яны прыстасавалі да сьвята, адразу гэта не плянавалася, нават няма нідзе ў праграмках. Добра, што моладзь далучыцца да мінулага і ўбачыць сваімі вачыма ўсё”.

Ліда, 03.05.2007. Рыцарскі фэст Бой рыцараў на фэсьце ля Лідзкага замку

На рыцарскі турнір у лідзкі замак прыйшлі школьнікі.

Школьнік: “Мяне зваць Лёша, я прыйшоў, каб убачыць старажытную зброю, я гэтым вельмі захапляюся, калекцыянірую грошы, манэты старыя. Вельмі цікаўлюся зброяй: вогнепальнай, халоднай і дасьпехамі, а яшчэ сярэднявечнай культурай”.

Карэспандэнт: “Ці ты ведаеш пра вялікага князя Вітаўта, пра вялікага князя Гедыміна, які замак пабудаваў лідзкі, што яны жылі ў тых мясьцінах, дзе і ты жывеш?”

Школьнік: “Ну, канешне! Вельмі хочацца ганарыцца такімі людзьмі, якія будавалі замкі такія і ўнесьлі ўклад у культуру Беларусі”.

Рыцар: "Мяне завуць Захарчук Юры. У мяне няма псэўданіму, гэта нашая майстэрня, горад Кіеў”.

Ліда, 03.05.2007. Рыцарскі фэст Юры Захарчук дэманструе свае дасьпехі на фэсьце ля Лідзкага замку

Карэспандэнт: “Вы прывезьлі рыцарскія дасьпехі, зброю. А як ва Ўкраіне з рыцарскімі турнірамі? Часта адбываюцца?”

Захарчук: “Ва Ўкраіне мерапрыемстваў праходзіць менш, чым у Беларусі. Гэта зьвязана банальна з падтрымкай дзяржавай гэтага руху. У нас вельмі цяжка атрымаць нейкую афіцыйную дапамогу, дазвол на правядзеньне мерапрыемства цяжэй атрымаць. У нас большасьць клюбаў, у адрозьненьне ад беларускіх, не мае сваіх памяшканьняў. Карацей, тое, што зьвязана з дзяржаўнай дапамогай, у Беларусі значна лепей”.

Я абыходзіў лягер рыцараў і напаткаў жанчын, якія зрабілі праснакі паводле сярэднявечных рэцэптаў.

Ліда, 03.05.2007. Рыцарскі фэст Кабеты прапануюць пакаштаваць сярэднявечныя праснакі на фэсьце ў Лідзе

Спадарыня: “Мы пяклі яго дома, хлеб сярэднявечны, ён што утрымлівае: аржаную муку і вотруб''е і ўсё”.

Карэспандэнт: “Вы кажаце, што рэцэпт сярэднявечны, ён недзе запісаны быў?”

Спадарыня: “Я была ў навукова-мэдычнай бібліятэцы ў Менску і знайшла там, што магла, і гэта вычытала, што былі такія хлябы. Я чаму шукала? Таму што ў нас палова людзей хворыя на цукровы дыябэт, і мы атрымалі заданьне: як людзі трымаліся ў той час, калі ня мелі інсуліну, як яны маглі выжываць? Тады яны толькі ежаю “лячыліся”, і тады такія рэцэпты былі”.

Карэспандэнт: “Бачу: вы вэтэраны рыцарскіх турніраў. Дзіўна, што нідзе ня ўбачыш герба “Пагоня”, пад якім жылі нашыя продкі, ужо не кажу пра сьцяг. Ах, у вас на гадзіньніку “Пагоня”, вы схавалі пад рукавом…"

Спадарыня: “Таму што на той час гадзіньнікаў не было”.

Ліда, 03.05.2007. Рыцарскі фэст Рыцары ў хвілінку адпачынку на сярэднявечным фэсьце ў Лідзе

Рыцар: “Мяне завуць Вартберг, я прадстаўляю клюб “Фрайштадт”, мы займаемся рэканструкцыяй Тэўтонскага ордэну, пэрыяд часу – XIII-XIV стагодзьдзі”.

Карэспандэнт: “Вы ня першы раз на турнірах: вас не зьдзіўляе, што адсутнічае гістарычны герб “Пагоня”? Можа ёсьць негалосная забарона?"

Рыцар: “Скажам так, не заахвочваецца”.

Ягоны сябра: “Прасьцей на замежныя фэсты езьдзіць. Там можна з сымболікай, зь бел-чырвона-белым сьцягам, з “Пагоняй” ехаць, там не асуджаецца, нават вітаецца”.

Рыцар: “У Наваградку летась даставалі вуды з бел-чырвона-белымі сьцягамі на іх, і міліцыя, канешне, хапала, ламала вуды, прымушала здымаць сьцягі”.

Гараджанін: “Мяне зваць Гілмар. Я ведаю клюбы тры, якія займаюцца гісторыяй Вялікага княства Літоўскага. Але праблема ёсьць такая: з боку ўлады бывае балесная рэакцыя на чырвона-белыя колеры. Нават калі францускае рыцарства – чырвоны крыж на белым фоне, і гэта ўжо ўспрымаецца вельмі нэгатыўна, не ўнікаючы ў гісторыю, што ніякіх адносінаў да Вялікага княства Літоўскага гэта ня мае… І таму можа сьвядома некаторыя клюбы стараюцца не закранаць гэтую тэматыку, каб мець магчымасьць нармальна разьвівацца”.

Карэспандэнт: “Рыцар закончыў бой, віншую. Як вы адчуваеце сябе без “Пагоні” – можна перамагаць? Ці ўсё ж такі чагосьці не хапае?”

Рыцар: “Ну, канешне. Яна ў нашым сэрцы знаходзіцца, “Пагоня”. Можна заўважыць у некаторых рыцараў, хто займаецца Вялікім княствам Літоўскім, на рыцарскіх ланцугах, пасах, на верстаках у некаторых рыцараў ёсьць “Пагоня”. А на сьцягах, на шатрах нельга ўжываць, таму што кожны клюб павінен мець базу, а калі будзеш ужываць “Пагоню”, цябе проста выганяць, а без памяшканьня клюбу вельмі няўтульна. Усё роўна ў большасьці клюбаў у сэрцах жыве “Пагоня”, і нашыя родныя сьцягі, і нашыя родныя гімны”.

Падыходжу да старшыні райвыканкаму спадара Худыка.

Карэспандэнт: “Я ведаю, што замак рэстаўруюць трыццаць гадоў і пакуль не ўдалося завяршыць працы. А якую для сябе ўлады бачаць галоўную задачу? Каб прывабіць замежных турыстаў ці проста, каб быў у горадзе і ў Беларусі адзін адноўлены цалкам замак?”

Худык: “Вось у мяне ёсьць спэцыяліст. Самсонаў, калі ласка, растлумач!”

Самсонаў: “У сувязі з тым, што ў нашай рэспубліцы ў апошні час сталі ўдзяляць увагу разьвіцьцю турызму, таму нам папросту хочаш ня хочаш, трэба аднавіць гэты замак, таму што ён знаходзіцца ў цэнтры на скрыжаваньні ўсіх дарог. А будуць прыяжджаць турысты, гэта будуць грошы для бюджэту. Таму я спадзяюся, што ў 2012 годзе ён будзе адноўлены. Калі мы замак здолеем зрабіць, то гэтыя турніры стануць яшчэ цікавейшымі і больш маштабнымі, мы здолеем прыцягнуць рыцарскія клюбы і з далёкага замежжа, і Ліда стане менавіта цэнтрам рыцарскіх фэстаў”.

Прысутнічае на турніры Станіслаў Суднік, які выдае часопіс “Лідзкі летапісец”. Пытаюся ў яго: ці дае гэта штосьці ў пляне патрыятычнага выхаваньня ці гэта проста нейкая гульня”.

Суднік: “Як не дае, калі цэлы дзень гучаць словы “Вялікае княства Літоўскае”? Гэта ўбіваецца з кожным ударам мяча!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG