Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Ярашук: “Беларусі пагражае чарговы “спэцпараграф”


Ігар Карней, Менск Сёньня падчас сэсіі Міжнароднай арганізацыі працы ў Жэнэве разглядалі беларускае пытаньне. Раней абвяшчалася, што 8 чэрвеня прымуць рэкамэндацыі — захаваць ці скасаваць для Беларусі рэжым тарыфных прэфэрэнцый на гандаль з краінамі Эўразьвязу. Нагадаем, пры канцы мінулага году Рада Эўропы пастанавіла выключыць Беларусь з так званай Абагульненай сыстэмы прэфэрэнцый, бо ў Беларусі парушаюцца правы незалежных прафсаюзаў. Рашэньне павінна ўступіць у сілу 21 чэрвеня.

У Швэйцарыю выправілася прадстаўнічая ўрадавая дэлегацыя на чале зь віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым і намесьніцай кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальляй Пяткевіч — яны спадзяюцца паўплываць на непажаданыя для Беларусі рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыі працы.

Таксама ў Жэнэве знаходзяцца лідэры прафсаюзных стуктураў — старшыня афіцыйнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік і кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.

Як сказаў пасьля паседжаньня Аляксандар Ярашук (а яно завяршылася за гадзіну да пачатку нашага эфіру), апраўданьні афіцыйнага беларускага боку сёньня плёну ня мелі:

“Толькі-толькі паседжаньне завяршылася, і тут яшчэ заплянаваны шэраг пратакольных мерапрыемстваў. Але пытаньне абмеркаванае, і цяпер яно перададзенае ў Камітэт нормаў і стандартаў МАП.

Канчатковае рашэньне будзе агучанае пазьней, але можна гаварыць упэўнена, што гэта будзе чарговы “спэцпараграф”. Гэта азначае, што адсутнічае сур’ёзны прагрэс у выкананьні рэкамэндацый МАП у ліквідацыі парушэньняў правоў прафсаюзаў.

То бок, так і няма прагрэсу ў выкананьні рэкамэндацый МАП, і што справа застаецца выключна сур’ёзная, і застаецца на разглядзе і пад кантролем МАП і далейшымі захадамі з боку Міжнароднага бюро працы”.

У “спэцыяльны параграф” запісваюць урады, якія некалькі гадоў не выконваюць асноўнай Канвэнцыі МАП “Аб свабодзе аб’яднаньняў і абароне права аб’ядноўвацца ў прафсаюзы”, якую прынялі ў 1947 годзе.

МАП як такая не ўпаўнаважаная ўводзіць эканамічныя санкцыі супраць дзяржаваў-сябраў МАП, але іншыя міжнародныя структуры, уключна з Радай Эўразьвязу, выкарыстоўваюць высновы МАП як адну з падставаў для скасаваньня тых жа гандлёвых прэфэрэнцый.

Варта нагадаць, што “беларускаму пытаньню” папярэднічаў скандал са зборам подпісаў супраць выключэньня Беларусі з Абагульненай сыстэмы прэфэрэнцый. Збор подпісаў ініцыяваў старшыня ФПБ Леанід Козік.

Падчас сэсіі МАП кіраўнікі Эрапейскай і Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў давялі Эўракамісару ў гандлі Пітэру Мандэльсону пра факты “падробак у дакумэнтах ФПБ”.

Старшыня Міжнароднага аб’яднаньня прафсаюзаў мэталістаў Мікалай Шатохін заявіў, што ФПБ падманам выкарыстала подпісы сябраў прафсаюзу пад патрабаваньнем не ўжываць да Беларусі эканамічных санкцыяў. За гэта Шатохін прасіў прабачэньня перад міжнародным прафсаюзным рухам.

Перад ад’ездам у Швайцарыю старшыня ФПБ Леанід Козік заявіў Радыё Свабода, што вінавачаньні ў бок афіцыйнай прафсаюзнай структуры гучаць без усялякіх папярэджаньняў — і падаюцца як канстатацыя факту:

“У нас ніхто і нічога не запытваў: ні арганізацыя, якую ўзначальвае спадар Ярашук, ні МАП, ні ўрад, ніхто не запытваў ФПБ ніводнага разу: ёсьць парушэньні ці не? Ніхто ніводнага разу не папрасіў нас паўдзельнічаць у сумеснай справе.

Усё толькі з боку лаянка ідзе на адрас Фэдэрацыі; незаслужаныя, нахабныя абвінавачаньні ў чымсьці. Вось і ўсё, што адбываецца... Не, яны штосьці спрабуюць патлумачыць, але гэта ці хлусьня, ці яшчэ горш — нейкія незразумелыя пагрозы”.

Страты Беларусі ад скасаваньня тарыфных прэфэрэнцыяў на гандаль з краінамі Эўразьвязу ацэньваюць па-рознаму, але ўсе падкрэсьліваюць іх значнасьць.

Паводле розных ацэнак, у выніку страты эўрапейскага рынку штогоду бюджэт Беларусі ня будзе атрымліваць ад 300 мільёнаў да паўмільярда эўра.

• А.Ярашук: “У Жэнэве скандал з фальсыфікацыямі” • МАП прыме рашэньне адносна прэфэрэнцыяў для Беларусі , 19.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG