Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль чакае ад Менску канкрэтных крокаў


Алена Струвэ, Менск Падчас аднадзённага візыту ў Брусэль намесьнік міністра замежных справаў Валеры Варанецкі сустрэўся з камісарам Эўракамісіі ў пытаньнях міжнародных дачыненьняў і эўрапейскай палітыкі суседзтва Бэнітай Фэрэра-Вальднэр. Заплянаваныя раней перамовы з кіраўніцтвам Рады Эўразьвязу не адбыліся з тэхнічных прычынаў.

Як паведаміла “Свабодзе” Хрысьціна Гоман, прэсавы сакратар эўракамісара Фэрэра-Вальднэр, падчас гэтай сустрэчы пра мытныя прэфэрэнцыі не гаварылі. Пытаньне іх захаваньня ці адмены ня ёсьць кампэтэнцыяй Эўракамісіі й вырашаецца праз прыняцьце адпаведных палажэньняў ЭЗ.

Падчас сёньняшніх перамоваў спадарыня Фэрэра-Вальднэр заявіла беларускаму боку, што Брусэль зацікаўлены ў наладжваньні дыялёгу з афіцыйным Менскам, аднак чакае ад беларускага кіраўніцтва ня толькі словаў.

“У часе размовы эўракамісар настойліва падкрэсьлівала, што чакае ад Менску рэальных канкрэтных крокаў у галіне дэмакратызацыі, захаваньня правоў чалавека, уключна з вызваленьнем палітычных вязьняў.

Адной з галоўных тэмаў нашых перамоваў было пытаньне адкрыцьця прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Менску. Усе гэтыя чаканыя намі крокі ёсьць перадумовай для ўключэньня Беларусі ў эўрапейскую палітыку суседзтва. Спадар Варанецкі прыняў гэта да ўвагі”, — паведаміла Хрысьціна Гоман, прэсавы сакратар эўракамісара.

Паводле афіцыйных беларускіх паведамленьняў, напярэдадні кіраўнік беларускага замежнапалітычнага ведамства Сяргей Мартынаў накіраваў у Брусэль ліст, дзе прапаноўвае пачаць перамоўны працэс пра ўзаемныя паездкі грамадзянаў Беларусі й Эўразьвязу, а таксама ўрэгуляваць пытаньне зь візамі.

Як вынікае з гэтага ліста, беларускі бок істотна спрасьціў візавыя фармальнасьці для ўезду эўрапейцаў у Беларусь. У сваю чаргу, Эўразьвяз ад пачатку году павялічыў кошт шэнгенскіх візаў для беларусаў да 60 эўра.

Беларускія грамадзяне таксама скардзяцца на тое, што ім апошнім часам адмаўляюць у візах, адзначана ў лісьце кіраўніка беларускага МЗС.

Як сказала “Свабодзе” Хрысьціна Гоман, прэсавы сакратар эўракамісара Фэрэра-Вальднэр, візавае пытаньне таксама было на парадку дня перамоваў:

“Пытаньне ўзаемных паездках і візавых фармальнасьцяў — частка нашага супрацоўніцтва, бо мы спадзяемся на гэта, на ўдзел Беларусі ў эўрапейскай палітыцы суседзтва. Калі беларускі бок падасьць нам сапраўдныя сыгналы, што сьведчылі б аб прагрэсе ў галіне дэмакратызацыі, мы будзем дэталёва абмяркоўваць гэтыя пытаньні.

Пытаньне спрашчэньня візавых працэдураў ёсьць адным са складнікаў гэтай палітыкі Аднак найперш Менск павінен прадэманстраваць рэальныя крокі ў гэтым кірунку і вызваліць палітычных вязьняў”.
XS
SM
MD
LG