Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін прапанаваў ЗША выкарыстоўваць радар у Азэрбайджане


Вячаслаў Ракіцкі, Прага На саміце “вялікай васьмёркі” ў нямецкім гарадку Гайлігендаме прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін прапанаваў ЗША сумесна выкарыстоўваць Габалінскую радыёлякацыйную станцыю ў Азэрбайджане. Гэтая прапанова зьяўляецца альтэрнатывай амэрыканскаму пляну разьмясьціць у Польшчы і Чэхіі элемэнты сваёй супрацьракетнай сыстэмы. Масква рэзка пярэчыць гэтаму пляну і нават заявіла, што ў адказ перанакіруе свае ракеты на Эўропу.

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш з зацікаўленьнем паставіўся да расейскай прапановы і паведаміў, што Вашынгтон і Масква вырашылі правесьці “стратэгічны дыялёг” у гэтым пытаньні:



“У выніку мы дамовіліся пра стратэгічны дыялёг, што дасьць магчымасьць нашым міністэрствам замежных справаў, абароны і нашым вайскоўцам падзяліцца меркаваньнямі і сумневамі. Гэта будзе вельмі сур’ёзнае абмеркаваньне. Праблема вельмі сур’ёзная і трэба зарабіць так, каб мы дакладна зразумелі пазыцыі адзін другога. У выніку, спадзяюся, мы станем лепей разумець, пра якія тэхналёгіі ідзе гаворка, і створым новыя пэрспэктывы сумеснай працы”. Азэрбайджан, 08.06.2007. Габалінская радыёлякацыйная станцыя. Будынак Габалінскай радыёлякацыйнай станцыі

Генэральны сакратар НАТО Яап дэ Хооп Схефэр заявіў, што пакуль рана выносіць канчатковае рашэньне адносна прапановы Расеі сумесна з ЗША выкарыстоўваць радыёлякацыйную станцыю ў Азэрбайджане. На ягоную думку, гэта занадта блізка да Ірану:

“Пакуль рана меркаваць пра магчымасьці азэрбайджанскага радару, у сэнсе абароны ад існуючых пагрозаў. На мой погляд, ён знаходзіцца занадта блізка ад краінаў з непрадказальнымі рэжымамі, пра якія мы гаворым”.

На думку ваенных экспэртаў, вельмі блізкае знаходжаньне радара побач з краінай, адкуль можа ісьці пагроза ракетнага ўдару, ускладняе супрацьракетную абарону. Брытанскі экспэрт Дункан Ленакс патлумачыў нашаму радыё:

“Праблема ў тым, што калі вы маеце радар вельмі блізка ад пункту запуску ракеты, ракета пераляціць праз гэты радар і будзе аддаляцца ад радара. Ускладняецца працэс вядзеньня радарам перахопніка, які павінен зьбіць ракету”.

Тым часам міністар замежных справаў Азэрбайджану Эльмар Мамадыяраў выказаў гатовасьць Баку ўдзельнічаць у кансультацыях у гэтым пытаньні:

“Наша пазыцыя такая: радар – уласнасьць Азэрбайджану, аддадзеная ў арэнду Расеі. Мы ўжо паінфармавалі ўсе бакі, што Азэрбайджан павінен удзельнічаць у любых перамовах у гэтым пытаньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG