Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Яго лаюць, бо ён умела трымае ў руках уладу”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Пра эканамічныя дасягненьні й посьпехі беларускай улады з пачатку гэтага году гаварыць і пісаць перасталі нават афіцыйныя мэдыі.

А вось сярод некаторых прыхільнікаў прэзыдэнта Лукашэнкі, якія жывуць за межамі Беларусі, міт пра беларускі “эканамічны цуд” жыве, аказваецца, дагэтуль.

Прынамсі, да такой думкі схіляе ліст з Украіны, з гораду Чарнаўцы, ад нашага слухача Ўладзімера Стрэчаня. Нягледзячы на тое, што спадар Стрэчань даўно пакінуў радзіму, але беларускімі справамі актыўна цікавіцца. І ліст свой ён напісаў па-беларуску.

“Ужо каторы год штодня слухаю вашы перадачы зь вялікай цікавасьцю, і вельмі задаволены іх праўдзівасьцю. Я карэнны беларус, але цяпер жыву ва Ўкраіне, і сумую па сваёй роднай Беларусі. Што зробіш, так склаўся зласьлівы лёс. Напэўна, і памерці давядзецца на чужыне.

У вас на “Свабодзе” пастаянна вядзецца палеміка наконт ролі ў жыцьці дзяржавы “бацькі” Лукашэнкі. Тут у мяне свой пункт гледжаньня. Ні зь Мілінкевічам, ні зь іншымі апазыцыянэрамі я не пагаджаюся. Хочаце прыклад?

Вось я, былы галоўны інжынэр з 25-гадовым стажам працы ў сыстэме Абаронпраму і 45-гадовым агульным працоўным стажам атрымаў ва ўкраінскай дзяржаве пэнсію — аж 80 даляраў. А мая сястра, сельская настаўніца, якая жыве ў Беларусі, атрымлівае пэнсію 160 даляраў. Дзе ж праўда?

У той час, як украінскія гора-палітыкі імкнуцца ўладкавацца пад крыло Амэрыкі, Лукашэнка паслаў іх куды трэба — і Амэрыку, і іншых. Хто такі Лукашэнка? Як і я, выхадзец зь вёскі. Быў галавою саўгасу і дайшоў да прэзыдэнта. Гонар яму і хвала! Няхай крытыкуюць яго, лаюць, але ён умела трымае ўладу ў руках”.

Уладу ў сваіх руках прэзыдэнт Лукашэнка трымае цьвёрда, гэта праўда, спадар Стрэчань. Трымае ўжо трынаццаць год, ня надта зважаючы на тое, што ў далёкім 1994-м абіралі яго па Канстытуцыі, якая не дазваляла затрымлівацца на прэзыдэнцкай пасадзе больш за дзесяць гадоў.

Як не аддаваць уладу іншым, з гісторыі аўтарытарных рэжымаў добра вядома. Ліквідацыя падзелу ўлады, скасаваньне справядлівых выбараў, уціск дэмакратычных інстытутаў…

Усё гэта рэаліі сёньняшняй Беларусі. Як рэальнасьцю ёсьць і самаізаляцыя дзяржавы ад цывілізаванага сьвету, якая дорага каштуе беларускай эканоміцы.

А цяпер — колькі словаў адносна становішча беларускіх пэнсіянэраў. Тут варта мець на ўвазе некалькі важных акалічнасьцяў, спадар Стрэчань. Па-першае, даляр у Беларусі мае не адну і тую ж вартасьць, што ва Ўкраіне. У Беларусі ў пераліку на даляры даражэй, чым у вас, каштуюць харчаваньне, камунальныя паслугі, паліва.

Так, сапраўды, да 2007 году многія сацыяльныя праграмы ў Беларусі мелі немалое фінансаваньне коштам таго, што краіна атрымлівала танныя расейскія энэрганосьбіты. Але гэта сытуацыя імкліва мяняецца.

Адно з апошніх рашэньняў улады, якое адаб’ецца на дабрабыце мільёнаў беларускіх пэнсіянэраў — адмена сацыяльных ільготаў. Праезд за паўцаны, бясплатныя лекі, зьніжкі пры аплаце камунальных паслугаў — усё гэта для большасьці беларускіх старых застанецца ў мінулым.

Ліст зь Пінску, ад інваліда першай групы Дзьмітрыя Янчанкі. Спадар Янчанка — адзін з тых тысяч людзей, якія, прайшоўшы праз многія судовыя інстанцыі ў Беларусі, расчараваўся ў беларускія судах і мае спадзеў толькі на міжнародную юстыцыю:

“Чуў нядаўна па радыё, што адзін “чарнобылец”, які не знайшоў падтрымкі ў беларускіх судах (нават у Вярхоўным) хоча дамагчыся справядлівасьці праз Эўрапейскі суд правоў чалавека.

Гэткая ж праблема і ў мяне. Зьвяртаўся я ў наш “Пінскі весьнік”, але там не дапамаглі, сказалі, што з Эўрапейскім судом кантактаў ня маюць”. Як і многія іншыя нашы слухачы, ён просіць адрас суду, у якім спадзяецца знайсьці ўправу на беларускую ўладу.

Эўрапейскі суд правоў чалавека месьціцца ў Страсбуры. Ягоны адрас:

Эўрапейскі суд правоў чалавека Рада Эўропы 67075 Страсбур-Сэдэкс Францыя

European Court of Human Rights Council of Europe 67075 Strasbourg-Cedex France


Пісаць адрас пажадана па-ангельску ці па-француску.

Калі ў інтэрнэце вы зойдзеце на сайт суду, то там можна знайсьці адмысловы фармуляр для падачы скаргі й падрабязную інструкцыю, як яго запаўняць.

Праблема, аднак, у тым, што Беларусь (адзіная сярод эўрапейскіх краінаў) не ўваходзіць у Раду Эўропы, і таму не падпадае пад юрысдыкцыю Эўрапейскага суду правоў чалавека.

Анатоль Жэрдзеў з Гомелю працягвае завочную дыскусію наконт пакаяньня за ваенныя злачынствы і ступень віны салдата за ахвяры сярод мірнага насельніцтва.

Гэтая тэма ня раз гучала ў травеньскіх выпусках “Паштовай скрынкі 111”. Не задаволены пачутым, спадар Жэрдзеў піша:

“Калі зыходзіць з вашага камэнтара, дык атрымліваецца, што спальваць людзей у крэматорыях паводле загаду Гітлера — гэта злачынства, а вось спальваць жанчын і дзяцей у дывановых бамбаваньнях Нямеччыны і атамных бамбаваньнях Японіі — гэта вышэйшая справядлівасьць, таму што гэта загадалі Чэрчыль і Трумэн.

Вось у мяне ўзьнікла думка: можа, купіць каністру бэнзіну, прыехаць да вас, абліць і падпаліць?

Гэта дзеля таго, каб вы хоць на хвіліну адчулі стан тых дзяцей, якія гарэлі, заціснутыя абломкамі будынкаў у Дрэздэне, Хірасыме і Нагасакі. Падкрэсьліваю, што ў руінах гарэлі пераважна жанчыны і дзеці, бо мужчыны былі на вайне.

Ня ведаю, ці хопіць у вас мужнасьці прачытаць гэтае пярэчаньне ў эфіры. Але гэта патрэбна хаця б дзеля той дэмакратыі, якая ня вартая сьлязы дзіцяці”.

Я, спадар Жэрдзеў, казаў толькі пра тое, што віна ангельскага пілёта, які бамбіў Нямеччыну, і віна гестапаўца, які накіроўваў вязьняў у газавыя камэры Майданэка, — несувымерныя і непараўнальныя.

Каяцца і несьці пакараньне павінны тыя, хто распачаў вайну, хто ўчыніў замах на чужую свабоду і незалежнасьць, хто мэтанакіравана зьнішчаў мірных людзей альбо ваеннапалонных.

Так, для маці, якія страцілі сваіх дзяцей, няма вялікай розьніцы, пад якімі бомбамі яны загінулі, нямецкімі ці амэрыканскімі. Гора і пакуты ад гэтага не становяцца меншымі.

Але з гледзішча права, маралі, справядлівасьці — рыса паміж злачынствам і абавязкам салдата ў такіх сытуацыях праводзіцца даволі дакладна. Таму адны ўдзельнікі вайны ўганароўваюцца і атрымліваюць ад дзяржавы розныя даброты, а другія — ідуць пад ваенны трыбунал.

Хоць, калі зыходзіць з вашай, спадар Жэрдзеў, лёгікі, дык і тыя, і другія — злачынцы, бо забівалі людзей.

Вядома, было б няблага, каб зло, увасобленае ці то ў фашысцкім, ці то ў якім іншым дыктатарскім агрэсіўным рэжыме, ліквідавалася як-небудзь само, шляхам ушчуваньняў і ўгавораў — без дывановых бамбаваньняў, без крыві й гвалту, без ні ў чым не вінаватых ахвяраў сярод мірнага насельніцтва. Ды толькі ў рэальнасьці так не атрымліваецца.

На заканчэньне — ліст, які пакіну бэз камэнтара. Нам сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў адклікнуўся на нядаўняе зьмякчэньне ўладамі правілаў аматарскага рыбалоўства:

“У гэты сонечны чэрвеньскі вечар хочацца павіншаваць усіх рыбаловаў-аматараў (а таксама сябе, дарагога) з доўгачаканым спускам на ваду маламерных судоў і дазволам лавіць зь іх шчупакоў, карасёў, плотак і гэтак далей. Вось ён, плён дэбюракратызацыі.

Ці ведаеце вы, колькі дакументаў мне неабходна мець з сабой, каб паехаць на рыбалку з надзіманай лодкай на сваім старэнькім “Фольксвагене”? Недасьведчаныя людзі не павераць: як мінімум восем! Калі ласка, пералічваю:

1. Вадзіцельскае пасьведчаньне. 2. Пасьведчаньне аб рэгістрацыі аўтамабіля. 3. Сэртыфікат аб праходжаньні дзяржаўнага тэхагляду. 4. Страхавое пасьведчаньне. 5. Талён папярэджаньняў да вадзіцельскага пасьведчаньня. 6. Судавы білет маламернага судна. 7. Плавацельскі талён папярэджаньняў. 8. Рыбалоўны білет.

Некаторыя яшчэ возяць з сабой: 9. Мэдычную даведку. 10. Дакумэнт са станцыі тэхабслугоўваньня.

Апошнія два дакумэнты бяруць з сабой так, на ўсякі выпадак: а раптам якому празьмерна пільнаму даішніку прыйдзе да галавы праявіць сябе “найлепшым чынам” ды патрабаваць і іх (такое здараецца, паверце).

Быў бы надзвычай задаволены, каб прэзыдэнт сваім указам абавязаў чыноўнікаў, якія распладзілі гэтае мора паперак, вазіць з сабой яшчэ:

11. Пасьведчаньне аб шлюбе. 12. Падшыўку газеты “Советская Белоруссия”, якая з натхненьнем піша пра дэбюракратызацыю.

Посьпехаў усім рыбаловам-аматарам! Слухайце Радыё Свабода!”

Далучаемся, спадар Сырэль, да вашых заклікаў і пажаданьняў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG