Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Войкаў, падаючы на зямлю, стрэліў, але бяз выніку”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 8 чэрвеня ў розныя гады мінулага.

“Вольная Беларусь”, год 1917. Язэп Лёсік піша ў рэдакцыйным артыкуле: “Заміж роднаго, з дзяцінства нам мілаго слова яны давалі спачатку нам польскую мову, потым расейскую або маскоўскую і каб магчыма здаецца, дык далі-б нам татарскую, абы ямчэй сядзець на карку нашым, абы лягчэй смактаць кроў нашу. Бо бяз мовы, бяз роднаго слова народ, як тоя быдля, з якім робяць, хто што хоча. Пад гумар жартуюць, а ў злосьці катуюць. Прыпамятай беларусе, што с табою выраблялі?!”

Гарадзенская “Nowe Zycie” ў 1927 годзе паведамляе: “Учора быў забіты ў Варшаве савецкі пасол Войкаў... 7-га бягучага месяца а 9 гадзіне раніцы савецкі пасол Войкаў скіраваўся на цэнтральны вакзал, каб спаткацца з савецкім дэлегатам Розэнгольцам, які вяртаўся з Лондану ў Маскву. Калі Войкаў з Розэнгольцам ўваходзілі ў поезд, невядомы стрэліў 7 разоў, пры гэтым параніў Войкава 2 стрэламі. Войкаў, падаючы на зямлю, стрэліў, але бяз выніку. Ён памёр праз гадзіну пасьля таго, як яго адвезьлі ў шпіталь Дзіця Езуса”.

На старонках “Звязды” ў 1937 годзе нехта Баранчук зьвяртае ўвагу: “Бібліятэкі пры сельсоветах Гомельскага раёна засмечаны контрэвалюцыйнай літаратурай такіх заядлых ворагаў народу, як Чарота, Гаруна, Гартнага і іншых. Нават на руках у кліентаў разданы рад іх кніжак”. Ад рэдакцыі: “Рэдакцыя яшчэ раз звяртае ўвагу Наркамасветы і раённых камітэтаў партыі на тое, што з паступаючых сігналаў у рэдакцыю відаць, што да гэтага часу рад бібліятэк засмечан контррэвалюцыйнай літаратурай. Неабходна зараз-жа прыступіць да дэтальнай праверкі і ачысткі бібліятэк ад нягоднай літаратуры”.
XS
SM
MD
LG