Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Шчукін сёньня чакае судовага выраку


Радыё Свабода На сёньня прызначанае ўжо трэцяе судовае пасяджэньне ў віцебскім судзе Першамайскага раёну, які разглядае крымінальную справу вядомага журналіста ды праваабаронцы. Таксама гэтымі днямі ў Віцебску разглядаецца яшчэ цэлы шэраг судовых справаў з удзелам мясцовых апазыцыянэраў.

Удзельнікам працэсу над Валер’ем Шчукіным засталося хіба выступіць з апошнімі прамовамі. Калі суд прызнае яго вінаватым, то, паводле артыкулу 189-га Крымінальнага кодэксу, апазыцыянэру пагражае грашовы штраф, выпраўленчыя працы або да двух гадоў пазбаўленьня волі.

Валер’я Шчукіна вінавацяць у тым, што ён пісьмова абразіў сябраў абласной выбарчай камісіі і сябраў акруговай камісіі №52 г. Віцебска – выдаў улёткі, дзе напісана, што камісіі сфальшавалі вынікі мінулых мясцовых выбараў, якія прайшлі ў Беларусі 14 студзеня 2007 году. Справа была распачатая паводле ініцыятывы пракурораў, самі нібыта абражаныя сябры выбаркамаў у суд не падавалі.

Старшыня акруговай камісіі Ала Калесьнік была запатрабавала, каб суд быў закрытым, бо крымінальная справа закранае яе гонар і годнасьць. Пракурор Талкачоў падтрымаў гэтае хадайніцтва, але судзьдзя Натальля Гур’ян яго адхіліла, і працэс праходзіць адкрыта.

Ад пачатку суду Валер Шчукін мусіў адмовіцца ад паслугаў дзяржаўнага адваката. Ён меркаваў, што ў працэсе возьме ўдзел ягоная прадстаўніца Сьвятлана Баранкоўская. Аднак Баранкоўскую не дапусьцілі ў якасці прадстаўніцы Шчукіна на той падставе, што яна не зьяўляецца яго сваячкай. Такая норма ёсьць ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе. Але, на думку Валер’я Шчукіна, гэта супярэчыць Канстытуцыі, дзе ў 62-м артыкуле напісана, што грамадзянін у тым ліку ў судзе, можа карыстацца дапамогай адваката і іншых сваіх прадстаўнікоў. Спадар Шчукін лічыць, што яго сьвядома пакінулі ў судовым працэсе без юрыдычнае дапамогі:

"Яны спрабавалі навязаць мне свайго адваката, але я сказаў: "Мне патрэбны мой прадстаўнік, а ня ваш!" І я патрабаваў сайго прадстаўніка. Паводле закону, суд ня можа навязваць мне адваката. Таму цяпер я вымушаны бараніцца без юрыдычнае дапамогі. І лічу гэта парушэньнем сваіх правоў".

Пацярпелі і тыя, хто прыйшлі падтрымаць

На суд да Валер‘я Шчукіна кожнага разу прыходзяць сябры і аднадумцы – заўжды ў судовай залі прысутнічаюць каля 30-40 чалавек.

6 чэрвеня групу моладзі, якая сабралася на ганку суду, трымаючы партрэты апазыцыянэра, міліцыянты затрымалі нібыта за несанкцыянаванае пікетаваньне. 17-гадовыя Алена Багданава і Крысьціна Міхайлава, а таксама малодшы сын вядомай актывісткі Крысьціны Шацікавай былі зьбітыя падчас затрыманьня. Дактары абласнога клінічнага шпіталю дыягнаставалі ў іх ўдары мяккіх тканак галавы і твару. Аднак дзяўчаты ад шпіталізацыі адмовіліся і ўчора зноў прыходзілі ў Першамайскі суд.

Пацярпеў ад міліцыянтаў і віцебскі студэнт Алесь Дзеравянка: разам зь іншымі хлопцамі ён кінуўся бараніць дзяўчат, і міліцыянты, затрымліваючы яго, зьбілі, калі садзілі ў аўтобус.

Алесь Дзеравянка, а таксама Генадзь Шарах, Андрэй Данілеўскі і Зьміцер Лісіенка пазамінулую ноч правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня, а ўчора іх таксама судзілі – за непадпарадкаваньне міліцыянтам і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Працэс праходзіў у судзе Віцебскага раёну, хаця мусіў адбывацца па месцы здарэньня – у Першамайскім райсудзе. Але міліцыянты ўбачылі, колькі моладзі сабралася на знак салідарнасьці, паўдня проста вазілі затрыманых па горадзе і ўрэшце завезьлі ў іншы суд.

Разьбіральніцтвы праводзіла суддзя Натальля Траццякова, і спачатку яна пагадзілася перанесьці пасяджэньне на наступны тыдзень, каб хлопцы замовілі сабе адвакатаў і знайшлі сьведкаў. Апошняй разглядалася справа Андрэя Данілеўскага, і ў гэты час, паводле ягоных словаў, суддзя атрымала ад кагосьці іншы загад.

"Калі ўсіх адпускалі, яшчэ не было загаду, каб судзіць усіх на месцы, – расказвае Данілеўскі. – Калі са мной яшчэ ішло разьбіральніцтва, суддзя пагаварыла з кімсьці па тэлефоне, атрымала загад: усіх, каго адпусьцілі, зноў перасудзіць. Але нікога ўжо не змаглі знайсьці. А мне далі штраф – 20 базавых велічынь за непадпарадкаваньне міліцыянтам і адну базавую за пікетаваньне. Калі я сыходзіў, у судзьдзі быў ці не перадынфарктны стан: яна нават казала, што сыдзе ў адстаўку, бо больш так працаваць не зьбіраецца".

Андрэю Данілеўскаму прысудзілі 651 тысячу рублёў штрафу, а палачаніну Генадзю Шараху – 31 тысячу, таксама за ўдзел у незаконным пікетаваньні. Дарэчы, Генадзь Шарах – гэта сын вядомага на Віцебшчыне апазыцыянэра – старшыні рэгіянальнага Вольнага прафсаюзу Міколы Шараха.

Каля будынку Першамайскага райсуду ўвесь час дзяжурыць некалькі машын з АМОНаўцамі і супрацоўнікамі Першамайскага райаддзелу міліцыі, бо тут штодня зьбіраюцца віцебскія прадстаўнікі апазыцыі.

Судзяць Тацяну Севярынец

Апрача справы Валера Шчукіна, у гэтым самым судзе праходзіць працэс у справе Тацяны Севярынец, маці вядомага палітыка Паўла Севярынца, якая праз суд спадзяецца аднавіцца на працы. Справа Тацяны Севярынец належыць да так званых грамадзянскіх справаў, аднак яна лічыць, што апынулася ў судзе паводле палітычных прычынаў.

Напрыканцы сакавіка спадарыня Севярынец напісала заяву на адпачынак за свой кошт, і загадчык раённага аддзела адукацыі Ўладзімер Шлома спачатку задаволіў ейную прозьбу. Аднак праз колькі дзён ён адмяніў усваё рашэньне, і, вярнуўшыся з адпачынку, Тацяна Севярынец даведалася, што прапусьціла 6 працоўных дзён без усялякае прычыны. Настаўніцу вышэйшай катэгорыі з 35-гадовым працоўным стажам звольнілі нібыта за прагулы.

Падчас пасяджэньня Тацяна Севярынец падкрэсьліла, што ў папярэдніх гутарках загадчык адзела адукацыі неаднаразова раіў ёй перастаць займацца палітыкай і ўпікаў за ўдзел у мінулых мясцовых выбарах, калі спадарыня Тацяна хацела балятавацца ў Віцебскі гарсавет.

Лічачы сваё звальненьне палітычна абумоўленым, Тацяна Севярынец не бярэцца прадказаць вынік судовага змаганьня з райаддзелам адукацыі. У апошнія дні перад звальненьнем многія калегі-настаўнікі, сябры прафкаму і адміністрацыя школы №40 далі ёй зразумець, што ня хочуць сабе залішніх праблем, і таму бараніць яе баяцца.

На абарону настаўніцы выйшлі вучні-пяціклясьнікі, якія напісалі заяву, каб не звальнялі іхную любімую клясную кіраўніцу, ды іхныя бацькі. Яны напісалі шэраг калектыўных скаргаў, у тым ліку і ў Міністэрства адукацыі, і прыйшлі падтрымаць Тацяну Яўгенаўну ў судзе.

Наступнае пасяджэньне ў судовай справе Тацяны Севярынец прызначана на 14-га чэрвеня.

• Віцебск: Шчукіна будуць судзіць за абразу сябраў выбаркаму, 06.06.2007 • Зьбітыя міліцыянтамі актывісты запатрабавалі адваката і сьведкаў , 07.06.2007 • Тацяна Севярынец спадзяецца на перамогу ў судзе , 07.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG