Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: “загадалі зьверху зымітаваць дыялёг з грамадзкасьцю”


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні адбыўся круглы стол, прысьвечаны спрэчнай рэканструкцыі гістарычнай забудовы. На яго не пусьцілі гісторыка Андрэя Вашкевіча і журналіста Алеся Залеўскага. Пазьней каля ўнівэрсытэту міліцыянты затрымалі Яраслава Грышчэню і Віктара Парнашова, якія раздавалі нумар газэты “Наша слова”, прысьвечаны гарадзенскай рэканструкцыі. Хлопцаў пратрымалі ў пастарунку прыблізна дзьве гадзіны.

У Гарадзенскім унівэрсытэце імя Янкі купалы адбыўся круглы стол, прысьвечаны праблемам рэканструкцыі старой забудовы. Але пусьцілі на яго ня ўсіх, унівэрсытэцкае начальства нават выклікала міліцыю. Алеся Залеўскага не пусьцілі на круглы стол, і ён быў сьведкам, як прыбыла міліцыя. Якая была матывацыя, чаму не пусьцілі?

“Матывацыя такая, што я ня ў сьпісе запрошаных, – расказвае Залеўскі. – Добра, тады каго і як запрашалі? А вось гісторыкаў, што маюць дачыненьне да гістфаку. Я спытаўся: а чаму ж журналісты ня маюць дачыненьня да таго, як абмяркоўваюць рэканструкцыю, якая датычыць кожнага жыхара Горадні?”

Доктар гістарычных навук Краўцэвіч, аднак, трапіў на круглы стол, хоць на гістфаку не працуе.

“Мяне прапусьцілі выпадкова: хлопец, які быў у ахове, ведае мяне асабіста, памятае, што я быў першым прарэктарам гэтага унівэрсытэту. – кажа Краўцэвіч. – Уражаньне ад круглага стала станоўчае. Чаму? Таму што кампанія моладзі і ўсіх абаронцаў гораду закончылася посьпехам. Мы паказалі сябе рэальнай сілай, грамадзтва паказала, што зь ім трэба лічыцца. Кіраўніцтву унівэрсытэту яўна загадалі зьверху зымітаваць дыялёг з грамадзкасьцю. Не прапусьцілі людзей, якія ствараюць сайт, прысьвечаны рэканструкцыі Горадні, абароне гораду”.

Карэспандэнт: “Атрымліваецца, што гэта было мерапрыемства для галачкі?”

Краўцэвіч: “Кіраўніцтва унівэрсытэту яўна не хацела весьці гэты круглы стол, таму што цяжка трымаць усё ў руках. Кіраваў дэкан гістфаку Ярмусік, распачынаў першы прарэктар Нечухрын, прысутнічаў абласны ідэоляг, і з гарвыканкаму — Дубавец. Увесь час было відаць, што яны баяцца выпусьціць з рук ініцыятыву. І напачатку яны сказалі пра мэту мерапрыемства: не пра праблемы рэканструкцыі Горадні пагаварыць, а — пра тое, каб студэнты і выкладчыкі не ангажаваліся па другі бок барыкады. Каб яны ня ўдзельнічалі ў барацьбе за нармальную рэканструкцыю, каб яны не паддаваліся “палітычным правакацыям”! Але я ў сваім выступе сказаў, што мы павінны быць удзячныя, павінны радавацца за такую моладзь. Вось старшы выкладчык гаворыць, што яму галава баліць за горад. Вам галава пабаліць і перастане, а яны змагаліся і выйграюць у некаторых момантах”.

Калі карэспандэнт Свабоды хацеў сфатаграфаваць перад уваходам ва ўнівэрсытэт міліцыянта і распаўсюднікаў газэты “Наша слова”, мужчына ў цывільным схапіў яго за рукі, выхапіў фотаапарат. Чалавек гэты назваўся “пэнсіянэрам”, але супрацоўнікі ВНУ сказалі, што гэта — намесьнік начальніка унівэрсытэцкай аховы – адстаўнік.

Горадня, 07.06.2007. Андрэя Вашкевіча (зьлева) і Алеся Залеўскага (справа) не пусьцілі на круглы стол, і яны мусілі чакаць яго вынікаў на вуліцы Андрэя Вашкевіча (зьлева) і Алеся Залеўскага (справа) не пусьцілі на круглы стол, і яны мусілі чакаць яго вынікаў на вуліцы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG