Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С. Атрошчанка: Заявы, што ў Беларусі ёсьць даляравыя мільянэры зьяўляюцца піарам уладаў


Ігар Карней, Менск На афіцыйным сайце Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі зьявілася інфармацыя: паводле вынікаў 2006 году адзін зь прадпрымальнікаў Горадні зарабіў болей за 2 мільёны даляраў ЗША. Хто такія беларускія мільянэры? Колькі іх?

Я паспрабаваў высьветліць імя прадпрымальніка-мільянэра. Першае тэлефанаваньне – у падатковую інспэкцыю Кастрычніцкага раёну Гародні:

“Мільянэр? Хто -- фізычная асоба ці хто? Вы, калі ласка, патэлефануйце ў іншую інспэкцыю, бо тут нікога няма. Я вам дам нумар, куды затэлефанаваць...”

Набіраю нумар інспэкцыі па падатках і зборах Ленінскага раёну Горадні:

“Нічога не падкажу. Тэлефануйце ў абласную падатковую інспэкцыю. Там усё скажуць...”

“Абласная падатковая інспэкцыя... Не, у нас такіх зьвестак няма, гэта вы крыху не па адрасе. У Міністэрстве, магчыма, будуць такія зьвесткі. У нас такой інфармацыі няма".

Ананімныя мільёны

Пра тое, што ў Беларусі ёсьць людзі, чый прыбытак перавышае адзін мільён даляраў, стала вядома два гады таму.

Тады Камітэт дзяржкантролю агучыў зьвесткі з падатковых інспэкцыяў, згодна зь якімі дзьве сотні беларусаў задэкляравалі за 2004 год прыбыткаў па мільёну даляраў і больш.

Старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа выказвае сваю вэрсію, колькі тэарэтычна можа быць мільянэраў ў Беларусі:

“Блізу 100-150 чалавек можа і маюць у Беларусі такі статус – даляравыя мільянэры. Але часткова гэта ёсьць нейкія паі, уклады, інвэстыцыі ў тыя ці іншыя камэрцыйныя справы”.

Пры гэтым спадар Патупа зазначае: буйныя бізнэсоўцы усё часьцей свае актывы імкнуцца перавесьці ў замежжа.

Сьціплыя мільянэры

Самі дзелавыя людзі адмаўляюцца казаць, колькі яны зарабляюць.

Адзін з менскіх прадпрымальнікаў, гаспадар прадпрыемстве ў вырабе бялізны “Серж” Сяргей Атрошчанка называе заявы афіцыйных асобаў пра тое, што ў Беларусі ёсьць даляравыя мільянэры (цытую) “звычайным піарам уладаў”. Маўляў, каб людзі не баяліся дэкляраваць вялікія сумы.

Сяргей Атрошчанка зазначае: калі бізнэсовец дэкляруе 1 мільён даляраў, гэта значыць, ён сплаціць трыста тысячаў даляраў у выглядзе падаткаў:

“Некаторыя незалежныя экспэрты кажуць, што ў нас мільянэраў – хтосьці кажа блізу сотні, хтосьці кажа блізу тысячы – то бок, усяго мільянэраў, з не задэкляраваным прыбыткам, якія маюць звыш аднаго мільёну даляраў багацьця”.

Беларуска-латыскі мільянэр

Народжаны ў мястэчку Іўе на Гарадзеншчыне Ян Апаленіс яшчэ за савецкімі часамі перабраўся ў Латвію. Цяпер ён уладальнік сеткі гатэляў. І адзін з латыскіх мільянэраў:

“Я хоць і ў сьпісе сотні латыскіх мільянэраў, але заўсёды кажу так: у кішэні ў мяне пуста. Бо так і павінны быць. Грошы ў кішэні ляжаць не павінны, яны ўсе павінны быць у справе. Таму што сёньня трэба арыентавацца на рознабаковы бізнэс. Нават у газэтах усё часьцей пішуць: аказваецца, можна зарабляць мільёны, маючы шматпрофільны бізнэс. Я ў прыватнасьці чаму так раблю: таму што аднаму віду дзейнасьці ўласьцівыя пэрыядычныя крызысы. Таму дзеля таго, каб іх пераадольваць, трэба мець грошы на пераўзбраеньне вытворчасьці новымі тэхналёгіямі і тады выжывеш. Калі ў цябе гэтага няма – упадзеш і напэўна, ніколі больш не падымесься”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG