Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраваць Менскай вобласьцю будзе Леанід Крупец


Ганна Соўсь, Менск Новым старшынём Менскага аблвыканкаму замест Мікалая Дамашкевіча прызначаны Леанід Крупец. Сёлета ў сакавіку ён атрымаў пасаду памочніка прэзыдэнта, галоўнага інспэктара па Віцебскай вобласьці. Да гэтага ён працаваў спачатку намесьнікам, а потым першым намесьнікам старшыні Менскага аблвыканкаму. Перад гэтым ён узначальваў Нясьвіскі райвыканкам.

Я сустракалася з Леанідам Крупцом у 2001 годзе, калі рыхтавала перадачу пра Нясьвіж. У той час ён узначальваў Нясьвіскі райвыканкам. Звычайна раённыя вэртыкальшчыкі вельмі неахвотна ідуць на кантакт з незалежнымі журналістамі. Аднак Леанід Крупец адразу пагадзіўся на сустрэчу. Я пазваніла ў прыёмную райвыканкаму, і сакратарка спадара Крупца наўпрост зьвязала мяне зь ім.

Першыя ж словы Леаніда Крупца былі па-беларуску. Ён шмат гаварыў пра лёс Нясьвіскага палацу. Паводзіў сябе вельмі дэмакратычна, адразу ж зьвязаў мяне з галоўнымі спэцыялістамі ў рэстаўрацыі палацу, выказваў гатоўнасьць дапамагчы. Пасьля той сустрэчы была зробленая праграма “Палітычная геаграфія”, і зараз я працытую, што гаварыў у 2001 годзе Леанід Крупец.

"Мы адчуваем сябе як беларусы, таму што мы жывем у Беларусі. Напэўна, як было Вялікае Княства Літоўскае, тады нясьвіжцы адчувалі сябе ў цэнтры Княства, таму што гэта была некаранаваная сталіца Вялікага Княства Літоўскага. А сёньня — другія часы, другія людзі, мэты другія…"

Потым нясьвіскія грамадзкія актывісты перажывалі, калі Леаніда Крупца перавялі на іншую працу, і іхні раён узначаліў чалавек зь іншага рэгіёну. У часы кіраваньня Нясьвіскім раёнам Леанід Крупец часам хадзіў у лазьню разам з мясцовымі грамадзкімі актывістамі....

• Палітычная геаграфія. Нясьвіж, 18.06.2001
XS
SM
MD
LG