Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Севярынец спадзяецца на перамогу ў судзе


Радыё Свабода У Першамайскім райсудзе пачаўся разгляд грамадзянскай справы паводле заявы маці вядомага палітыка Паўла Севярынца. Яна патрабуе аднаўленьня на працы ў сярэдняй школе №40, адкуль яе звольнілі нібыта за прагулы.

Судовую справу вядзе суддзя Тацяна Родзіна, інтарэсы спадарыні Севярынец прадстаўляе вядомы віцебскі адвакат Міхаіл Замалін.

Падчас пасяджэньня Тацяна Севярынец падкрэсьліла, што лічыць сваё звальненьне ўціскам па палітычных прычынах. Таксама яна зазначыла, што кіраўнік аддзелу адукацыі Першамайскага раёну Уладзімер Шлома неаднаразова раіў ёй перастаць займацца палітыкай і ўпікаў за ўдзел у мінулых мясцовых выбарах, калі спадарыня Тацяна хацела балятавацца ў Віцебскі гарсавет.

Напрыканцы сакавіка спадар Шлома, падпісаўшы заяву спадарыні Севярынец на адпачынак за свой кошт, праз колькі дзён адмяніў уласнае рашэньне. Такім чынам, вярнуўшыся з адпачынку, Тацяна Севярынец даведалася, што прапусьціла 6 працоўных дзён без усялякае прычыны. Настаўніцу вышэйшай катэгорыі з 35-гадовым працоўным стажам звольнілі нібыта за прагулы.

Тацяна Севярынец перакананая, што здолее аднавіцца на працы.

"Пасьля вывучэньня дакумэнтаў я пэўная, на 100 адсоткаў пэўная, што мая справа выйгрышная, пераможная. І што ўсё зробленае супраць мяне – гэта чысьцейшай вады правакацыя. Як гэта ні парадаксальна, я разьлічваю на перамогу!"
XS
SM
MD
LG