Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Адстаўка М.Дамашкевіча: карупцыя ці асабістыя непаразуменьні?</B>


Алег Грузьдзіловіч, Менск Як камэнтуюць адстаўку Мікалая Дамашкевіча з пасады старшыні Менскага аблвыканкаму? Наш карэспандэнт Алег Грузьдзіловіч зьвярнуўся да былога міністра замежнаэканамічных сувязяў і амбасадара Міхаіла Марыніча, а таксама да былога міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава.

Міхаіл Марыніч перакананы, што адстаўка Мікалая Дамашкевіча ня мае дачыненьня да карупцыі. Паводле былога міністра замежнаэканамічных сувязяў, прычына іншая:

“Гэта першы сыгнал незадавальненьня ўнутры каманды Аляксандра Лукашэнкі. Тут прычыны сур’ёзьнейшыя за карумпаванасьць. Пачалі выяўляцца сымптомы сытуацыі, калі начальнікі не задаволеныя сваім лідэрам. Бо сапраўдная ўнутраная і замежная палітыка не адпавядае тым заявам, якія прэзыдэнт робіць”.

Міхаіл Марыніч ня стаў ацэньваць Мікалая Дамашкевіча як кіраўніка і гаспадарніка. “Бо на апошніх пасадах — старшыні Камітэту дзяржкантролю і старшыні Менскага аблвыканкаму — ён сябе ня выявіў чалавекам, адданым справе. Гэта быў чалавек, цалкам адданы толькі асабіста прэзыдэнту”, — мяркуе Міхаіл Марыніч.

Ці мае Мікалай Дамашкевіч шанцы вярнуцца на кіроўныя пасады?

Міхаіл Марыніч адказаў:

“Не. Мяркую, ужо няма часу ўсплываць. Сёньня ўжо ідзе барацьба за выжываньне, бо сама дыктатура сябе зжывае”.

Былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў заявіў “Свабодзе”, што падазрае Мікалая Дамашкевіча ў датычнасьці да карупцыі. “Гатовы за гэта зь ім судзіцца”, — кажа Васіль Лявонаў, які сам адбыў больш за два гады паводле абвінавачаньня ў службовых злоўжываньнях.

Васіль Лявонаў лічыць, што сам ён пацярпеў за нязгоду з палітыкай Аляксандра Лукашэнкі, а вось Мікалая Дамашкевіча называе “верным слугой прэзыдэнта”.

Але апошні час, мяркуе Лявонаў, спадар Дамашкевіч страціў давер кіраўніка краіны:

“За страту даверу — вось за што зьнялі. Раней такі давер у яго быў, ён стараўся, дэманстраваў сваю адданасьць. Хаця аднойчы, памятаеце, ён агрызаўся на нарадзе. Вось, можа, і цяпер недзе агрызнуўся?

Але, збольшага, як я разумею, гэта ідзе грызьня ля ног гаспадара. Маглі закласьці, маглі прыдумаць — камусьці гэта цікава. Заўсёды ля трона ідзе грызьня”.

Адрозна ад Міхаіла Марыніча, Васіль Лявонаў не выключае, што праз пэўны час Мікалай Дамашкевіч вернецца на адну з кіроўных пасадаў.

Былы міністар сельскай гаспадаркі нагадаў пра колішняга старшыню Магілёўскага аблвыканкаму Аляксандра Кулічкова — яго пасьля гучнай адстаўкі вярнулі ва ўладу.

Што да зьяўленьня Мікалая Дамашкевіча ў шэрагах апазыцыі, такі варыянт Васіль Лявонаў цалкам выключыў. “Яго туды проста ня пусьцяць”, — лічыць былы міністар.

Размовы пра Мікалая Дамашкевіча як пра добрага кіраўніка сельскай гаспадаркі Менскай вобласьці Васіль Лявонаў не падтрымаў:

“Так, але колькі там Дзяржкантроль знаходзіў прыпісак, гэта ўжо другое пытаньне. Так?”

Васіль Лявонаў, які і Міхаіл Марыніч, не камэнтуе прызначэньня Леаніда Крупца на пасаду старшыні Менскага аблвыканкаму. Абодва спаслаліся на тое, што недастаткова добра ведаюць Крупца.

• Лукашэнка даўно абяцаў “зламаць рогі” Дамашкевічу , 7.06.2007
XS
SM
MD
LG