Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>А.Ярашук: “У Жэнэве скандал з фальсыфікацыямі”</B>


Алесь Дашчынскі, Менск Як адаб’ецца скасаваньне гандлёвых прэфэрэнцыяў Эўразьвязу на беларускай лёгкай прамысловасьці? Пра гэта падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Менску намесьніка старшыні дзяржканцэрну ў вытворчасьці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасьці Анатоля Гурава распытваў наш карэспандэнт.

Сёньня ў Менску намесьнік старшыні канцэрну Анатоль Гураў заявіў, што адмена прэфэрэнцыяў не прывядзе да адчувальных стратаў:



“Знойдзем варыянты. Ёсьць жа квоты ў Эўропу. І калі іх пачнуць уразаць, то будзем шукаць варыянты — куды прадаць. Ёсьць жа яшчэ і не Эўропа. Калі ўзяць Аршанскі льнокамбінат, то ён прадае бальшыню сваёй прадукцыі ў ЗША”.

Памочніца старшыні канцэрну Вольга Якімовіч дадала:

“Вы ведаеце, больш размоваў пра гэтыя прэфэрэнцыі ў Эўропу, чым на самай справе яны даюць для нашых прадпрыемстваў”.

Адмена прэфэрэнцыяў закране пяць буйных прадпрыемстваў галіны.

Сярод іх Баранавіцкае баваўнянае вытворчае аб’яднаньне. Яго экспарт у краіны Эўразьвязу склаў летась амаль 4 мільёны даляраў. Цяпер тут шукаюць магчымасьцяў выйсьці на расейскі рынак.

Паводле прадстаўніка аддзелу маркетынгу прадпрыемства Алега Малышкі, адмена прэфэрэнцыяў пагоршыць экспарт:

“Мы паменшым аб’ёмы адгружанай прадукцыі, бо нашы цэны будуць непрахадныя на эўрапейскім рынку. Гэта моцна па нас ударыць. Валюта ад продажу ў Эўропу ідзе на закуп сыравіны, якой у краіне няма. Калі гэтага ня будзе, то функцыянаваньне прадпрыемства будзе пад вялікім пытаньнем”.

Нагадаем, за сыстэматычнае парушэньне правоў незалежных прафсаюзаў у Беларусі Рада Эўразьвязу вырашыла выключыць краіну з Абагульненай сыстэмы тарыфных прэфэрэнцыяў.

Рашэньне можа ўступіць у сілу 21 чэрвеня.

Заўтра ў Жэнэве падчас сэсіі Міжнароднай арганізацыі працы разгледзяць сытуацыю ў Беларусі. У ёй бярэ ўдзел дэлегацыя афіцыйнага Менску на чале зь віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым.

Там жа знаходзіцца старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:

“Афіцыйная дэлегацыя вельмі прадстаўнічая — 22 чалавекі. Кіруюць ёй Кабякоў і Пяткевіч. Такога яшчэ ніколі не было. Гэта сьведчыць, што выключнае значэньне надаецца з боку афіцыйных уладаў Беларусі.

І тут такую сьвіньню фэдэрацыя падклала ўраду: з фальсыфікацыямі тут такі скандал! Абурэньне такое, што проста шок нават у тых, хто хацеў бы падтрымліваць афіцыйныя беларускія ўлады”.

Нагадаю, што з ініцыятывы лідэра Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леаніда Козіка зьбіралі подпісы ў падтрымку беларускіх уладаў — і тут выявіліся фальсыфікацыі.

Сярод удзельнікаў афіцыйнай дэлегацыі, якая цяпер знаходзіцца ў Жэнэве – намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч і лідэр Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік. Ім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу за ўдзел у фальсыфікацыі мінулых прэзыдэнцкіх выбараў. Да санкцыяў Эўразьвязу далучылася і Швэйцарыя. Гэтыя афіцыйныя асобы могуць, аднак, прыехаць на запрашэньні міжнародных арганізацыяў, сядзібы якіх маюць экстэрытарыяльны статус.
XS
SM
MD
LG