Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія пэрспэктывы ў беларускай нафтавай галіны?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды” (эфір 1 чэрвеня) Удзельнікі: журналістка газэты “Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак і эканаміст Аляксандар Чубрык. З 1 чэрвеня расейскі ўрад павышае на траціну нафтавае мыта. Якія наступствы гэта можа мець для беларускай эканомікі? Ці дапаможа вырашыць праблемы гэтай галіны стварэньне Беларускай нафтавай кампаніі? Як можна пракамэнтаваць затрыманьне кіраўніка канцэрну “Белнафтахім” Бароўскага?

Чым пагражае беларускай эканоміцы павышэньне нафтавага мыта?

Валер Карбалевіч: “Апошнімі гадамі нафтавая галіна была самай прыбытковай у беларускай эканоміцы. Экспарт нафтапрадуктаў, выпрацаваных на двух нафтаперапрацоўчых заводах, быў вельмі значным для беларускага дзяржаўнага бюджэту.

Аднак з новага году, пасьля студзеньскага пагадненьня паміж урадамі Беларусі й Расеі, нафтавая галіна працуе ў новых, больш складаных умовах, там зьявіліся сур’ёзныя праблемы. Увядзеньне расейскім урадам нафтавай мыта, адмова расейскіх кампаніяў ад давальніцкай перапрацоўкі нафты выклікала фінансавы крызіс на беларускіх НПЗ.

З 1 чэрвеня расейскі ўрад павышае на траціну нафтавае мыта. Якія наступствы гэта можа мець для беларускай эканомікі?”

Тацяна Манёнак: “Пра падвышэньне мыта было вядома даўно, таму быў час падрыхтавацца. Увогуле трэба сказаць, што Беларусь імпартуе нафту ніжэй за ўсясьветныя цэны на 100—150 даляраў. І гэтаю перавагаю беларуская эканоміка выдатна карыстаецца.

Пасьля новага году атрымалася, што НПЗ аказаліся бяз грошай, а бюджэт атрымлівае добры прыбытак. Па выніках першага кварталу ён склаў каля 400 мільёнаў даляраў.

Акрамя таго, бюджэт зьбірае значны прыбытак ад продажу нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку. Як вынік, унутраны рынак Беларусі стаў стратным для НПЗ і тых кампаніяў, якія пастаўляюць сюды нафтапрадукты.

Цяпер беларускі ўрад пастанавіў выплачваць субсыдыі нафтавым кампаніям, якія пастаўляюць нафту на нашы НПЗ. Але гэта прынцыпова не палепшыць фінансавай сытуацыі НПЗ.

Зьвяртаю ўвагу, што мыта падвышаецца ня толькі на імпартаваную ў Беларусь нафту, але і на экспартаваныя зь Беларусі нафтапрадукты. Урэшце бюджэт ад гэтых зьменаў выйграе, а НПЗ прайграюць”.

Аляксандар Чубрык: “За тры месяцы бюджэт перавыканаў гадавы плян збору мыта. Расейскае мыта прывязанае да ўсясьветных коштаў на нафту і нафтапрадукты, таму яно і падвышаецца. У выніку беларускія НПЗ вымушаныя прасіць грошы ў дзяржавы”.

Ці вырашыць праблемы нафтавай галіны стварэньне Беларускай нафтавай кампаніі?

Карбалевіч: “З-за крызісу сыстэмы давальніцкай перапрацоўкі нафты перад беларускімі НПЗ узьнікла неабходнасьць купляць нафту для перапрацоўкі за свае грошы, якіх у іх няма.

Дзеля вырашэньня гэтай праблемы беларускія ўлады ствараюць Беларускую нафтавую кампанію (БНК), якая павінна прыступіць да працы з 1 ліпеня. Навошта ствараецца гэтая структура? Ці зможа яна вырашыць праблемы, зь якімі не дала рады НПЗ?”

Манёнак: “Паводле маіх зьвестак, у чэрвені сытуацыя з давальніцкай нафтай палепшылася. Вяртаюцца на беларускі рынак расейскія кампаніі “Лукойл” і “Славнафта”.

Таму што, па-першае, спрацавалі дзяржаўныя субсыдыі, якія беларускія ўлады плацяць расейскім давальцам. Па-другое, экспартаваць з Расеі сырую нафту менш выгадна, чым перапрацаваныя ў Беларусі нафтапрадукты. Па-трэцяе, шэраг расейскіх кампаніяў маюць у Беларусі сетку аўтазаправачных станцыяў, таму вымушаныя забясьпечваць іх таварам.

Наконт стварэньня БНК размова ідзе ўжо два гады. Нельга параўноўваць БНК зь Беларускай калійнай кампаніяй, як гэта часам робяць. Гэта некарэктна, бо апошняя займаецца толькі экспартам калійных угнаеньняў.

А БНК будзе купляць нафту, яе перапрацоўваць і потым прадаваць на ўсясьветных рынках. А гэта зусім іншая рэч.

БНК створаная ў форме закрытага акцыянэрнага таварыства. Галоўная доля ў ім прадпрыемства “Беларусьнафта”. Адзін чыноўнік мне сказаў, што калі запрацуе БНК, то сыстэма давальніцкай перапрацоўкі нафты зьнікне. Бо няма сэнсу даваць дзяржаўную субсыдыю чужым кампаніям. Калі ўжо яе плаціць, то лепш сваім.

Але для эфэктыўнай працы ў гэтай сфэры патрэбны добры досьвед, якога БНК ня мае. Калі яна будзе працаваць прафэсійна, то, магчыма, будзе эфэктыўнейшая за давальніцкія схемы. Пакуль месца кіраўніка БНК вакантнае.

Калі кошт імпартнай нафты дасягне ўсясьветных цэнаў, узьнікне пытаньне пра эфэктыўнасьць экспарту нафтапрадуктаў зь Беларусі ў такіх аб’ёмах. Бо эфэктыўнае плячо транспартыроўкі складае ня больш за 500—600 кілямэтраў. А ў нас гэтая лічба ўдвая большая”.

Чубрык: “Мне гэтая кампанія нагадвае сваёй ідэяй дзейнасьць украінскай кампаніі “Росукрэнэрга”. То бок атрымліваць бюджэтныя субсыдыі й перапрадаваць нафту ў нейкім непразрыстым рэжыме.

Беларускія ўлады ня пойдуць на зьніжэньне перапрацоўкі нафты ў краіне, бо гэта прывядзе да зьмяншэньня паступленьня валюты ў Беларусь. Гэта такі спосаб вяртаньня грошай зь бюджэту на НПЗ з дапамогай гэтай БНК”.

Карбалевіч: “А навошта такая пасярэдніцкая структура? Чаму не выдзяляць грошы для НПЗ зь бюджэту наўпрост?”

Чубрык: “Тут дзейнічаюць карпаратыўныя інтарэсы, нафтавае лобі ды іншае. Да гэтага году, калі нафтадаляраў было вельмі шмат, многія чыноўнікі з гэтага карміліся.

Цяпер аб’ём сродкаў, зь якіх можна карміцца, істотна зьменшыўся. І стварэньне БНК — гэта спроба неяк кампэнсаваць страты”.

Манёнак: “З стварэньнем БНК больш эфэктыўнай стане лягістыка. Аб’емы пакупкі й продажу будуць большыя, і таму атрымаецца эканомія”.

Чубрык: “Цалкам магчыма, што будзе ставіцца пытаньне аб прыватызацыі НПЗ”.

Чаму затрымалі кіраўніка канцэрну “Белнафтахім” Бароўскага?

Карбалевіч: “Вось наконт кармленьня й транспарэнтнасьці. У рамках крымінальнай справы быў затрыманы кіраўнік канцэрну “Белнафтахім” Бароўскі і шэраг іншых грамадзянаў, бізнэсоўцаў. Экспэрты шмат казалі, што ў нафтавай галіне дзейнічаюць “шэрыя”, непразрыстыя схемы, на якіх зарабляюць чыноўнікі.

Нагадаю, што колькі гадоў таму быў асуджаны дырэктар Наваполацкага НПЗ “Нафтан” Часнавіцкі. Ці зьвязаныя новыя затрыманьні з сытуацыяй у нафтавай галіне, якая склалася ў 2007 годзе?”

Манёнак: “Цяжка камэнтаваць гэтае затрыманьне, ня маючы дакладнай інфармацыі. Пасьля суду над Часнавіцкім канцэрн “Белнафтахім” стварыў празрыстую схему продажу нафтапрадуктаў праз электронную біржу. Спадар Бароўскі ня меў дачыненьня да разьмеркаваньня квотаў нафтавых.

Іншая рэч, што Бароўскі адказвае пэрсанальна за невыкананьне плянаў выпуску прадукцыі, прыцягненьня інвэстыцыяў. Акрамя таго, Бароўскі крытыкаваў урад і называў непрафэсійнымі дзеяньні тых людзей, якія падпісвалі нафтавае пагадненьне ў студзені.

Некаторыя кажуць, што магчымыя некаторыя злоўжываньні пры гандлі буйнагабарытнымі шынамі”.

Чубрык: “Найперш мушу адзначыць, што спадар Бароўскі не вінаваты ў той сытуацыі, якая склалася ў нафтаперапрацоўцы. У такой непразрыстай галіне, як нафтахімія і нафтаперапрацоўка, любы кіраўнік ходзіць пад пагрозай крымінальнай справы.

Магчыма, кіраўніцтва дзяржавы робіць комплексную рэструктурызацыю ўсяго сэктару нафтаперапрацоўкі. І ў рамках гэтага робіцца рэструктурызацыя кадраў. Проста так зьняць з працы, відаць, праблемна, таму гэта робіцца такім чынам”.
XS
SM
MD
LG