Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАП прыме канчатковае рашэньне адносна прэфэрэнцыяў для Беларусі


Ігар Карней, Менск 7-8 чэрвеня падчас сэсіі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) заплянавана заслухаць “беларускае пытаньне”. Будзе агучанае канчатковае рашэньне адносна рэжыму гандлёвых прэфэрэнцый для Беларусі з краінамі Эўразьвязу.

Напярэдадні ў Швэйцарыю выправілася ўрадавая дэлегацыя на чале зь віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым і намесьніцай кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальляй Пяткевіч. У Жэнэве знаходзяцца таксама лідэры Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) Леанід Козік і Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук.

На падставе фактаў сыстэматычных парушэньняў правоў незалежных прафсаюзаў у Беларусі Рада Эўразьвязу прыняла рашэньне аб выключэньні краіны з Абагульненай сыстэмы тарыфных прэфэрэнцый, якое мусіць набыць моц 21 чэрвеня. Тэарэтычна Беларусь яшчэ можа пазьбегнуць санкцый, калі ўрадавая дэлегацыя на чале зь віцэ-прэм’ерам Кабяковым заявіць пра намер неадкладна пачаць выконваць рэкамэндацыі МАПу. Аднак, як лічыць старшыня БКДП Аляксандр Ярашук, шанцы на станоўчы вынік у гэтай сытуацыі для Беларусі невялікія.

А. Ярашук: “Агіткампанія ФПБ правалілася”

Адна з прычынаў, паводле суразмоўцы – скандал, у эпіцэнтар якога трапіла ФПБ. Напярэдадні прафсаюзнага саміту кіраўніцтва Фэдэрацыі абвясьціла кампанію супраць скасаваньня прэфэрэнцый Радай Эўропы: маўляў, у Беларусі няма парушэньняў правоў прафсаюзаў, а ўсе абвінавачаньні носяць надуманы характар. Потым зьявіліся пісьмовыя звароты да нацыянальных прафсаюзных аб’яднаньняў, а неўзабаве быў пачаты і збор подпісаў. Кампанія азмрочылася заявай старшыні Міжнароднага аб’яднаньня прафсаюзаў мэталістаў Мікалая Шатохіна. 1 чэрвеня ён заявіў, што арганізацыя ня мае ніякага дачыненьня да подпісаў пад дакумэнтамі ФПБ.

“Гэта ўсё нагадвае чэхаўскі сюжэт, калі ўнтэр-афіцэрская ўдава сама сябе высекла ў выніку, – гаворыць Аляксандр Ярашук, – Таму што падбухторылі і абавязалі Фэдэрацыю распачаць гэтую кампанію, канечне, ва ўрадзе (пад урадам мы разумеем ўладу ўвогуле). Натуральна, гэта яны прапісалі абзац аб тым, што ў дзяржаве няма ніякіх парушэньняў правоў, а абвінавачаньні маюць надуманы характар. Не аддаючы тым самым належнага таму, што калі яны ў такім выпадку самі лічаць, што гэта “надумана”, то яны не зьбіраліся і не зьбіраюцца выконваць рэкамэндацыі МАП па-сапраўднаму. Гэта відавочная выснова, якую можа кожны разумны чалавек зрабіць. І вось гэтае глупства, што адбываецца, настолькі дыскрэдытуе і сам урад, і фэдэрацыю, што, з майго гледзішча, хавае апошнія надзеі на тое, што яшчэ можна нейкім чынам пазьбегнуць скасаваньня прэфэрэнцый”.

Л.Козік: “БКДП дайшоў да цынізму”

І хоць кангрэс працуе ўжо тыдзень, кіраўніцтва ФПБ на форум да ўчорашняга дня не сьпяшалася. Маё пытаньне – ці магчыма, што “невыязнога” Козіка папросту не запрасілі ў Жэнэву? – выклікала ў кіраўніка афіцыйных прафсаюзаў абурэньне:

“Што? Нас заўсёды запрашаюць, вы дарэмна так, ня трэба так жартаваць. І што ўвогуле з таго, што пачалі працу бяз нас? Што далей?... Значыць, так: Жэнэва працуе да 15 чэрвеня (ад 28 траўня). І калі ехаць і знаходзіцца там тры тыдні, то гэта абсалютна ня мае сэнсу. Гэта могуць такую раскошу сабе дазволіць нашы так званыя... ну, скажам, іншыя прафсаюзы. У іх ёсьць на гэта грошы, камандзіровачныя, ёсьць чым плаціць за гатэль. А мы ня можам сабе такія выдаткі дазволіць. Таму выбіраем тыя кропкавыя моманты, калі трэба там прысутнічаць. І тады я асабіста і буду прысутнічаць”.

Усе абвінавачаньні ў махінацыях з подпісамі Леанід Козік абвяргае і кажа, што ініцыятывы ФПБ перасьледуюць адну мэту – клопат пра чалавека працы ды інтарэсы беларускіх прадпрыемстваў:

“Абсалютна няправільна робіць БКДП, калі даходзіць да якогасьці цынізму. Гэта нават не цынізм, а хлусьня, перамешаная з абразай. Я маю на ўвазе, калі яны расказваюць, што гэта мы нібыта па загаду ўладаў робім і г.д. Я, як на духу, магу сказаць: гэта мая прыватная ініцыятыва, асабіста я гэта прыдумаў і ні з кім ня раіўся, таму што мы ніколі ня раімся. Мы – сапраўды свабодная арганізацыя. Мы разгарнулі кампанію і што ўбачылі? Людзі, якія працуюць на прадпрыемствах, бачаць сутнасьць і разумеюць: навошта нам пазбаўляцца грошай? Ідэя ФПБ сыходзіла толькі з аднаго: трэба зрабіць любыя крокі, любыя спробы ўжыць, каб пазьбегнуць гэтых магчымых стратаў. Таму што гэта грошы прадпрыемстваў, гэта ж не мае, не Ярашука, ня ўраду нават грошы. Гэта сродкі канкрэтных прадпрыемстваў, якія пастаўляюць туды прадукцыю”.

Паводле падлікаў БКДП, у выніку скасаваньня тарыфных прэфэрэнцый для Беларусі эканоміка краіны будзе штогод недаатрымліваць блізу паўмільярду эўра. Учора намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка заявіў, што ў выпадку прыняцьця рашэньня на скасаваньне прэфэрэнцый Беларусь “будзе вымушаная прыняць сустрэчныя захады датычна прадукцыі з Эўразьвязу”.

• Афіцыйныя прафсаюзы спалохаліся санкцыяў , 25.05.2007 • Эўропа не мяняе прэфэрэнцыі на вызваленьне Севярынца і Статкевіча , 23.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG