Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа. 6 чэрвеня


Севярын Квяткоўскі, Менск У Беларускім сеціве блукае Севярын Квяткоўскі.

На сайце “Политобоз” абмяркоўваюць артыкул расейскага аналітыка Андрэя Суздальцава, якія прагназуе бліжэйшыя пэрспэктывы разьвіцьця беларускай эканомікі. Аўтар прыходзіць да высновы, што ў кіраўніцтва Беларусі ёсьць два варыянты. Першы – выціснуць зь беларускай эканомікі ўсе магчымыя фінансавыя рэсурсы, але нерэфармаваная эканоміка можа надарвацца ў 2008 годзе. Другі – абвесьціць новую эканамічную палітыку (НЭП) дзеля ўваходу ў рынкавыя адносіны з галоўнымі эканамічнымі партнэрамі. Камэнтары:

”Беларуская эканамічная мадэль трымалася коштам перапродажы расейскага газу на ўнутраны рынак, і нафты на зьнешні. Гэта дазваляла мець 5-7 мільярдаў прыбытку. З пабудовай трубаправоду ў абыход Беларусі прыбытку ня будзе. А гэта – “труба”;

“Беларускі эканамічны холдынг” здатны адэкватна рэагаваць на ўсе рызыкі. Зьнешняя запазычанасьць дазваляе яшчэ доўга пазычаць”;

“Я ня бачу эвалюцыі беларускага грамадзтва, пакуль толькі дэградацыя”.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць заяву старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Зянона Ломаця пра тое, што Фінансавая выведка Камітэта фінансавых расьследваньняў стала больш актыўна адсочваць незаконныя фінансавыя апэрацыі беларусаў за мяжой. Камэнтары:

“А можа наадварот, шукаюць дзе больш выгадна і бясьпечна схаваць (фінансы)?”;

“Яшчэ крыху, і рахункі Буша арыштуюць”;

“Можа хтосьці “абшчак” скраў, і цяпер шукаюць?”

Блогер silverrebel у сваім дзёньніку адгукаецца на тое, што Аляксандар Лукашэнка ў Полацку 5 чэрвеня “за ўвагу да дапамогі ў аднаўленьні срэбнай ракі для мошчаў сьвятой Эўфрасіньні, ігуменьні Полацкай” атрымаў узнагароду. Ордэн “Сьвятога Ўладзімера” кіраўніку краіны ўручыў мітрапаліт менскі і слуцкі Філарэт. Silverrebel піша: “Таго самага кн. Уладзіміра, як захапіў Полацк, забіў полацкага князя Рагвалода і згвалціў полацкую князёўну Рагнеду...” Камэнтары:

“Аднак, потым той Уладзiмір пакаяўся ды прыняў манаскi пострыг i iмя Васiлiй”;

“Як кажуць, “заслуженная награда нашла героя”;

“Падумалася, калі яшчэ Паўлічэнку ўзнагародзілі”.

Гомельскі літаратар Сяргей Балахонаў у сваім блогу пад цэтлікам “Анталёгія беларускай лірыкі” зьмяшчае запіс сваёй дэклямацыі вершу Ўладзімера Караткевіча “Сумесь Бураціна з Аэлітай”:

Сумесь Бураціна з Аэлітай, Зорка незгасальная ў акне, Сумная, прыгожая, забытая, Ўвечар ты прыходзіш да мяне. Сьмешная і нібыта заспаная, Пад пяшчотаю маёй маўчыш, А пасьля аддана і рахмана Засынаеш на маім плячы. І малю я сонца, неба, корсту: Хай яна палаюць над табой, Над тваёй былою крыўдай жорсткай, Вечныя – пяшчота і любоў. Хай не будуць да цябе суровыя, На ласкавы пакладуць пясок, Горы вечныя ўзьнясуць ў галовах, Ўсьпеняць мора добрае ля ног, Нагадуюць цёплай ласкі хлебам, Сьцішаць успамінаў злых прыбой.

І тады я стану вечным небам, Сінім вечным небам над табой.

[19 сакавіка 1967 г.]

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG