Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Шынкарык: “Клімаў наконт здароўя перабольшваць ня будзе”


Алег Грузьдзіловіч, Менск “Спробай палітычнага забойства неўпадабанага палітыка” назвала Аб’яднаная грамадзянская партыя сытуацыю вакол палітвязьня Андрэя Клімава. Ён трапіў у турэмны шпіталь з хворым сэрцам.

Тое, што здароўе Андрэя Клімава не палепшала пасьля зьмяшчэньня яго ў турэмны шпіталь, стала вядома з апошняга ліста палітыка свайму сябру і паплечніку з Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігару Шынкарыку.

Я папрасіў Ігара Шынкарыка працытаваць ліст Андрэя Клімава:

“Чытаю даслоўна. “Дарагі Ігар, дзякуй за добрыя словы і падтрымку. Ужо тыдзень я пакутую ад сардэчных боляў у шпіталі на Кальварыйскай. Прагрэсу не назіраецца. Здароўе сапсаванае канчаткова. Падазраю, што сардэчнымі прыступамі не закончыцца. Да таго ж стрымаць сваю нэрвовую сыстэму ўдаецца зь вялікімі цяжкасьцямі, і гэта пагаршае стан”.

Ігар Шынкарык цалкам давярае зьвесткам свайго сябра і мяркуе, што трэба нешта тэрмінова рабіць, каб уратаваць Андрэя Клімава:

“Ведаю яго даўно і разумею, што ён не згушчае фарбаў. Калі ён гэтак піша, то гэта сапраўды так. Раней ён ніколі ня скардзіўся. Ані калі сядзеў першы раз, ані калі быў на “хіміі”.

У сваёй адмысловай заяве, распаўсюджанай 6 чэрвеня, кіраўніцтва АГП патрабуе тэрмінова вызваліць Андрэя Клімава.

АГП таксама заяўляе, што адказвае за палітыка — ён ня зьедзе з краіны і дасьць магчымасьць завяршыцца сьледзтву паводле ягонай справы.

Нагадаю, Андрэй Клімаў быў арыштаваны 3 красавіка і зьмешчаны ў Менскі сьледчы ізалятар. Апазыцыянэра абвінавацілі ў распаўсюджваньні праз інтэрнэт заклікаў скінуць уладу.

Вядома, што сваёй віны Андрэй Клімаў не прызнае.

У канцы траўня стала вядома, што Андрэй Клімаў у ізалятары перанес сардэчны прыступ, і яго перавялі ў турэмны шпіталь. Там палітык даведаўся, што тэрмін утрыманьня пад вартай працягнулі яшчэ на тры месяцы.

З ранейшых лістоў Клімава сваякам вядома, што сьледчых дзеяньняў зь ягоным удзелам ужо болей як месяц не вядуць.

Сёньня ў менскім турэмным шпіталі адмовіліся паведаміць, як пачуваецца Андрэй Клімаў. Раней начальнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Уладзімер Коўчур сказаў карэспандэнту “Свабоды”, што “ня мае зьвестак пра стан здароўя Клімава”.

Андрэй Клімаў трэці раз патрапіў у турму. Раней ён адбыў чатыры гады ў калёніі паводле абвінавачаньня ў эканамічным злачынстве і болей за год на “хіміі” за арганізацыю акцыі пратэсту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG