Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Натан Шаранскі: “Мы вяртаем пытаньне дысыдэнтаў на першае месца”


Радыё Свабода Двухдзённая праская канфэрэнцыя, якая была першым пунктам эўрапейскага турнэ прэзыдэнта ЗША Джоржа Буша, вызначыла свае прыярытэты ў назве: "Дэмакратыя і бясьпека".

У канфэрэнцыі бралі ўдзел шэраг вядомых палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў з розных краінаў сьвету, у тым ліку прадстаўнік беларускай дэмакратычнай апазыцыі Аляксандр Мілінкевіч.

У сваёй прамове прэзыдэнт Буш некалькі разоў згадваў Беларусь у шэрагу найгоршых дыктатураў сьвету. Паводле амэрыканскага лідэра, цяпер “роля свабоднага сьвету – ціснуць на рукі тыранаў і умацоўваць вязьняў, якія спрабуюць прысьпешыць канец тыраніі”. Таму, нягледзячы на скасаваньне шэрагу пунктаў дзяржаўнага візыту Джорджа Буша ў Чэскую рэспубліку, сустрэча з прадстаўнікамі Беларусі адбылася.

Савецкі дысыдэнт, а пазьней сябра трох складаў ізраільскага ўраду і дэпутат парлямэнту, Натан Шаранскі быў адным зь ініцыятараў і арганізатараў Праскай канфэрэнцыі.

Шаранскі нарадзіўся ва Ўкраіне і быў вядомы ў СССР як Анатоль Шчаранскі. Ён правёў дзевяць гадоў у турмах за палітычную дзейнасьць. У Ізраіль ён эміграваў пасьля свайго вызваленьня ў 1986 годзе. Палітолягі адзначаюць, што яго кніга “У абарону дэмакратыі” аказала значны ўплыў на амэрыканскую зьнешнюю палітыку.

Прэзыдэнт Буш асабіста сустракаўся з аўтарам пасьля выхаду кнігі. Натан Шаранскі выказаў Свабодзе сваё меркаваньне наконт навукі з посьпехаў і правалаў дэмакратычных пераўтварэньняў ва Ўсходняй Эўропе:

"Я лічу галоўнай навукай тое, што ніхто ня можа нікому навязаць свабоду, але можна навязаць дыктатуру, падтрымліваючы дыктатараў. Палітыка разрадкі і ўлагоджаньня дыктатараў, праводжаная свабодным сьветам, не пакідала ніякай надзеі народам былога СССР жыць у свабодзе. І калі гэтая палітыка была спыненая, магчымасьці для барацьбы за дэмакратыю сталі рэальнымі. Цяпер ёсьць першыя знакі таго, што свабодны сьвет зразумеў: падтрымка дыктатараў у далёкай пэрспэктыве супярэчыць яго ўласным інтарэсам. Гэта натхняе людзей надзеяй".

Учорашняя канфэрэнцыя “Дэмакратыя і бясьпека", якая прайшла з удзелам сусьветна вядомых дысыдэнтаў, прыняла так званы Праскі дакумэнт, які заклікае заходнія краіны ізаляваць рэжымы, што не датрымліваюць правы чалавека.

Дакумэнт ня мае афіцыйнага характару, бо яго не падпісвалі дзейныя кіраўнікі краінаў ці ўрадаў. У дзесяці пунктах Праскага дакумэнту ўтрымліваецца зварот да дэмакратычных урадаў не супрацоўнічаць з тымі ўрадамі, якія здушваюць сваіх унутраных апанэнтаў шляхам сілы, перасьледу ці запалохваньня.

У сувязі з прыняцьцём такой рэзалюцыі наш карэспандэнт папрасіў Натана Шаранскага пракамэнтаваць частыя абвінавачаньні наконт падвойных стандартаў, што нібыта прымяняюць Эўропа і Злучаныя Штаты пры сваіх дачыненьня , напрыклад, з Кітаем, Савудаўскай Арабіяй ці іншымі недэмакратычнымі рэжымамі, ставячы эканамічныя інтарэсы вышэй за правы чалавека.

Натан Шаранскі зазначыў:

“Гэтая дваістасьць існавала практычна ўвесь час. Яна ніколі не перапынялася. Пытаньне ў прапорцыі: або ў вашых дачыненьнях з такімі краінамі вы робіце галоўны націск на патрабаваньнях палепшыць сытуацыю з правамі чалавека і вызваліць дысыдэнтаў, або гэта будзе апошнім момантам у вашых дачыненьнях, а першым, натуральна, будзе – як мець найбольш выгодаў і прыбытку. Мы змагаемся якраз за тое, каб зрабіць пытаньне правоў чалавека і лёсу дысыдэнтаў першым на парадку дня ў міжнародных дачыненьнях. На працягу апошніх гадоў мы сапраўды маем тут некаторыя адступленьні. Прэзыдэнт Буш вярнуў тэму дэмакратыі ў цэнтар сусьветнай увагі і мы цяпер робім усё, каб іншыя лідэры вольнага сьвету рабілі тое самае.”
XS
SM
MD
LG