Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Мілінкевіч: раскол апазыцыі – натуральны


Радыё Свабода На другі дзень канфэрэнцыі "Дэмакратыя і бясьпека", якая працавала ў Празе 5 і 6 чэрвеня, адзін зь лідэраў беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч даў інтэрвію Радыё Свабода.

Радыё Свабода: Цяпер назіраецца пагаршэньне адносінаў паміж Беларусьсю і Расеяй. Ці не атрымала беларуская апазыцыя новыя магчымасьці на тле гэтага канфлікту?

Мілінкевіч: Я думаю, што ў Расеі стаўленьне да нашай краіны адназначнае. Для большасьці расейскіх палітыкаў вельмі важна пакінуць Беларусь у сфэры свайго ўплыву – палітычнага, эканамічнага. І адсюль вынікае тое, што Расея робіць – яна то закручвае газавы кран, то адкручвае, нагадваючы, што Беларусь залежная. Кран адкручваюць, калі Беларусь пачынае браць у Расеі крэдыты і аддаваць іх з дапамогай сваёй уласнасьці. Вядома, Расея можа быць саюзьнікам у барацьбе з дыктатурай, бо, падобна, што Лукашэнка там большасьці палітыкаў надакучыў. Але я думаю, што ў Расеі і ў нашай дэмакратычнай апазыцыі розныя мэты. Наша мэта – вольная дэмакратычная Беларусь, якая вялікай стратэгічнай мэтай ставіць інтэграцыю ў Эўропу. Таму ў стратэгічным пляне – мэты розныя. Але яшчэ раз хачу сказаць, што Беларусь абавязана мець добрасуседзкія раўнапраўныя дачыненьні з Расеяй, але мы прынцыпова стаім на тым, што наша краіна павінна застацца незалежнай дзяржавай.

Радыё Свабода: Што насамрэч стаіць за расколам у беларускай апазыцыі – гэта натуральныя працэсы або інтрыгі?

Мілінкевіч: Вядома, гэта розныя погляды на стратэгію; яны – розныя ў розных лідэраў. Апрача таго, у Беларусі цяпер ідзе барацьба ня толькі за свабоду, але і за захаваньне незалежнасьці. У розных палітычных лідэраў – розны погляд на геапалітычны выбар нашай краіны. Некаторыя глядзяць на ўсход, а некаторыя глядзяць на захад. Некаторыя кажуць, што незалежнасьць – гэта ня самая вялікая каштоўнасьць, а для мяне – гэта сьвятое. І вядома, мы розныя. Калі мы аб''ядналіся падчас прэзыдэнцкіх выбараў, мы казалі: цяпер не глядзім на плятформы, цяпер не гаворым аб геапалітычным выбары, цяпер не гаворым, якой Беларусь будзе пасьля. А гаворым, што мы павінны зьмяніць сытуацыю, зьнішчыць дыктатарскі рэжым. І гэта нармальна, што такія шырокія палітычныя кааліцыі, як было ў нас, у пэрыяд паміж палітычнымі кампаніямі, разьбіваюцца на часткі. Мы ўсё роўна будзем супрацоўнічаць, мы ня ворагі, і я ня бачу трагедыі. Гэта натуральна, бо шырокія кааліцыі – часта штучныя, часта гэта толькі імітацыя салідарнасьці. Я думаю, сёньня натуральна быць у групах з рознымі поглядамі, якія супрацоўнічаюць паміж сабой.

Радыё Свабода: Што вы можаце сказаць аб дапамозе былых камуністычных краінаў дэмакратычным сілам у Беларусі?

Мілінкевіч: У гэтых краінах, як нідзе, разумеюць нашы праблемы. Сапраўды, сытуацыя у нас нагадвае апошнія гады камунізму ў іх. Яны вельмі добра разумеюць, што такое гвалт, што такое турма, што такое застацца бяз працы. Яны ня толькі зьяўляюцца вельмі моцнымі памочнікамі (ёсьць вельмі важныя праграмы падтрымкі рэпрэсаваных студэнтаў – у Польшчы, Чэхіі, Украіне, Літве, Эстоніі, Латвіі). Яны яшчэ зьяўляюцца нашымі пасламі ў Старой Эўропе. Бо там не заўсёды ведаюць і разумеюць, што такое жыць у грамадзтве страху.

• Мілінкевіч: Буш казаў, што Беларусь застаецца ў цэнтры ўвагі ЗША , 5.06.2007
XS
SM
MD
LG