Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паразумеюцца Джордж Буш і Ўладзімір Пуцін?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Cёньня ў нямецкім курортным мястэчку Гайлігендам распачынае працу саміт “вялікай васьмёркі”. Галоўныя тэмы форуму – барацьба з глябальным пацяпленьнем і дапамога Афрыцы. Аднак, відавочна, што апошняе ўскладненьне стасункаў паміж ЗША і Расеяй паўплывае на характар дыскусіяў.

І палітыкі, і аналітыкі асабліва ня цешаць сябе чаканьнем нейкіх вельмі важных пагадненьняў паміж лідэрамі васьмі найбольш разьвітых краінаў сьвету ў праблемах глябальнага пацяпленьня ці дапамогі Афрыцы.

Найбольшую ўвагу выклікае прызначаная на чацьвер 7 чэрвеня сустрэча сам-насам прэзыдэнтаў ЗША і Расеі. Найперш яны абмяркуюць пляны разьмяшчэньня элемэнтаў амэрыканскай супрацьракетнай абароны ў Польшчы і Чэхіі, якія выклікаюць рэзка адмоўную рэакцыю Масквы.

Учора ў Празе пасьля перамоваў з чэскім кіраўніцтвам Джордж Буш заявіў:

“Я зь нецярпеньнем чакаю гутарак з прэзыдэнтам Пуціным, ня толькі на саміце “вялікай васьмёркі”, але і ў Злучаных Штатах, калі ён прыедзе, і я яму скажу: “Уладзімір – я называю яго Уладзімірам – ня трэба баяцца супрацьракетнай сыстэмы. І чаму б нам не супрацоўнічаць у гэтай справе?”

Адначасна Джордж Буш рэзка выказаўся адносна разьвіцьця дэмакратыі ў Расеі:

“У Расеі адбыўся адкат ад рэформаў, якія былі пакліканыя даць уладу народу, і гэта нэгатыўна паўплывала на разьвіцьцё дэмакратыі. Адна з умоваў добрых стасункаў – гэта здольнасьць гаварыць адкрыта пра нашы нязгоды. Мы будзем працягваць будаваць нашы стасункі з Расеяй і Кітаем, але не адступім ад нашых прынцыпаў ці нашых каштоўнасьцяў”.

Уладзімір Пуцін таксама апошнімі днямі абвастрыў сваю рыторыку. Ён заявіў журналістам, што Злучаныя Штаты цалкам нясуць адказнасьць за зьмену “ўсёй канфігурацыі міжнароднай бясьпекі”. Масква цьвердзіць, што пляны ЗША ў разьмяшчэньні элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Эўропе ўяўляюць пагрозу Расеі. Вашынгтон пераконвае, што шчыт мае на мэце абарону ад краінаў-ізгояў.

Гаспадыня саміту канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заклікала ўсе бакі да канструктыўных дыскусіяў. Чакаецца, што сёньня яшчэ да афіцыйнага адкрыцьця саміту Мэркель сустрэнецца паасобку з Бушам і з Пуціным.

Тым часам заходнія інфармацыйныя агенцтвы паведамляюць, што тысячы антыглябалістаў спрабуюць прабіцца ў мястэчка, дзе адбываецца саміт. У паліцыянтаў ляцяць камяні. Узмоцненыя паліцэйскія сілы выкарыстоўваюць сьлезацечны газ і вадамёты. Паведамляецца, што ёсьць параненыя. Тысячы іншых дэманстрантаў блякуюць дарогі ад лётнішча да Гайлігендаму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG