Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: “Галоўнае, каб усе жылі мірна”


Міхал Карневіч, Горадня Якую праблему вы лічыце найбольш вострай у сучасным сьвеце? З такім пытаньнем да мінакоў на вуліцах Горадні зьвяртаўся наш карэспандэнт.

Дзяўчына: “Думаю, што вельмі важная праблема — глябалізацыя сьвету. У Нямеччыне цяпер супраць гэтага выступаюць маладыя людзі з усяе Эўропы. Я да іх далучаюся”.

Спадар: “Праблема тэрарызму. Як ні паглядзіш навіны, дык абавязкова паведамленьне пра тое, як некага ўзарвалі альбо падклалі бомбу. Я сам працую на чыгунцы й добра ведаю, як у нас падкладаюць бомбы. А навошта гэта яны робяць...”

Дзяўчына: “Праблема міру й адсутнасьці вайны. Таму што цяпер шмат краінаў знаходзяцца ў стане варожасьці, і дастаткова зусім мала, каб нешта пачалося”.

Спадар: “Галоўнае, каб быў мір ва ўсім сьвеце. Гэта самае галоўнае. І яшчэ вельмі хацелася б, каб на зямлі было меней бедных людзей”.

Хлопец: “На мой погляд, самая галоўная праблема — мір ва ўсім сьвеце”.

Спадар: “Напэўна, экалягічная праблема, мне так здаецца. Вось хаця б на прыкладзе надвор’я: гэта анамальная сьпёка напрыканцы вясны... Гэта зусім не ўласьціва нашым шыротам. А ў выніку мы бачым розныя буры, смэрчы, якіх раней у Беларусі не было. Таму, мне здаецца, гэта галоўнае, што павінны цяпер людзі абмяркоўваць у глябальным маштабе”.

Спадар: “Ой, не, не магу вам адказваць, а то мяне яшчэ з працы пагоняць”.

Спадарыня: “Паняцьця ня маю, не разьбіраюся я ў гэтым”.

Хлопец: “Важныя дзьве праблемы: экалягічная й праблема ўсясьветных рэсурсаў, нафты й газу. З-за гэтага ў сучасным сьвеце найчасьцей узьнікаюць ваенныя канфлікты”.

Дзяўчына: “Праблема бясьпекі нашага сьвету. Гэта трэба вырашаць у першую чаргу, каб прадухіліць глябальныя катастрофы”.

Дзяўчына: “Вельмі востра стаіць праблема ўзбраеньня. Палітыка ЗША адносна Іраку й Ірану мне не падабаецца. Гэта трэба вырашаць у першую чаргу”.

Дзяўчына: “Самае галоўнае, каб усе жылі мірна й было менш войнаў”.

Хлопец: “Мне здаецца, што асноўная праблема — непаразуменьне паміж людзьмі й цэлымі народамі. Кожны народ імкнецца вызначыцца нейкім чынам, а гэта дае падставу для канфліктаў”.

Спадарыня: “Заўсёды на першым пляне стаяла праблема вайны й міру, так і застаецца. У мяне цяпер сын дарослы, хутка пойдзе ў войска — я хвалююся. Мой бацька ваяваў, муж, калі ішоў у войска, таксама хвалявалася, бо была вайна ў Аўганістане. А жыць хочацца спакойна, без хваляваньняў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG