Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Эўрапейская палітыка Буша: чаго чакаць Беларусі?</B>


Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Прага-Менск У Празе адбылася канфэрэнцыя “Дэмакратыя і бясьпека”, у якой удзельнічала шмат вядомых палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў з розных краінаў сьвету, у тым ліку і адзін зь лідэраў беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч. На канфэрэнцыі выступіў прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, у кулюарах канфэрэнцыі ён сустрэўся са спадаром Мілінкевічам, у сустрэчы ўдзельнічалі таксама дачка Аляксандра Казуліна Вольга і кіраўніца руху “Мы памятаем” Ірына Красоўская.

Карэспандэнтка: “Наколькі важнай вам падаецца гэтая сустрэча?”

Дракахруст: "На мой погляд, гэтая сустрэча мае найперш сымбалічны характар, яна сымбалізуе, што сытуацыя ў Беларусі не застаецца па-за ўвагай Злучаных Штатаў. Гэта пацьвярджае і выступ прэзыдэнта ЗША на канфэрэнцыі – ён двойчы прыгадаў Беларусь; сьпіс палітвязьняў, вызваленьня якіх ён запатрабаваў, ён таксама пачаў зь імя Аляксандра Казуліна, адзначыўшы пры гэтым, што дачка аднаго з гэтых вязьняў знаходзіцца сярод удзельнікаў канфэрэнцыі. Гледзячы па ўсім, ён меў на ўвазе менавіта Вольгу Казуліну.

Разглядаючы гэтую сустрэчу ў кантэксьце беларускіх унутрыапазыцыйных падзеяў, варта адзначыць, што нягледзячы на зьмены, якія адбыліся на Кангрэсе дэмсілаў, прэзыдэнт ЗША сустрэўся менавіта зь Мілінкевічам як з прадстаўніком беларускай апазыцыі.

Варта адзначыць, што пры ўсім гэтым сустрэча мела адценьне, якое спадар Мілінкевіч паспрабаваў крыху зьняць у інтэрвію нашаму радыё, сказаўшы, што лічыць сябе не дысыдэнтам, а палітыкам. Наколькі ён здолеў даказаць гэта свайму высокаму суразмоўцу – я ня ведаю. Але сапраўды: мэта сілаў, якія ён прадстаўляе, гэта ўсё ж ня проста змаганьне за захаваньне правоў чалавека, гэта змаганьне за палітычныя перамены.”
”Прэзыдэнт ЗША сустрэўся менавіта зь Мілінкевічам як з прадстаўніком беларускай апазыцыі.”
Карбалевіч: “У межах курсу ЗША на пашырэньне дэмакратыі ў сьвеце Беларусь зьвяртае на сябе ўвагу, бо зьяўляецца апошняй недэмакратычнай краінай у Эўропе. Таму кожны раз, калі Джордж Буш альбо іншы кіроўны дзеяч амэрыканскай адміністрацыі наведваюць рэгіён Усходняй Эўропы, яны ўзгадваюць Беларусь, сустракаюцца з прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай супольнасьці. Так было, калі прэзыдэнт ЗША наведваў Славаччыну, Латвію. Цяпер тое самае адбылося ў Чэхіі.

Гэта была чарговая дэманстрацыя падтрымкі дэмакратычных сілаў Беларусі, дэманстрацыя таго, што ЗША асуджаюць палітыку беларускіх уладаў датычна правоў чалавека. Зразумела, чакаць нейкіх непасрэдных наступстваў гэтай сустрэчы ня варта. ЗША хацелі пацьвердзіць пасьлядоўнасьць і нязьменнасьць сваёй палітыкі, давесьці беларускаму грамадзтву, што такі курс будзе працягвацца і надалей”.

Саміт “васьмёркі”: праблемы і супярэчнасьці

Карэспандэнтка: “Сёньня ў Нямеччыне пачынаецца саміт “васьмёркі” – сустрэча лідэраў 8 самых прамыслова разьвітых краінаў сьвету. Чакаецца, што на саміце могуць разгарэцца жорсткія спрэчкі паміж Расеяй і Злучанымі Штатамі. Вакол якіх праблемаў чакаюцца гэтыя спрэчкі?”

Дракахруст: “Такіх праблемаў дзьве. Першая – гэта разьмяшчэньне ў Эўропе, прынамсі, у Чэхіі і Польшчы, элемэнтаў амэрыканскай супрацьракетнай абароны, а другое – праблема Косава. Учорашні візыт Джорджа Буша ў Чэхію і ягоны візыт у Польшчу, які адбудзецца пасьля саміту, маюць на мэце мабілізаваць падтрымку амэрыканскай стратэгічнай ініцыятывы. Патрэба ў такой падтрымцы дваякая: па-першае, у саміх гэтых краінах, напрыклад, у Чэхіі стаўленьне да разьмяшчэньня амэрыканскага радара неадназначнае, а па-другое, гэтую неадназначнасьць яшчэ больш ускладняе рэакцыя Расеі на амэрыканскі праект: днямі Ўладзімер Пуцін заявіў, што Расея ў адказ накіруе свае ядзерныя ракеты на эўрапейскія краіны.

Гледзячы па ўсім, на саміце “васьмёркі” ў Нямеччыне Пуцін будзе спрабаваць раскалоць адзіны фронт заходніх краінаў у гэтым пытаньні, тым больш, што ў краінах-удзельніцах “васьмёркі” поўнай падтрымкі амэрыканскага супрацьракетнага праекту не назіраецца. Са свайго боку прэзыдэнт Буш і ў Празе паўтарыў, і, мяркую, паўторыць у Нямеччыне, што гэтая абаронная сыстэма зусім ня супраць Расеі, а супраць раптоўнай ядзернай атакі з боку краінаў-ізгояў".

Карэспандэнтка: “Усе зьвярнулі ўвагу на вельмі стрыманы тон апошніх прамоваў Буша адносна Расеі. Нават Аляксандар Мілінкевіч заявіў нашаму радыё, што чакаў больш рэзкіх ацэнак. А чаму тон такі памяркоўны?”

“Карбалевіч: “Мне ён не падаўся такім ужо памяркоўным і стрыманым. Калі ўдумацца ў тое, што сказаў Буш у Чэхіі, то зь ягоных слоў вынікае, што ў Расеі спыненыя дэмакратычныя рэформы і дэмакратычныя заваёвы папярэдніх гадоў. Калі разумець гэтыя словы літаральна, то яны азначаюць, што Расея ўжо не зусім дэмакратычная дзяржава. А калі так, то цалкам натуральнае пытаньне, якое паставіў кіраўнік Эстоніі: чаму тады Расея ўваходзіць у “васьмёрку” самых буйных дэмакратычных дзяржаваў?

Зразумела, прэзыдэнт Буш такіх высноваў не зрабіў. Але прапанаваная ім лёгіка ацэнкі сытуацыі ў Расеі падводзіць да гэтага.
”Цалкам натуральнае пытаньне: чаму Расея ўваходзіць у “васьмёрку” самых буйных дэмакратычных дзяржаваў?”
Відавочна, што адбываецца абвастрэньне дачыненьняў паміж Расеяй і ЗША, у цэлым, паміж Расеяй і Захадам. Можна ўзгадаць нядаўні няўдалы саміт Расея-Эўразьвяз. Да тых ранейшых супярэчнасьцяў, якія існавалі паміж ЗША і Расеяй, дадаліся новыя, найперш, у пытаньні разьмяшчэньня ў Польшчы і Чэхіі элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны.

У такой сытуацыі існуе небясьпека вяртаньня ў нейкім сэнсе да “халоднай вайны”, чаго кіраўніцтва ЗША ня хоча. Таму і даводзіцца стрымлівацца.”

Пагрозы Пуціна Эўропе і Беларусь

Карэспандэнтка: “Пуцін прыгразіў перанацэльваньнем расейскіх ядзерных ракет на Эўропу. Наколькі гэта сур’ёзна і небясьпечна і як гэта можа закрануць Беларусь?”

Дракахруст: “Ядзерная зброя – наагул зброя сымбалічная, яе моц праяўляецца не тады, калі яе ўжываюць, а тады, калі не ўжываюць. І перанацэльваньне ракетаў – даволі злавесны крок у гэтай сымбалічнай прасторы.

Ну, а што да Беларусі, то перанацэльваньне можа тычыцца і ракетаў з расейскіх падводных лодак, а адзін з цэнтраў кіраваньня імі – пад Вялейкай. Нельга выключаць, што і туды нехта нешта дадаткова нацэліць.

Да таго ж ня выключана, што некаторыя з гэтых ракетаў усё ж будуць разьмешчаныя ў Беларусі. Лукашэнка на мінулым тыдні нават заявіў, што безь Беларусі не атрымаецца эфэктыўна адказаць на выклік, кінуты разьмяшчэньнем амэрыканскай супрацьракетнай сыстэмы. Можа, гэта прапанова Маскве скарыстаць беларускія ваенныя магчымасьці.”

• Мілінкевіч: Буш казаў, што Беларусь застаецца ў цэнтры ўвагі ЗША, 05.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG