Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забыты пясьняр савецкай эпохі


Іна Студзінская, Менск Cёньня - 102-гі дзень народзінаў народнага паэта Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы, ляўрэата Сталінскіх прэміяў другой і трэцяй ступені, ляўрэата Ленінскай прэміі, Дзяржаўнай прэміі БССР, шматлікіх літаратурных прэміяў імя Якуба Коласа, Янкі Купалы, стваральніка Беларускай энцыкляпэдыі Петруся Броўкі. Аблашчаны ў свой час уладай, ён абсалютна забыты цяпер. Незаўважна, ціха два гады таму прайшоў 100-гадовы юбілей Петруся Броўкі. Летась фактычна зьнішчаная галоўная справа ягонага жыцьця – выдавецтва “Беларуская энцыкляпэдыя”, у якога адабралі будынак і ў шэсьць разоў скарацілі штаты.

Цяпер хіба што выдатнікі вучобы ды літаратары сталага веку ўзгадаюць хрэстаматыйныя Броўкавы творы “Пахне чабор”, “Голас сэрца” альбо “Александрыну” (дзякуючы “Песьнярам”). Малады паэт, кандыдат філялягічных навук Віктар Жыбуль апублікаваў нядаўна ў часопісе “Архэ” эсэ “Футурыст Пятрусь Броўка”:

“Чым ён цяпер можа зацікавіць? Дык гэта тым, што меў дачыненьне да беларускіх авангардных суполак, у прыватнасьці, да “Мастацкай камуны”. Гэта першая ў Беларусі суполка, якая дэкляравала авангардысцкія прынцыпы, футурыстычныя, у прыватнасьці. Тое, што рабіў Пятрусь Броўка, гэта някепска было, прынамсі...”

“Начальства ўсё роўна кніг не чытала і чытаць ня будзе”

Некалі Броўка пачуў, калі засядаў у ААН, што толькі тая дзяржава лічыцца цывілізаванай, якая мае герб, сьцяг і энцыкляпэдыю. І ён сказаў – мы будзем рабіць нацыянальную энцыкляпэдыю. Драматург, кандыдат гістарычных навук Алесь Петрашкевіч узгадвае:

“Ён сабраў бліжэйшых да сябе людзей – Скрыгана, Казеку, мяне, і яго ўдарная такая фраза была: “Хлопцы, па магчымасьці будзем рабіць энцыкляпэдыю чэсную, праўдзівую”. Паўза. І кажа: “Бо начальства ўсё роўна кніг не чытала, не чытае і чытаць, пэўна, ня будзе”. Так мы яе і зрабілі. І ў чырвонай энцыкляпэдыі больш праўды напісана, чым напісана ў сучаснай 17-томнай. І рэабілітаваных далі, і пра расейска-беларускія войны, і пра магнацкія роды... Адкрыўся кантынэнт нязьведанай Беларушчыны. Вельмі скрушна, што мы ня маем такога Броўку і ня маем ужо выдавецтва “Беларускай энцыкляпэдыі”...

“Ён быў у першую чаргу беларусам”

Востраму пяру Рыгора Барадуліна прыпісваюць шматлікія эпіграмы, прысьвечаныя беларускім літаратарам. І пра Шамякіна, які “пыкаў-мыкаў”, і пра Гілевіча, які “высокі”, і пра Быкава, які “вялікі”. І пра Броўку, які “піша лоўка і даўно”... Рыгор Барадулін насамрэч вельмі высока ацэньвае заслугі Петруся Броўкі:

“Броўка быў афіцыйным савецкім паэтам. Але пры ўсім пры тым, ён быў дужа беларусам, і дужа стараўся зрабіць усё, што можна было ў тых умовах для беларускай справы. Адно тое, што яму ўдалося стварыць першую Беларускую энцыкляпэдыю, будынак сам выбіць – можаце ўявіць, як гэта нялёгка было! Яму пры жыцьці помнік трэба было паставіць за энцыкляпэдыю. Так што, што б пра яго ні гаварылі: “сьпявак, пясьняр савецкай эпохі”, ён быў у першую чаргу беларусам”.

• А.Петрашкевіч: “Беларускую Энцыкляпэдыю зьнішчаюць айчынныя хунвэйбіны”, 05.06.2006 • Пятрусь Броўка – незаўважаныя 100-я ўгодкі, 02.08.2005
XS
SM
MD
LG