Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску маліліся за аднаўленьне гістарычнай спадчыны


Радыё Свабода А сёмай вечара 5 чэрвеня на плошчы Свабоды сабраліся больш за тры дзясяткі вернікаў розных канфэсій. Каталікі, праваслаўныя ды уніяты разам маліліся за аднаўленьне Сьвята-Мікалаеўскага сабору, а таксама пратэставалі супраць будаўніцтва на гэтым месцы забаўляльнага моладзевага цэнтру.

Набажэнства на былой Саборнай плошчы правіў сьвятар Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы айцец Леанід Акаловіч:

"Тут жа сьвятое месца, намоленае, тут павінна панаваць духоўнасьць, Божае слова, а ня нейкія скокі! Таму й нельга тут нешта спакушальніцкае будаваць!

Я думаю, улады мусяць зразумець гэтую недарэчнасьць. Спадзяюся, будзе адноўлены і Сьвята-Мікалаеўскі сабор. Бо трэба думаць ня толькі пра надзённае, але й пра духоўнае - што мы можам пакінуць для сваіх нашчадкаў, для Бацькаўшчыны нашай!"

Пасьля набажэнства ўсе ахвотныя маглі паставіць свой подпіс пад зваротам да гарадзкіх уладаў. Пра гэтую ініцыятыву распавёў сустаршыня аргкамітэту стварэньня партыі "Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя" Віктар Шляхцін:

"Нашы патрабаваньні да ўладаў – спыніць любыя працы ў тым месцы, дзе знаходзіўся Сьвята-Мікалаеўскі сабор, і адмяніць усе забаўляльныя мерапрыемствы на рэштках храма, бо падчас "Славянскага базару" тут заўжды праводзяць дыскатэкі. Гэта проста глумленьне над сьвятыняй! І я думаю, што варта дамагацца аднаўленьня і гэтага сабору, і іншых віцебскіх храмаў, каб насамрэч зрабіць культурнай і духовай сталіцай наш горад".

Увесь час, пакуль ішло набажэнства ды зьбіраліся подпісы, на плошчы прысутнічалі міліцыянты. Супрацоўнікаў у форме, ня лічачы тых, хто быў у цывільным, было каля 15 чалавек. Адзін зь іх здымаў усіх прысутных на відэакамэру. Наўзбоч стаяла і некалькі міліцэйскіх машын. Намесьнік начальніка Кастрычніцкага райаддзелу Аляксандар Каліноўскі напачатку сказаў журналістам, што набажэнства ёсьць несанкцыянаванай масавай акцыяй, і ўдзельнікі будуць затрыманыя. Аднак затрыманьняў ня здарылася.

• Віцебская моладзь ня хоча моладзевага цэнтру, 05.06.2007
XS
SM
MD
LG