Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зьмянілася на месцы аварыі на Падзьвіньні?


Севярын Квяткоўскі, Падзьвіньне Мінула два з паловай месяцы з часу экалягічнай катастрофы на трубаправодзе Унеча-Вентспілс у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласьці. Пракуратура Віцебскай вобласьці пачала крымінальную справу па факце аварыі, якая адбылася 23 сакавіка. Больш за 100 тон дызпаліва трапіла ў раку Ўлу, а сьледам у Дзьвіну. 5 траўня аварыя паўтарылася, але зь меншай шкодаю. Вінаваты з экалягічнай катастрофе -- расейская фірма “Захад-Транснафтапрадукт”. Паводле пракуратуры, кіраўніцтва фірмы ведала пра дэфэкты трубы, але не зрабіла адпаведных захадаў. Ратавальныя службы пачысьцілі ракі Ўлу і Дзьвіну, але сьляды мазуту засталіся ўздоўж берагоў. Мясцовыя жыхары працягваюць лавіць рыбу, на берагах рэчкі Ўлы ёсьць сьляды баброў. Як экалягічная катастрофа адбілася на жыцьці мясцовых людзей, і ці магчымае паўтарэньне падобнай катастрофы ў іншым месцы?

Карэспандэнт: “Я іду ўздоўж Улы, якая дала назву мястэчку Ўла. Паміж самой рэчкай, і дамамі, якія выходзяць да яе, адлегласьць мэтраў 20-30. Побач са мною гідроляг Мікалай Клімовіч. Што Вы бачыце, што Вы адчуваеце?

Клімовіч: “Я бачу раку, якая сьмярдзіць саляркай. Перада мною вялікая масьляністая пляма, якая стаіць у затоцы. А бераг з чорнымі пасамі. Відаць, узровень вады панізіўся, і салярка засталася на беразе”.

Карэспандэнт: “А вось насустрач ідуць два хлопцы з вудамі”.

Хлопцы: Рыба ловіцца. Ня моцна сьмярдзіць, але штосьці ёсьць, канешне”.

Карэспандэнт: “А бабры?”

Хлопцы: “Яны чорныя па беразе поўзалі”.

Карэспандэнт: “Мы ідзем ўздоўж берага, які ў часе катастрофы быў схаваны пад вадою”.

Клімовіч: “Вось усе гэтыя пагрызеныя галінкі – справа баброў”.

Карэспандэнт: “Вельмі шмат сьлядоў баброў, вельмі шмат сьпілаў. Невядома ці яны сьвежыя, ці старэйшыя – зробленыя да катастрофы. Калі сьвежыя, значыць ёсьць шанец, што некаторыя жывёлы застануцца. А зараз мы з Мікалаем Клімовічам робім экспэрымэнт – злавіць штосьці на сьпінінг. Мінула хвілін 30, і я прашу Мікалая падзяліцца ўражаньнямі”.

Клімовіч: “Ня ведаю якое задавальненьне дае рыбалка мясцовым рыбакам. Стаіш, вакол страшэнны смурод. Усё наўкола ў тлустым мазуце, я ўжо рукі, нагавіцы выпацкаў, сьпінінг выпацкаў… Пэўна, ратавальнікі ўсё правільна зрабілі, яны сваю працу выканалі, але трэба, каб такія сытуацыі ўвогуле не ўзьнікалі”.

Карэспандэнт: “Працуе матор, гэта сыстэма мэханічнай ачысткі. Тут жа працуюць людзі.

Спадар: "Я прадстаўнік “Захад-Транснафтапрадукту”. Усё ў парадку. Рэчка чыстая. Тут плотка, галаўлік, шчупака бачылі. Качкі прыляталі, лебедзь, бабры боны пагрызьлі. Боны (прылада ачысткі) застаюцца тут на ўсялякі выпадак. Калі пройдзе дождж і змые зь берага. Дзьвіна таксама чыстая. Адзінае, што брыгады пільнуюць – выбіраюць сьмецьце.

Працаўнік: “18 грузавікоў сьмецьця вывезьлі адсюль”.

Карэспандэнт: “Пытаюся ў сустрэчнай бабулі пра заліўныя лугі, на якіх засталіся вялізныя плямы нафтапрадукту пасьля таго, як вада сышла. Звычайна сяляне тут рыхтуюць сена для кароваў.

Бабуля: “Цяпер каровы есьці ня будуць гэнае сена”.

Карэспандэнт: “Што рабіць? Дзе сена браць?”

Бабуля: “Можа дзе па гародах…”

Ці будуць кампэнсаваць страты сельсавету за сапсаваныя сенажаці?

Адзін з кіраўнікоў “Захад-Транснафтапрадукту” Аляксандар Кузьменка:

Кузьменка: “Мы будзем разьлічвацца зь дзяржавай. Мы пакуль разьлічыліся з тымі, хто даваў нам дапамогу: Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, нафтаправод “Дружба”, Міністэрства абароны”.

Паводле беларускага заканадаўства, у такіх выпадках мясцовы выканкам павінен стварыць камісію дзеля вызначэньня і выплаты кампэнсацыяў. Гаворыць юрыст-эколяг Рыгор Фёдараў:

Фёдараў: “Калі грамадзяне лічаць, што ім нанесеная вялікая шкода, тады лепш наняць нейкіх іншых экспэртаў, якія могуць больш-менш аб’ектыўна ацаніць гэты памер. Бо вынікі камісіі маюць звычайна заніжаныя кошты. Бо кампэнсацыя ідзе зь дзяржаўнага бюджэту. Адпаведна дзяржаве ня вельмі выгодна рабіць вялікія кампэнсацыі”.

Паводле адной з супрацоўніц Улянскага сельсавету, выканкам Бешанковіцкага раёну займаўся гэтым пытаньнем, якое дужа цікавіць вяскоўцаў:

Супрацоўніца: “У нас пыталіся: якія лугі, якой плошчаю наша было заліта. Мы дадзеныя давалі. Але на сёньняшні дзень аніякай кампэнсацыі не давалі”.

***

Карэспандэнт: “Я падышоў да сутоку Улы і Дзьвіны. Тут некалькі слаёў агароджы, адмысловых прыстасаваньняў, якія мусяць мэханічна спыняць плёнку саляркі, якая пралілася ва Ўлу. Тут, хіба, наймацнейшы смурод. Уздоўж практычна ўсёй ракі Ўлы ідзе даўгі пас плямы нафтавага вырабу, бы ў дзень экалягічнай катастрофы 23 сакавіка. Распавядае мясцовы пэнсіянэр, які назваўся Генадзем Рыгоравічам:

Генадзь Рыгоравіч: “З Улянкі мы заўжды для лазьні бралі ваду, і каб прапаласкаць рэчы. А цяпер з вазочкам да Дзьвіны ходзім, вышэй па рэчышчы”.

Карэспандэнт: “Адно суцяшае Генадзя Рыгоравіча – ён падкрэсьлівае, што цяпер на рэчцы зьнікла браканьерства:

Генадзь Рыгоравіч: “У каго човен ёсьць, сеткі кідалі туды-сюды. Але цяпер боны паставілі, і яны цяпер закрытыя”.

Карэспандэнт: “Генадзь Рыгоравіч, як і большасьць жыхароў Улы вельмі задаволены працай ратавальных службаў.

Генадзь Рыгоравіч: “Хадзілі хлопцы, добра працавалі. Абсыпалі салярку пяском, каб яна зьвёртывалася. Але каровы траву есьці ня будуць, і быка ня выпасеш. Гэта наша агульная бяда”.

Ці можа такая катастрофа паўтарыцца тут на Ўле, альбо ў іншым месцы Беларусі? Юрыст Рыгор Фёдараў цьвердзіць, што ўладальнікі кожнай такой трубы мусяць увесь час кантраляваць стан канструкцыі:

Фёдараў: “Пэрыядычнае атрыманьне пасьведчаньня пра тое, што агляд праведзены – я магу пацьвердзіць, што такое патрабаваньне ёсьць. Але! Дакладна не прапісана, што гэтае пасьведчаньне, якое будзе дзейнічаць наступны год, ці наступныя два гады...”

Карэспандэнт: “На разьвітаньне працаўнікі ратавальнай службы паведамілі, што будуць тут стаяць са сваімі прыстасаваньнямі, пільнаваць Улу ўсё лета. І яны спадзяюцца: калі пачнецца сьпёка, тыя плямы мазуту, што засталіся ўздоўж берагоў Улы, выпарацца пад сонцам”.

Беларускі бок перакладае адказнасьць за забруджаньне Даўгавы на Расею

Латвія плянуе вызначыцца з памерам кампэнсацыі, якую б хацела атрымаць ад Беларусі ў сувязі з выцекам нафтапрадуктаў у Даўгаву (Дзьвіну)

На здымку: вёска Ўла на сутоку Дзьвіны і ракі Ўлы



На здымку: прыстасаваньне мэханічнай ачысткі вады – боны



На здымках: так выглядалі плямы на сенажаці пакуль не зьявілася трава





Пэнсыянэр Генадзь Рыгоравіч: “Гэта наша агульная бяда”.



На рацэ Ўле жыло мноства баброў.



XS
SM
MD
LG