Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што надзвычайнае і цікавае можа завабіць у Беларусь?


Ігар Карней, Менск Паводле вынікаў апытаньня, у Вялікай Брытаніі склалі сьпісы "Сем новых цудаў сьвету" і "Сем цудаў Вялікай Брытаніі". У сьпіс новых усясьветных цудаў увайшлі: Эйфелева вежа ў Парыжы, статуя Хрыста-Збаўцы ў Рыа-дэ-Жанэйра, хмарачос Эмпаэр-Стэйт-Білдынг ў Нью-Ёрку і тунэль пад Ла-Маншам. А цудамі Вялікай Брытаніі прызнаная: Біг-Бэн, Агляднае кола ў Лёндане і Стадыён Ўэмблі. Якія цуды Беларусі прапануюць наведаць беларускія турфірмы?

Колькі беларусаў скарысталіся паслугамі турфірмаў і выправіліся ў экскурсіі па краіне – такой статыстыкі няма. У Міністэрстве спорту і турызму спасылаюцца на цяжкасьці з падлікам – маўляў, асноўная частка езьдзіць па славутых мясьцінах не на турыстычных аўтобусах, а на прыватным транспарце.

Найбольш папулярны маршрут: "Замкі Беларусі"

“Сяброўскія падарожжы” – так называецца аднадзённая экскурсійная праграма, распрацаваная Зьмітром Касьпяровічам. Касьпяровіч не працуе ў турыстычнай фірме, але кажа, што падарожжы па Беларусі з кожным годам становяцца ўсё болей папулярнымі: штотыдзень на маршруты выходзяць поўныя аўтобусы:

“У нас распрацавана болей за 40 маршрутаў. Нават калі мы ставім стары маршрут, то, канечне, імкнёмся ўнесьці штосьці новае – каб часткова трымаць і сталую публіку, якой цікавыя розныя маршруты, і каб прыцягнуць новых людзей. Самы папулярны – “Замкі Беларусі”: Мір, Наваградак, Ліда, плюс іншыя замкі ў варыяцыях.

Другое ў папулярнасьці – гэта, перадусім, Браслаўшчына (шэраг касьцёлаў у рэгіёне), а таксама яшчэ адзін маршрут -- Відзы-Слабодка-Мёры-Глыбокае.

Трэцяе ў рэйтынгу – гэта Слонім-Жыровічы і Ружаны-Косава-Сынкавічы. Калі на Астравеччыну езьдзім, то людзі вельмі актыўна адгукаюцца. Крэва-Баруны-Гальшаны гэтаксама адзін з папулярных маршрутаў. Далей ужо ідуць больш краязнаўчыя маршруты. То бок, дзесьці 5-6 маршрутаў самых запатрабаваных, якія мы ставім часьцей, і пэрыядычна разбаўляем іх новымі. Нашы кошты адназначна меншыя, чым у аналягічнай сытуацыі прапануюць іншыя: 30-35 тысяч рублёў у сярэднім каштуе аднадзённая паездка з намі”.

Замашкі эўрапейскія, а сэрвіс -- айчынны

Турыстычная фірма “Віаполь” адной зь першых у краіне пачала прапаноўваць адна- і двухдзённыя паездкі пад назвай “Нечаканая Беларусь”. Цяпер у сьпісе звыш паўсотні маршрутаў для зборных, карпаратыўных і школьных групаў. Але супрацоўніца турфірмы кажа: часта ўражаньні ад цікавых з гледзішча гісторыі ці архітэктурных адметнасьцяў тураў азмрочваюцца поўнай адсутнасьцю сэрвісу:

“Трэба разьвіваць інфраструктуру, бо элемэнтарна там-сям нават прыбіральні няма. Нашы экскурсаводы, якія езьдзяць з групамі, пастаянна з гэтым сутыкаюцца: няма дзе турыстам, апроч лесу, прапанаваць элемэнтарныя выгоды – каб схадзіць у прыбіральню і памыць рукі. І таму езьдзяць людзі на экскурсіі са сваёй вадой, каб памыць рукі перад тым, як зьесьці свой жа бутэрброд. І гэта, канечне, дзікавата. Але гэта такія рэаліі. Аднак усё роўна людзі езьдзяць. Кожную суботу і нядзелю ў нас зборныя групы выпраўляюцца па Беларусі”.

Падарожжы, якія прапануе “Віаполь”, падзеленыя тэматычна: “Помнікі Міра і Нясьвіжа”, “Гарады каралеўскіх палацаў і храмаў”, “Паданьні даўніны Глыбокага і Мосара”, “Магнаты і паэты” (Нясьвіж-Наваградак-Сьвіцязь-Завосьсе), “Старонкі каменнага летапісу” (Ішкольдзь-Сноў-Мілавіды-Косава-Ружаны), “Астравецкая “кругасьветка”, “Музыкай гучаць успаміны” (Крэва, Залесьсе, Смаргонь, Астравец, Гервяты, Варняны) ды шмат якія іншыя.

Кошт аднадзённай вандроўкі -- да 50 тысяч рублёў з чалавека. Кошты на двухдзённыя падарожжы залежаць ад выбранага туру: ад 47 даляраў (маршрут “Сядзібы, палацы, замкі” (Мір-Наваградак-Завосьсе-Баранавічы (начоўка)-Слонім-Жыровічы і г.д) да 58 даляраў (праграма “Беларусь – краіна замкаў” (Нясьвіж-Мір-Ліда-Горадня). За наведваньне музэяў трэба плаціць дадаткова.

Дырэктар музэю-сядзібы Францішка Багушэвіча ў Кушлянах на Смаргоншчыне Алесь Жамойцін кажа, што на радзіму пісьменьніка турысты прыяжджаюць не так часта, як да сьценаў замкаў і палацаў.

“Не сказаць што тут натоўпы ходзяць, але па наведваньні гэтага музэя можна казаць пра ўзрастаньне ўзроўню духоўнасьці людзей, беларусаў увогуле. Бо прыяжджаюць тыя, каму гэта сапраўды патрэбна. Чаму? Таму што музэй, па-першае, убаку ад галоўных дарог, магістраляў, гэта ўсё ж трошкі глухаваты куток. І калі прыяжджаюць, то перадусім людзі, якім патрэбна сваімі ножкамі ступіць на тую сьвятую зямлю, якая ім дасьць падмацунак, як кажуць, прасьвятленьне на наступнае жыцьцё”.

Да 2010 году Міністэрства спорту і турызму маецца павялічыць турыстычных паслугаў – у 12 разоў. Цяпер доля айчыннага турызму ў валавым ўнутраным прадукце складае 0,05%.

На здымках: у адным з самых старых замкаў у Крэве апошнім часам ладзяць нямала культурніцкіх імпрэзаў





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG