Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: Буш казаў, што Беларусь застаецца ў цэнтры ўвагі ЗША


Юры Дракахруст, Прага У канфэрэнцыі "Дэмакратыя і бясьпека", якая праходзіла сёньня і ўчора ў Празе, бралі ўдзел шэраг вядомых палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў з розных краінаў сьвету. Сёньня прэзыдэнт ЗША Джордж Буш у межах канфэрэнцыі сустрэўся з шэрагам дэмакратычных актывістаў з розных краінаў -- у тым ліку з адным з кіраўнікоў беларускай апазыцыі Аляксандрам Мілінкевічам, дачкой палітвязьня Аляксандра Казуліна, Вольгай Казулінай, і кіраўніцай руху "Мы памятаем" Ірынай Красоўскай. Па завяршэньні канфэрэнцыі Аляксандр Мілінкевіч даў інтэрвію Свабодзе.

Дракахруст: "Як сёньня праходзіла канфэрэнцыя, якія у Вас ўражаньні, з кім Вы сустракаліся?"

Мілінкевіч: "Канфэрэнцыя праходзіла, як і ўчора. Абмяркоўваліся пытаньні дэмакратызацыі і удзелу у гэтым працэсе дысыдэнтаў. Я не лічу сябе дысыдэнтам і, дзякаваць Богу, у нас ёсьць даволі моцныя дэмакратычныя сілы.

Я мяне былі важныя сустрэчы -- з прэзыдэнтам Эстоніі Тоомасам Хэндрыкам Ільвэсам, зь якім мы даўно знаёмыя, зь віцэ-прэм''ерам Чэхіі Аляксандрам Вондрам, з міністрам замежных справаў Чэхіі Карлам Шварцэнбэргам. На гэтых сустрэчах мы абмяркоўвалі ўнутраную сытуацыю ў Беларусі, казалі аб пэрспэктывах супрацоўніцтва Эўразьвязу з нашай краінай, абмяркоўвалі пытаньне вызваленьня палітвязьняў. Я ўсё ж спадзяюся, што вызваляць усіх, а праблема з Аляксандрам Казуліным -- адна з цэнтральных, трэба зрабіць усё, каб ён таксама быў вызвалены. Мы таксама аналізавалі гэтак званую лібэралізацыю ўнутранай палітыкі, якая цяпер адбываецца ў Беларусі - ці гэта надоўга, наколькі гэта сур''ёзна, ці гэта толькі спробы навязаць кантакты з Захадам.

Мы таксама абмяркоўвалі праграму абароны рэпрэсаваных, мы гэта даволі ўдала робім з Чэхіяй, Эстонія добра таксама дапамагае".

Дракахруст: "Сёньня на канфэрэнцыі прагучаў выступ прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша. Якія галоўныя моманты гэтага выступу Вы б адзначылі?"

Мілінкевіч: "З аднаго боку вельмі важна, што калі ён пералічваў краіны, дзе няма дэмакратыі, у якіх трэба падтрымліваць дэмакратычную супольнасьць, то першай ён назваў Беларусь. Калі ён пералічваў палітвязьняў у сьвеце, то першым назваў Аляксандра Казуліна. Гэта сьведчыць аб тым, што увага дэмакратычнага сьвету і Злучаных Штатаў да Беларусі вялікая.

Але мне здаецца, што ён павінен быў вызначыцца адносна Расеі. Я разумею, што Злучаныя Штаты спрабуюць наладзіць самыя лепшыя адносіны з Расеяй, але ў Расеі штодня ўціскаюцца дэмакратычныя інстытуты і ўсё менш забясьпечваюцца правы чалавека. І гэта вельмі небясьпечна, у тым ліку і для нашай краіны.

Я стаяў побач з Гары Каспаравым, ён таксама быў вельмі засмучаны, бо ацэнка лідэра найбольш моцнай дэмакратычнай краіны сьвету вельмі важная. І нам было важна, каб было сказана, што Расея безумоўна ня вораг, але яна мусіць разумець, што калі хоча мець кантакты з дэмакратычнымі краінамі, то не павінна ісьці па тым шляху, па якім ідзе сёньня".

Дракахруст: "Спадар Мілінкевіч, а ці адбылася Ваша сустрэча з прэзыдэнтам ЗША?"

Мілінкевіч: "Сёньня адбылася сустрэча з Джорджам Бушам, ён сустракаўся з дысыдэнтамі, я таксама меў магчымасьць зь ім сустрэцца і паразмаўляць. Са мной побач былі Ірына Красоўская і Вольга Казуліна, што вельмі важна. Ён даволі доўга з намі размаўляў, за што мы яму ўдзячныя. Ён сказаў, што Беларусь застаецца ў цэнтры ўвагі Злучаных Штатаў і дэмакратычныя працэсу ў Беларусі будуць падтрымлівацца гэтай краінай.

Дракахруст : "А колькі часу доўжылася гэтая размова, у якім фармаце яна была?"

Мілінкевіч: "Гэта былі запрошаныя адмыслова людзі з краінаў, дзе няма дэмакратыі, дзе пануюць аўтарытарныя ці таталітарныя рэжымы. Былі людзі з розных кантынэнтаў, у Эўропе адна краіна, якая залічаная да недэмакратычных, да дыктатарскіх. Гэта была даволі доўгая размова, наколькі ў яго хапала часу, ён спрабаваў з усімі паразмаўляць. Я лічу, што гэта вельмі сур''ёзная маральная падтрымка тым людзям, якія ў цяжкіх умовах змагаюцца за дэмакратыю".

Дракахруст: "Ці закраналі вы ў размове з прэзыдэнтам Бушам тыя новыя тэндэнцыі, якія абазначыліся ва ўнутранай палітыцы Беларусі -- вызваленьне некаторых палітвязьняў? Магчыма Вы нешта раілі прэзыдэнту ЗША ў сувязі з гэтым"

Мілінкевіч: "Надзвычай важна, каб ЗША і краіны Эўразьвязу не задаволіліся толькі вызваленьнем некаторых палітвязьняў. Калі мы кажам -- вызваленьне, то гэта вызваленьне ўсіх, незалежна ад таго, як улада да іх ставіцца. Гэтае пытаньне -- самае важнае. Калі мы хочам залічыць уладзе лібэралізацыю, то вызваленьне вязьняў павінна быць поўным. І амэрыканскі бок такі падыход безумоўна падтрымлівае.

Я б яшчэ адзначыў адну тэзу, якая сёньня на канфэрэнцыі прагучала ў шмат якіх прамовах, у тым ліку і ў прамове прэзыдэнта ЗША. Гэта -- маральнасьць палітыкі. Ён шмат разоў пра гэта казаў і гэта важны знак. Часам прагматычная палітыка дамінуе. Але толькі сапраўдная свабода можа даць бясьпеку і стабільнасьць, аб якой так шмат гаворыцца на Захадзе".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG