Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сьвята сьвятой Эўфрасіньні патрапілі ня ўсе


Радыё Свабода Сёньня ў старажытным Полацку прайшлі ўрачыстасьці ў гонар нябеснай заступніцы зямлі Беларускай сьвятой Эўфрасіньні.

Пачалося сьвята ўрачыстым набажэнствам у Сафійскім саборы, якое адпраўляў мітрапаліт Менскі ды Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. Пасьля таго адбыўся хросны ход да Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыру, дзе павінны былі адбыцца галоўныя ўрачыстасьці. Агулам на паклон да нябеснай заcтупніцы ішлі больш як дзьве тысячы вернікаў. У асноўным, гэта былі старыя жанчыны.



Пакланіцца сьвятой Эўфрасіньні, аднак, атрымалася не ўва ўсіх. Перад ўваходам у манастыр дарогу людзям перакрыў кардон работнікаў міліцыі. Паколькі вуліца з абодвух бакоў была перакрытая жалезным парапэтам, узьнікла цісканіна. Людзі прасілі адкрыць парапэт, але міліцыянты не дазволілі гэтага зрабіць. Урэшце частку людзей скіравалі ў суседнія двары, а іншым загадалі вяртацца назад. У цісканіне некаму стала млосна і неўзабаве каля манастырскіх брамаў зьявілася машына “хуткай дапамогі”. Гаворыць адна зь верніц:

“Штогоду, 5 чэрвеня, у сьвяты для ўсіх беларусаў дзень я імкнуся патрапіць у Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр. Але тое, што адбываецца сёньня, немагчыма растлумачыць. Як заўжды прыйшла да манастыра, а тут вялікі натоўп і нікога не пускаюць, бо, кажуць, павінен прыехаць Сам. Дзеля гэтага вернікі пад гарачым сонцам стаяць і чакаюць: калі іх пусьцяць на тэрыторыю манастыра”.

Усе гэтыя закалоты былі зьвязаны з прыездам беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі, які на гадзіну завітаў ў манастыр. Тут ён агледзеў кагадзе адкрытыя фрэскі XII стагодзяьдзя ў Спасаўскай царкве і атрымаў з рук уладыкі Філарэта ордэн сьвятога Ўладзімера – найвышэйшую ўзнагароду Расейскай праваслаўнай царквы.

На сьвяце ў сьценах Крыжаўзьвіжанскага сабору адбылося асьвячэньне адноўленай ракі, дзе ад гэтай пары будуць спачываць мошчы сьвятой Эўфрасіньні. Аўтэнтычная рака была зьнішчаная бальшавікамі ў 1922 годзе і яе па двух няўцямных фотаздымках аднавіў майтар Мікола Кузьміч, які свойчас вярнуў да жыцьця Жыватворны Крыж сьвятой Эўфрасіньні і якога па-праву называюць Лазарам Богшам нашага часу. Гаворыць майстар Мікола Кузьміч:

(Кузьміч: ) «Тры гады і восем месяцаў працаваў над аднаўленьнем ракі. Ня мне меркаваць якая атрымалася праца. Гэта аднаўленьне па ўзору і падабенству і ніякая ня копія. Думаю, самае галоўнае тут – мошчы Эўфрасіньні Полацкай. А рака – гэта годны дадатак да яе памяці, а таксама памяці нашых майстроў, памяці Лазара Богшы і ўсіх нашых продкаў”.

На здымку: Мікола Кузьміч

XS
SM
MD
LG