Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У бацькі моладзевага актывіста Івана Шылы забралі кампутар


Любоў Лунёва, Менск Супрацоўнікі КДБ зрабілі ператрус на кватэры 16-гадовага кіраўніка салігорскай філіі “Маладога фронту” Івана Шылы. Яны забралі кампутар, які належыць бацьку маладафронтаўца, а таксама некаторыя друкаваныя матэрыялы. Іван Шыла зьяўляецца фігурантам у крымінальнай справе, якую распачаў КДБ супраць актывістаў “Маладога фронту” за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Супрацоўнікі КДБ паведамілі сваякам Івана Шылы, што кампутар, які забралі падчас ператрусу, будзе знаходзіцца ў пракуратуры да канца сьледзтва.

Гэта ня першы ператрус на кватэры моладзевага актывіста. 11 траўня супрацоўнікі КДБ шукалі ўлёткі, сьпісы сяброў арганізацыі, каб даказаць, што Іван Шыла мае дачыненьне да “Маладога фронту”.

Іван Шыла: брату давялося выклікаць міліцыю

Сёньня супрацоўнікі КДБ наведаліся зранку. Іван Шыла распавёў, што ён і ягоны брат, пачуўшы званок у кватэру, выкінулі ў акно расьцяжку “Свабоду маладафронтаўцам”.

“Мы ж ня ведалі, што яны прыйдуць толькі выключна па мой кампутар, і хуценька з братам выкінулі расьцяжку з акна. Аднак пад акном супрацоўнікі КДБ пэўна ўжо чакалі такіх захадаў з нашага боку. Адзін зь іх уварваўся з гэтай расьцяжкай у кватэру, кінуў яе на падлогу і кажа панятым: “Бачыце? Я знайшоў гэтую расьцяжку тут”.

Я даў яе яму ў рукі й папрасіў пакінуць кватэру, сказаўшы, што ня ведаю, хто гэта такі. Ён жа ніяк не прадстаўляўся. Пачалася штурханіна. Ён мяне нават ударыў. Брату давялося выклікаць міліцыю. Міліцыя ехала доўга, відаць, раілася з начальствам.

Калі міліцыянты прыехалі, паглядзелі мой пашпарт і прапанавалі напісаць скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў КДБ адразу ж”.

Уладзімер Шыла будзе скардзіцца ў пракуратуру

Іван Шыла паведаміў, што ягоны бацька будзе падаваць скаргу ў пракуратуру на дзеяньні супрацоўнікаў КДБ, а таксама заяву ў падатковую інспэкцыю, каб яму дазволілі пазьней здаць фінансавую справаздачу. Усе зьвесткі й справаводзтва прадпрымальніка Ўладзімера Шылы знаходзяцца ў кампутары на цьвёрдым дыску.

“Кампутар, які забралі супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, знаходзіцца ў агульным карыстаньні. Ну, у мяне, напрыклад, праблемаў з-за таго, што забралі кампутар, ня ўзьнікла.

Аднак, у бацькі, які займаецца прадпрымальніцкай дзейнасьцю і цяпер мусіць заплаціць падаткі, аформіць паперы, падаць справаздачу, пачаліся велізарныя праблемы зь ягоным прыватным бізнэсам, бо ўся дакумэнтацыя знаходзіцца на цьвёрдым дыску ў кампутары. Ён падасьць скаргу ў пракуратуру аб тым, што замінаюць ягонай прадпрымальніцкай дзейнасьці, а таксама падасьць заяву ў падатковую інспэкцыю”.

Настаўніцу актывіста выклікалі на допыт

Пасьля таго, як скончыўся ператрус, Іван Шыла даведаўся, што на допыт у пракуратуру выклікалі ягоную клясную кіраўніцу.

Сёньня ж прызначылі допыты некаторым аднаклясьнікам і знаёмым Івана. У гэтым сьпісе няма ніводнага новага прозьвішча. Людзей будуць апытваць другі раз.

Іван Шыла лічыць, што яго ня будуць прыцягваць да крымінальнай адказнасьці. Ён упэўнены, што супрацоўнікі КДБ распачалі кампанію запалохваньня моладзі ў рэгіёнах, каб зьнізіць колькасьць ахвочых уступіць у “Малады фронт”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG