Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе дысыдэнты абмяркоўваюць праблемы дэмакратыі


Вячаслаў Ракіцкі, Прага У Празе сёньня адкрылася канфэрэнцыя “Дэмакратыя і бясьпека”. У ёй бяруць удзел былыя і сёньняшнія дысыдэнты, акадэмікі і палітыкі з многіх краінаў сьвету. Ці магчымая дэмакратызацыя Іраку? Як адбываюцца працэсы дэмакратызацыі ва Ўсходняй Эўропе і краінах былога СССР? Гэтыя пытаньні сёньня былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў канфэрэнцыі.

Не заўсёды меркаваньні выступоўцаў былі аптымістычнымі, але яны не былі і пахавальнымі. Шмат увагі яны надалі аналізу памылак у мінулым.

Так, ірацкі прафэсар Канан Макія, які выкладае ў ЗША і які быў актыўным прыхільнікам уварваньня кааліцыйных сілаў на чале з ЗША ў Ірак, яшчэ ў 1991 годзе пісаў, што дэмакратызацыя Іраку магла б адбыцца паводле аналёгіі з дэмакратызацыяй Нямеччыны і Японіі пасьля Другой усясьветнай вайны.

Сёньня ў Празе Канан Макія заявіў, што ў гэтым ён памыляўся. Тады Нямеччына і Японія сапраўды былі пераможаныя і прызналі сваю паразу, тым часам як у выпадку зь Іракам зь цяжкасьцю можна патлумачыць народу той краіны розьніцу паміж вызваленьнем і акупацыяй. Але прафэсар ня лічыць, што дэмакратызацыя Іраку немагчымая. Ён падкрэсьліў, што папярэдне трэба вывучыць сытуацыю ў той ці іншай краіне, бо

“дэмакратыя не ўзьнікае як Фэнікс з попелу. А мы па-сутнасьці менавіта так яе спрабуем пабудаваць у Іраку”.

Брус Джэксан, кіраўнік Праекту пераходных дэмакратыяў, разважаў пра працэсы дэмакратызацыі ў краінах былога Савецкага Саюзу:

“Я лічу, што мы перабольшваем ролю грамадзянскай супольнасьці. Грамадзянская супольнасьць ёсьць сьведчаньнем наяўнасьці дэмакратыі і ступені яе разьвіцьця, але не нараджае саму дэмакратыю. У Беларусі сёньня болей няўрадавых арганізацыяў, чым, прыкладам, у Грузіі. І калі б яны былі падставай для ўзьнікненьня дэмакратыі, дык Аляксандар Мілінкевіч быў бы прэзыдэнтам свабоднай Беларусі”.

Брус Джэксан таксама падкрэсьліў, што было б памылкай наўпрост выкарыстоўваць досьвед дэмакратызацыі краінаў Цэнтральнай Эўропы для прасоўваньня дэмакратыі далей на ўсход. Краіны былога СССР у параўнаньні з цэнтральнаэўрапейскімі, дзе дэмакратычныя пераўтварэньні адбыліся на пачатку 1990-х гадоў, больш маладыя і ўрады ў іх слабейшыя. З кожнай з гэтых краінаў трэба працаваць індывідуальна.

У канфэрэнцыі бярэ таксама ўдзел адзін зь лідэраў дэмакратычнай апазыцыі Беларусі Аляксандар Мілінкевіч. Заўтра ён возьме ўдзел у круглым стале “Роля дысыдэнтаў у грамадзтве”, які будуць весьці былы прэм’ер-міністар Гішпаніі Хасэ Марыя Аснар, былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл і былы ізраільскі міністар і савецкі дысыдэнт Натан Шчаранскі.
XS
SM
MD
LG