Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Падарожжы Свабоды: “А мне хочацца, каб мы былі, як Францыя, Англія, Нямеччына”


Зьміцер Бартосік, Івесь, Глыбоцкі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.



Віктар Жаваранак — самы сапраўдны цэнтральнаэўрапеец. Гэты саракагадовы здаровы мужчына жыве ў маленькай вёсцы Івесі, якая ледзь сточвае канцы з канцамі.

Ён працуе кіроўцам у лясгасе, дзе атрымлівае 350 тысяч рублёў. Ён выправіў усіх сваіх траіх дзяцей у сталіцу й вельмі ня хоча, каб дзеці вярталіся на радзіму. Ён ня мае вялікіх банкаўскіх рахункаў і дарагой нерухомасьці.

Аднак Віктар — самы сапраўдны цэнтральнаэўрапеец. Бо вёска Івесь знаходзіцца ў самым цэнтры Эўропы. Згодна з адкрыцьцём беларускіх географаў.

Разам зь Віктарам мы кацімся на маёй “Волзе” па цэнтры Эўропы, і я не стамляюся зьдзіўляцца прыгажосьці краявідаў, толькі сымбалічна кранутых цывілізацыяй. Зрэшты, кацімся — сказана мякка. Хутчэй выпрабоўваем на трываласьць расейскі мэтал.

Карэспандэнт: “Тут, у цэнтры Эўропы, заўжды такія дарогі?”

Віктар: “Заўжды”.

Карэспандэнт: “А турысты прыяжджаюць сюды ці не?”

Віктар: “Турыстаў яшчэ не было. Прыяжджаюць групы дзяцей”.

Карэспандэнт: “Ну, мясьціны прыгажосьцю рэдкія...”

Віктар: “Прыедуць швэды. Што ім паказаць — дарогу зь ямамі?”

Карэспандэнт: “Для іх гэта будзе экзотыка”.

Віктар: “Каб экзотыка была, трэба яшчэ болей іх пабіць. Паленьня яшчэ парэзаць і пехам у гумовых ботах прайсьціся. Не, гэта несур’ёзна. Трэба дарога. Гэта ж грошы, гэта палітыка.

Можна саміты праводзіць эўрапейскія. Нашто ў Куршавэлі? Дзе там саміты праходзяць? У Швайцарыі, у Давасе. Той самы Давас у нас”.

Карэспандэнт: “А як вы думаеце, чаму швэды менавіта зацікавіліся гэтымі мясьцінамі?”

Віктар: “Таму што пры раскопках знаходзілі рэчы дамашняга побыту вікінгаў. Знайшлі манэты, знайшлі дзявочыя ўпрыгожаньні. Вікінгаў. Рыбалоўныя снасьці. І самае цікавае, што “Шэ” па-швэдзку значыць “возера”.

Швэдзкім турапэратарам, якія распрацоўваюць маршрут “З варагаў у грэкі”, і якія плянуюць выдаткаваць на яго сто тысяч даляраў, трэба сьпяшацца. Бо вікінгі жывуць тут дагэтуль.

Прынамсі, парачку тыповых вікінгаў я бачыў на свае вочы. Адзін зь іх, пародны скандынаў, высокі, з гордым профілем, са сталёвымі вачыма, жыве, нібы пустэльнік, на беразе возера Шо. Жыве ў хаце, якая некалі служыла крамай тавараў штодзённага попыту. Нават шыльда захавалася. Клічуць гордага нармана Ціханам.

Карэспандэнт: “Як вам жывецца тут?”

Ціхан: “Добра. Адзін жыву, як у гаі. Кругом лес, вясёла”.

Карэспандэнт: “Вясёла? У лесе?”

Ціхан: “У лесе”.

Карэспандэнт: “А што ў лесе вясёлага?”

Ціхан: “Птушкі пяюць. Паветра прыгожае. Дыхаць красіва”.

Карэспандэнт: “А колькі вам гадоў?”

Ціхан: “Дзевяноста”.

Карэспандэнт: “І калі жылося лягчэй?”

Ціхан: “За палякамі. Весялей было. Культура лепшая была. У нас культуры гэткай няма. П’янкі гэткай не было. Цяпер жа толькі п’янка і п’янка”.

Карэспандэнт: “А вы ведаеце, што вынайшлі, што тут цэнтар Эўропы?”

Ціхан: “Казалі, я чуў. Наша вёска — гэта востраў весялосьці. Вакол азёры, вакол лясы. Востраў красаты”.

Карэспандэнт: “У вас такі позірк, вочы жывыя. Відаць, яшчэ...”

Ціхан: “Дзе там жывыя. Паўстаўляныя”.

Карэспандэнт: “А што трэба рабіць, каб дажыць да дзевяноста гадоў?”

Ціхан: “Трэба дзяўчат любіць і меней гарэлкі піць. А так нап’ецца малады й дзяўчат ня бачыць. Яму хоць бы што. Ідзе апусьціўшы… вушы”.

Карэспандэнт: “А вы яшчэ глядзіце на дзяўчат?”

Ціхан: “Гляджу. Ды яшчэ як!”

А вось інфармацыя ад спадара Ціхана, якая павінна зацікавіць амбасады краін-спадкаеміц Аўстра-Вугорскай імпэрыі. Рэч у тым, што непадалёк ад Ціханавай хаты, у лесе, знаходзяцца могілкі аўстрыйскіх жаўнераў, ахвяраў Першай усясьветнай вайны. Іх імёны і лёсы яшчэ чакаюць свайго дасьледчыка.

Ціхан: “Была Мікалаеўская вайна зь немцам. І нагналі пленным аўстрыякаў. Тыфус напаў. Вазілі на конях. Бабуля мне расказвала. І тут, у барку, хавалі”.

Цэнтраў Эўропы ў Эўропе, прабачце за таўталёгію, нямала. Праз размытасьць межаў кантынэнту кожная краіна жадае знайсьці гэты цэнтар на сваёй тэрыторыі. На сёньняшні дзень цэнтар знайшлі ў сябе літоўцы, славакі, латышы й чэхі. Кожны па-свойму яго абазначыў.

У беларускім цэнтры Эўропы, на беразе возера Шо, стаіць груба скалочаная, нефарбаваная драўляная эстрада, больш падобная на сярэднявечны эшафот. Гэта тое, што засталося ад леташняга сьвяткаваньня Купальля.

Пэнсіянэр Сьцяпан Сьцяпаныч, які жыве ў вёсцы Шо, у непасрэднай блізкасьці ад эстрады, турыстычную пэрспэктыву роднай вёскі ўспрымае без энтузіязму. Бо ня верыць дзяржаве ні ў чым.

Карэспандэнт: “Калі б сюды паехалі турысты, вам было б ад гэтага лепш ці горш?”

Сцяпан: “На сёньняшні дзень, можа, і горш. Таму што, як у Літве, там яны маюць свой участак, сваю ўласнасьць, зямлю. І яны прадстаўляюць усё, могуць нешта прыбудаваць, турыстаў сустрэць. А мы, мясцовыя жыхары, нічога ня маем. У нас няма зямлі, нічога няма.

Таму, калі б быў такі ўказ, што можна выкупіць пяць, шэсьць сотак хаця б, канечне, было б нам лепей. Быў у нас летась Купала — сцэна, машын наехала. Я кажу: “Ну, што вы мне тут увесь гэты... Гэта ж маё”. А мне кажуць: “Гэта ўсё дзяржаўнае”.

Так што, мы нічога ня можам зрабіць для турыстаў. Калі гэта дзяржаўнае — значыць, дзяржаўнае. А мы з гэтага нічога ня будзем мець”.

Дзіўную гісторыю паведаміў спадар Сьцяпан пра гісторыю назвы вёскі. Аказваецца, у тапоніму Шо не эўрапейскія, а амэрыканскія карані.

Сцяпан: “У тысяча васемсот шасьцідзясятым годзе прыбралі прыгоннае права. І сталі свабоднымі людзі. Частка зь іх зьяжджала ў Злучаныя Штаты Амэрыкі. А астатнія... Тут давалі надзелы, тут вёскі не было. Мой прадзед тут пасяліўся.

І гаварылі: “А чаго нам ехаць у Злучаныя Штаты Амэрыкі? Мы пабудуем тут свае “Саедзінёныя Штаты Озера”. А вёска наша складаецца з чатырох назваў — Забалотнішча, там Жабіншчына, Лугаўцы і Рагаўцы. Чатыры штаты. Вось ад гэтага пайшла назва вёскі Сшо. А цяпер убралі першую літару, сельсавет. Толькі Шо пакінулі.

Канечне, тыя, хто паехалі, яны за добрым жыцьцём паехалі. Яны не такія працавітыя, не такія таленавітыя. Тут заставаліся самыя такія... Але жыцьцё пайшло так, што ўсё тут мянялася”.

У цэнтры Эўропы няцяжка знайсьці чалавека, якому не падабаецца сёньняшні парадак. Стары пастух Язэп, даведаўшыся, што я з Радыё Свабода, адразу пачаў выказваць свае прэтэнзіі да кіраўніка дзяржавы. Язэп: “За адно не люблю — што Беларусь аддае пад Расею. Што мы будзем людзі другога гатунку. А мне хочацца, каб мы былі, як Францыя, Англія, Нямеччына. Каб мы былі самастойныя. Не хачу быць другога гатунку. А так мы будзем пад Расеяй, рускі цар будзе намі камандаваць, рускія будуць ужо вышэйшай нацыяй лічыцца. Гэтым я не задаволены. А так усё добра”.

Карэспандэнт: “А калі б у вас была магчымасьць што-небудзь сказаць Аляксандру Рыгоравічу — што б вы яму сказалі?”

Язэп: “Не аддавай Беларусь пад Расею. Я хачу быць гаспадаром зямлі. Вось і ўсё. За што не люблю Лукашэнку, што не гаворыць на роднай мове. У быце — ён, можа... А хай бы на сходах выступаў на роднай мове. Яна не праціўная, наша мова. Як вы скажаце? Яна не праціўная. На ёй гаварыў нават Скарына. Быў ня Лукашэнкавага розуму. Яму помнік у Вашынгтоне стаіць, Скарыну. Не дурны быў чалавек”.

За гады вандровак па Беларусі я пабачыў шмат прыгожых старых. Але, каб пабачыць на свае вочы 86-гадовага байкера... Дзеля гэтага сапраўды трэба было заехаць у самы глыбокі цэнтар Эўропы.

Баляслаў Леановіч, патомны рыбак, калісьці меў прыватызаваны кавалак возера. Пасьля 1939-га рыбачыў на дзяржаву. Сёньня ён часьцей кіруе матацыклам, чым чоўнам. Але ня раю ганяцца зь ім навыперадкі. Дзядуля дасьць фору на сваім “Урале” любому маладзёну.

Карэспандэнт: “Ну — вы, як казачны герой. “Жыў стары са старою ля самага сіняга мора”. Яшчэ і рыбак. А колькі вы жывяце са сваёю старою?”

Баляслаў: “Шэсьцьдзесят першы год пайшоў”.

Карэспандэнт: “Дайце параду маладым. Як трэба жыць, каб за столькі гадоў адзін аднаму не надакучыць?”

Баляслаў: “Жывучы, бывае, і надакучыш трохі адзін аднаму. Але ж гэтак надакучаць, каб спатыкацца, гэтак жа няможна. Што тут можна пажадаць? Хай самі выбіраюць сабе гэты шлях”.

Карэспандэнт: “А вось, калі б вам патрапілася залатая рыбка? Што б вы выбралі? Грошы? Вечнае жыцьцё?”

Баляслаў: “Што вечнае жыцьцё? Няма ўжо сяброў. Пагаварыць няма з кім. Вечнае жыцьцё... Я так паеду ў Глыбокае. І ў Мёрскі раён… Скрозь знаёмыя былі. А цяпер ужо паеду — няма, няма, няма. Значыць ужо адсеяліся. Я застаюся адзінокі. Што тут можна сабе такога пажадаць?”

Карэспандэнт: “Можа, не сабе?”

Баляслаў: “Пажадаў бы з задавальненьнем, каб Беларусь расквітала. У іншым парадку. Каб беларусы сталі беларусамі”.

XS
SM
MD
LG