Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч бярэ ўдзел у канфэрэнцыі “Дэмакратыя і бясьпека”


Радыё Свабода Адзін зь лідэраў дэмакратычнай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч возьме ўдзел у міжнароднай канфэрэнцыі “Дэмакратыя і бясьпека”, якая пройдзе ў Празе.

Падчас канфэрэнцыі А.Мілінкевіч плянуе сустрэцца з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам, прэзыдэнтам Эстоніі Томасам Хэнрыкам Ільвэсам, экс-прэзыдэнтам Чэхіі Вацлавам Гаўлам, міністрам замежных спраў Чэхіі Карлам Шварцэнбэргам, кіраўніком Інстытуту палітычных дасьледаваньняў пры Шалом-Цэнтры - Натанам Шчаранскім, прэзыдэнтам Радыё Свабода Джэфры Гедмінам і іншымі.

Міжнародная канфэрэнцыя “Дэмакратыя і бясьпека” праводзіцца напярэдадні саміту краін “Вялікай васьмёркі”. Яе асноўная тэма — падтрымка працэсаў дэмакратызацыі ў краінах з аўтарытарным і таталітарным рэжымамі.

Па выніках канфэрэнцыі будзе прыняты адмысловы “Праскі дакумэнт”.

“Сёньня як ніколі востра паўстае праблема абароны правоў чалавека ва ўсім сьвеце. Толькі павага да правоў чалавека, да правоў грамадзяніна, забясьпечвае бясьпеку і стабільнасьць на нашым кантынэнце.

Мы павінны памятаць, што тыя краіны, якія не паважаюць правы сваіх грамадзян, ня будуць паважаць правы іншых народаў. Дзяржаўная палітыка такіх аўтарытарных і таталітарных рэжымаў стварае атмасфэру напружанасьці і дэстабілізацыі ў нашым рэгіёне”, — заявіў журналістам Аляксандр Мілінкевіч напярэдадні візыту ў Прагу.
XS
SM
MD
LG