Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ракаве па чацьвяргах жонак “перылі” даўбешкамі для прафіляктыкі


Ігар Карней, Валожынскі раён, Ракаў Мала хто ведае, што адзіная ў Беларусі прыватная арт-галерэя месьціцца не ў сталіцы і нават не ў пазаштатным горадзе, а ў вёсцы Ракаў на Валожыншчыне. Чым заслужыла такую пашану мястэчка, апетае ў “Народным альбоме”? Карэспандэнт Свабоды знаёміўся з гаспадарамі і экспанатамі галерэі “Янушкевічы”.

У Ракаве самыя вядомыя асобы – браты Янушкевічы: скульптар Валяр’ян, мастак Фэлікс і літаратуразнаўца Язэп. Нягледзячы на вясковы статус, тут месьціцца адзіная прыватная галерэя ў краіне. На плошчы ў 500 м2 – помнікі, бюсты, мастацкія творы, а таксама багатая краязнаўчая экспазыцыя: кнігі, прадметы ўжытку, унікальныя дакумэнты і атрыбуты польскага, нямецкага і савецкага часоў. Тут жа – адзіны ў Ракаве гатэль з традыцыйнай беларускай кухняй і выпіўкай. А над уваходам шыльда – Беларуская акадэмія выяўленчага мастацтва. Акадэмікі без акадэміі

Мой гід па арт-тэрыторыі – Фэлікс Янушкевіч:

“Для нас было важна, што Ракаў застаецца ў статусе музэю. Мы з братам былі акадэмікамі Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва. 10 гадоў яна праіснавала, але пасьля легендарнага ўказу “акадэміі недзяржаўныя ануляваць і акадэмікаў таксама” спыніла сваю дзейнасьць. Толькі адзіны ў нас “ухітрыўся” Мікола Селяшчук (загінуў у 1996 годзе) пакінуць пасьля сябе на магіле надпіс “акадэмік жывапісу”. Астатнія ж – экс-акадэмікі...

Паводле статуту акадэміі, мы мелі права мець музэй. Бо музэі, канечне, прэрагатыва Міністэрства культуры. Задача нашай акадэміі – зьвязаць старое мастацтва з новым. Але, як я кажу, ёсьць музэй Вялікай Айчыннай вайны, якая цягнулася 4 гады, дык акадэмія, якая праіснавала 10 гадоў, музэй гэтаксама пасьля сябе пакінула”.

Карэспандэнт: “Я гляджу, што “акадэмічную” шыльду вы нават і не здымалі...”

“Дык а здымаць няма сэнсу. Як жа здымеш шыльды Вялікай Айчыннай? Была вайна, і музэй павінен быць вайне. Была акадэмія, павінен быць музэй акадэміі, бо гэта сур’ёзная структура. Дарэчы, за час існаваньня акадэміі тры ці чатыры разы мы праходзілі перарэгістрацыю. Спачатку былі нармальнай акадэміяй, потым сталі грамадзкім аб’яднаньнем. У Беларусі, дарэчы, 2 тысячы грамадзкіх аб’яднаньняў, і ніводнае музэяў ня мае – ні Саюз пісьменьнікаў, ні Саюз кампазытараў. Некаторым ужо па сто год, а музэем і ня пахне. Але гэта здарылася ў вёсцы Ракаў. Ануляваная арганізацыя, а музэй застаўся”.

Карэспандэнт: “А статус Ракава ўсё ж не “пасёлак гарадзкога тыпу”?

“Не, вёска. І, каб ведаў, бюджэт беларускай вёскі – 1 мільён рублёў на год, 500 даляраў. То бок, гэта вёска з “салідным” бюджэтам. Але з музэем і галерэяй”.

Прастора “Ракаўскага графства”

Статус галерэі для Янушкевічаў адметны. Гэта ня толькі галерэя з выстаўленымі тут працамі, ня толькі музэй ракаўскага рэгіёну, але яшчэ і звычайны жылы дом:

“Фактычна які статус? Гэта таксама наш дом, мы тут жывём. Маці наша адсюль, таму гэта ўсё сур’ёзна. І ўсе сабраныя ў ракаўскім рэгіёне рэчы насамрэч нам блізкія. Я не зьбіраю ніякія іншыя рэчы, апроч “Ракаўскага графства”, бо Ракаў быў некалі цэнтрам графства. У межах 20 км туды-сюды я зьбіраю гэтыя рэчы. Толькі вось нядаўна заехаў у Івянец, дзе жыў мой сваяк Пупка, дык гэта вось ягоная гітара, іншыя рэчы, што выйшлі з ужытку”.

Карэспандэнт: “А зьбіраеце як – па хатах ходзіце?”

“Калі выпадкова на нешта трапляю, то, як прафэсіянал, бачу каштоўнасьць. Але народ ужо пачуў, што ёсьць музэй, і самі нясуць. Бывае, дзясяткамі нясуць такія рэчы, што ў жыцьці нічога падобнага не знайшоў бы (падсьвядома ўсё ж успамінаюць, што трэба несьці да музэю)... Сядзяць два мужыкі на аўтастанцыі, і сусед мой чуе такі дыялёг, потым мне пераказвае. “А ты ведаеш, Янушкевіч адкрыў артылерыйскую галерэю?” (убачылі ў назве “арт” і вырашылі: зусім нармалёва адкрыць у вёсцы артылерыйскую галерэю). Іншы адказвае: трэба абавязкова схадзіць паглядзець. Гавораць, як пра звычайную рэч, нібыта ў кожнага дома дакладна па танку стаіць і трэба “абмяняцца вопытам”.

Карэспандэнт: “Можа ім проста “Лінія Сталіна” навеяла?..”

“Не, гэта яшчэ раней было, калі “Лініяй Сталіна” і ня пахла. І гэта мяне якраз уразіла: бо калі сталінскую лінію адкрылі, то ўжо ракаўскі вакзал закрылі. Старым цяпер папросту гэтую тэму ўжо няма дзе абмеркаваць”.

Дубовы сэйф і “масажная” даўбешка

Пад дахам і на тэрыторыі галерэі сабраныя самыя разнастайныя экспанаты. Малыя наведнікі ў захапленьні ад скульптураў Валяр’яна Янушкевіча, перадусім, ад сабакі, арыгінал якога стаіць у Нясьвіжы. У двары галерэі – адзіны ў Беларусі помнік Вялікаму князю Вітаўту. А ёсьць рэчы, даўно забытыя сучасьнікамі:

“Рэчы самыя розныя, разнаплянавыя. Вось сэйф, у якім нашы мужыкі захоўвалі золата ад жонак. Насыпалася золата, два замкі, ручак няма. Зьмяшчалася дзесьці 90 кг золата – сам не падымеш, суседа не паклічаш, захаваньне сямейнага запасу гарантаванае. Гэта сапраўдны сэйф, бо яго немагчыма ўзяць было. Паспрабуй узяць яго як-небудзь, гэтыя 90 кг золата! Яго дубовы і так не падымеш, а як запоўніць, дык адназначна падарвесься... Вось яшчэ адзін “апарат”, які на Літве ў нас называецца даўбешка. Па чацьвяргах мужыкі для прафіляктыкі “перылі” жонак, але толькі па чацьвяргах дазвалялася. Гэта была як масажная палачка, і вось з такімі палачкамі мужыкі хадзілі (гук: дум-дум). А гэта ў нас лазьня. Важны інстытут. Уваход у лазьню павінен быць нізкі. Чаму?”

Карэспандэнт: “Можа, каб меней пары выходзіла?”

“Не, гэта залежыць ад колькасьці кінутых дроў, бо ня кінеш, дык зусім пары ня будзе... Паводле нашых паданьняў, у гэткіх лазьнях жыве дамавік, стары дзед, які вельмі любіць цяпло. Лічыцца, што гэта стары зьдзяцінелы дзед і вельмі любіць гуляцца з агнём, як усе дзеці. І яму няма розьніцы, што паліць, калі ён замярзае – хату, дзе жыве чалавек, ці лазьню. Таму лазьні ставяцца далёка ад дамоў і, як жартуюць пажарныя, яшчэ ні адна лазьня не згніла, усе згарэлі”.

А таму, заходзячы ў лазьню, трэба адбіваць паклоны дамавіку – каб задобрыць.

Твар “аб’екта”

Фэлікс Янушкевіч на тле знойдзеных экспанатаў

Адзіны ў краіне міні-помнік Вітаўту

Перад уваходам у лазьню “пакланіся” дамавіку

Беларускі правобраз банкавага “сэйфу”

Дзеці ў захапленьні ад сабакі

“Янушкевічы”, выгляд з вуліцы

Фота аўтара
XS
SM
MD
LG