Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летнія ініцыятывы апазыцыі


Вячаслаў Кулік, Менск Першы творчы конкурс для прыхільнікаў дэмакратычных зьменаў абвясьціла незарэгістраваная грамадзкая арганізацыя “Рух за свабоду”. Паводле ўмоваў, кожны ахвочы можа паспрабаваць сябе ў якасьці рэжысэра – зьняць ня больш як 10-хвілінны відэафільм на тэму “Беларусь, якую не паказвае БТ” (Беларуская тэлевізія). Пра новыя ініцыятывы апазыцыі ў летні пэрыяд сьведчаць таксама паведамленьні АГП, БНФ, БСДП (Грамада).

Каштоўныя падарункі абяцаныя ўдзельнікам і пераможцам конкурсу, які стартуе ад сёньня. Доўжыцца ён будзе да 20 ліпеня, а ўзнагароджваньне заплянаванае на 27 ліпеня. Пра намеры й спадзяваньні арганізатараў – Юлія Коцкая:

“Мы разьлічваем на альтэрнатыўную інфармацыю той, што дэманструе БТ. Да таго ж, гэты відэаматэрыял могуць здымаць людзі абсалютна рознай палітычнай, прафэсійнай, рэлігійнай і іншай прыналежнасьці. Акрамя таго, што інфармацыя будзе альтэрнатыўнай, каштоўнасьць яе вызначыць таксама рознабаковасьць”.

Юлія Коцкая паведаміла, што відэастужкі да 10 хвілінаў удзельнікі конкурсу загружаюць на відэасэрвіс YouTube.com. Спасылкі й кантакты – на электронны адрас info@milinkevich.org .

А.Мілінкевіч: “Рух “За свабоду” далучыць дадаткова людзей”

Старшыня “Руху за свабоду” Аляксандар Мілінкевіч характарызуе прэзэнтацыю конкурсу як пачатак шматлікіх дзейных спраў:

“Формы дзейнасьці вельмі розныя будуць. Пачынаем вельмі моцна займацца адукацыяй. Стажыроўкі будуць у розных краінах. Па-ранейшаму будзем абараняць рэпрэсаваных. Гэта адна з галоўных спраў, каб разбурыць страх. Наш “Рух за Свабоду” далучыць дадаткова людзей. У гэтым галоўная мэта”.

Ф.Вячорка: “Пікеты адбудуцца цягам усяго лета”

Пра летнія ініцыятывы Беларускага народнага фронту і яго моладзевага крыла паведамляе Франак Вячорка:

“Падаем заяўкі на пікеты, якія адбудуцца цягам усяго лета. 6 чэрвеня – пікетаваньне цэнтральнага корпусу БДУ, 14 – пікетаваньне Камароўскага рынку. Цягам трох месяцаў моладзь будзе знаходзіцца ў тых гарадох, дзе вынішчаюць гістарычную архітэктуру. Мы рыхтуемся – Фронтам – да 27 ліпеня”.

І.Шынкарык: “Пройдуць акцыі й пікеты “Скажы Лукашэнку: “Не!”

Партыя камуністаў Беларуская, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і Аб’яднаная грамадзянская партыя праводзяць напачатку лета кампанію ў абарону захаваньня ільготаў для насельніцтва. Каардынатар акцыі Ігар Шынкарык:

“1 чэрвеня прайшлі пікеты ў Бярэсьці й Горадні “Скажы Лукашэнку “Не!” Плянуем зрабіць шэраг такіх інфармацыйных кампаній і пікетаў. Будзем тлумачыць насельніцтву, што губляе нават шараговы чалавек ці пэнсіянэр са скасаваньнем гэтых сацыяльных гарантыяў”.

• У Менску пранесьлі сымбалічную труну з "ільготамі", 1.06.2007 • Онлайн-рэпартаж з акцыі пратэсту супраць скасаваньня льготаў20.05.2007
XS
SM
MD
LG