Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебская моладзь ня хоча моладзевага цэнтру


Радыё Свабода "Грамадзкасьць Віцебску – за адраджэньне архітэктурнай спадчыны". Імпрэза пад такой назвай прайшла ўвечары 4 чэрвеня на плошчы Свабоды. Яе зладзілі разам віцебская моладзь і актывісты асьветніцкага праекту "EuraUniver". Мэта, якую паставілі перад сабой арганізатары – пратэст супраць зьнішчэньня рэштак Сьвята-Мікалаеўскага сабору ды супраць будаўніцтва моладзевага забаўляльнага цэнтру ў ахоўнай гістарычнай зоне гораду.

Сэрыя акцый грамадзкага пратэсту распачалася ў Віцебску каля месяца таму – калі прадпрыемства "Віцебскводаканал" без дазволу Міністэрства культуры распачало земляныя працы на плошчы Свабоды. Пракладаючы камунікацыі, супрацоўнікі "Віцебскводаканалу" нішчылі рэшткі сабору, узарванага ў 1957 годзе – руйнавалі тое, што захавалася ад помніка архітэктуры пад тоўшчай зямлі ды асфальту. Гэтыя працы вяліся без дазволу Акадэміі навук і Міністэрства культуры, і спыніць іх так і не не ўдалося ні скаргамі ў пракуратуру, ні зваротамі да чыноўнікаў.

Сёньня катлаваны, у якіх былі добра відаць фрагмэнты старажытных муроў, ужо зноў засыпаныя. Але віцебскія актывісты працягваюць пратэставаць. Многім у горадзе вядома, што неўзабаве недалёка ад плошчы Свабоды з дазволу гарвыканкаму прадпрымальнік Аляксандар Данілаў зьбіраецца распачаць будаўніцтва моладзевага цэнтру. Пра аднаўленьне ж гістарычнага аблічча былой Саборнай плошчы гарадзкая адміністрацыя нават ня згадвае.

”Калі ня ведаць гісторыю, то й пратэст робіцца пустым.”

Таму, на думку кіраўніка моладзевага грамадзкага аб''яднаньня "Верас" Сяргея Шэлегава, скаргаў і заяваў будзе напісана яшчэ нямала. А ўчора для ўсіх, хто прыйшоў на імпрэзу "Грамадзкасьць Віцебску – за адраджэньне архітэктурнай спадчыны" спадар Шэлегаў правёў экскурсію па гістарычным цэнтры гораду: "Асноўная ідэя палягала ў тым, каб падвысіць абазнанасьць у гісторыі Віцебска ў моладзі, дый ва ўсіх цікаўных жыхароў гораду. Шмат хто з нас можа пратэставаць супраць дзеяньняў улады, супраць парушэньняў заканадаўства аб ахове гістарычнай спадчыны. Але мы мусім ведаць, дзеля чаго канкрэтна мы змагаемся. Калі ня ведаць гісторыю, то й пратэст робіцца пустым".

Каля 20 чалавек паслухалі аповед пра віцебскія архітэктурныя помнікі, прайшліся па вуліцах старога гораду. Потым удзельнікі праекту "EuraUniver" зладзілі для іх гістарычную віктарыну, узнагародзіўшы самых абазнаных у гісторыі Віцебску адмысловымі прызамі – кнігамі і насьценнымі календарамі. Падарункі ад арганізатараў атрымаў таксама мастак Ян Таўпыга, які падчас экскурсіі рабіў замалёўкі краявідаў старога й сучаснага Віцебску.

Імпрэза на плошчы Свабоды не прыцягнула ўвагі ні супрацоўнікаў міліцыі, ні гарадзкіх чыноўнікаў: ніхто зь іх нават не пацікавіўся тым, што адбываецца на цэнтральнай плошчы гораду. Гэтаксама абыякава ахоўнікі правапарадку і ўлады былі паставіліся й да мастацкага пленэру, які віцебская моладзь зладзіла 24 траўня. Чарговая акцыя супраць зьнішчэньня гістарычнай спадчыны пройдзе ў Віцебску ўвечары 5 чэрвеня: гэта будзе грамадзкае набажэнства на плошчы Свабоды, у якім мяркуюць узяць удзел вернікі розных канфэсій і прадстаўнікі Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі на чале з Паўлам Севярынцам.



XS
SM
MD
LG