Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раставаньне льдоў – гарачая тэма


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня – Усясьветны дзень навакольнага асяродзьдзя. Адзначаць яго вырашылі ў 1972 годзе на Стакгольмскай канфэрэнцыі ААН, прысьвечанай праблемам навакольля. Мэта сьвяткаваньня – яшчэ раз зьвярнуць увагу на здароўе плянэты. Ці заклапочаныя ў Беларусі праблемай глябальнага пацяпленьня?

Кіраўнік дэпартамэнту грамадзкай інфармацыі прадстаўніцтва ААН у Беларусі Віктар Радзівіноўскі распавёў Свабодзе:

“Асноўныя мерапрыемствы гэтага Дня пройдуць у Нарвэгіі. Лёзунг гэтага дня вельмі просты: “Раставаньне льдоў – гарачая тэма”. Бо перш за ўсё ён тычыцца тэмы зьменаў клімату. Нарвэгія – поўнач нашай плянэты, асацыюецца з раставаньнем ільдоў. Але насамрэч гэта закранае ўсе краіны сьвету, якія залежаць ад зьмены клімату. І таму сьвяткаваньне будзе ня толькі ў Нарвэгіі, але і ў Беларусі”.

І.Куляшова: “У нас зьмяшчаюцца сельскагаспадарчыя зоны”

У Беларусі дасьледаваньнем кліматычных працэсаў займаюцца ў Белдзяржгідрамэце. Тут лічаць, гэтую тэму важнай і надзённай. У прыватнасьці для сельскай гаспадаркі. Супрацоўніца аддзелу клімату Ірына Куляшова:

“Хаця б таму, што ў нас зьмяшчаюцца сельскагаспадарчыя зоны, якія разьлічваюцца ў залежнасьці ад колькасьці цяпла. У нас зьяўляецца на поўдні новая зона. Ужо можна прапаноўваць сельскай гаспадарцы для вырошчваньня нейкія новыя культуры для вось гэтага пэрыяду пацяпленьня”.

Беларускія кліматолягі падзяляюць тэорыю глябальнага пацяпленьня на нашай плянэце. У сьвеце большасьць прыхільнікаў гэтай тэорыі лічаць пацяпленьне вынікам чалавечай дзейнасьці. Што павышаецца тэмпэратура нібыта з-за выкідаў так званых парніковых газаў, якія трапляюць у атмасфэру.

А.Красоўскі: “Насамрэч, зямля астывае”

Аднак частка навукоўцаў розных краінаў гэтую тэорыю аспрэчвае. На іх думку, ніякага глябальнага пацяпленьня няма. Ёсьць такія скептыкі і ў Беларусі. У іх ліку кіраўнік нацыянальнага навукова-дасьледчага цэнтру вывучэньня азонасфэры Аляксандр Красоўскі:

“Кліматолягі лічаць, што паколькі ідзе пацяпленьне, то растаюць ільды. Насамрэч, зямля астывае. Вядома, яна астывае вельмі марудна – мільярдамі гадоў. Фізыкі па геалягічных знаходках вызначылі, што ёсьць цыклічнасьць – цыклі, зьвязаныя з асаблівасьцямі руху Зямлі вакол Сонца”.

Паводле спадара Красоўскага і яго аднадумцаў, пройдзе нейкі час, і размовы пра пацяпленьне спыняцца. Кліматоляг Ірына Куляшова з гэтым нязгодная:

“Ад 1989 году тэмпэратура ў сярэднім ідзе вышэй нормы. Апроч 1996 году. Толькі адзін год ніжэй нормы. Гэта не ў якой–небудзь асобнай кропцы, а зафіксавалі 49 станцый у Беларусі. То бок гадавая тэмпэратура ў сярэднім за 12 месяцаў вышэй нормы”.

• Агляд Свабоды: навіны навукі за тыдзень • У 2040 годзе ў Арктыцы ня будзе лёду?
XS
SM
MD
LG