Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія прафэсіі найбольш запатрабаваныя ў Беларусі?


Іна Студзінская, Менск Cацыёлягі апыталі болей за 27 тысячаў грамадзянаў ЗША, каб даведацца, якія прафэсіі прыносяць найбольшую задаволенасьць ад працы. У тым, што задаволеныя сваёй працай, прызналіся 87% сьвятароў, 80% пажарных, 74% пісьменьнікаў, 69% настаўнікаў, 50% паліцэйскіх, мэдычных сёстраў і журналістаў. Нашыя начныя досьледы: спэцыялісты якіх прафэсіяў запатрабаваныя ў Беларусі сёньня? Якія будуць запатрабаваныя праз 5 гадоў?

Маладыя беларусы мараць стаць юрыстамі, лекарамі, кіраўнікамі

Самыя запатрабаваныя спэцыяльнасьці ў сёлетніх абітурыентаў – правазнаўства, мэдыцына, дзяржаўнае кіраваньне. А што да самых непапулярных сярод абітурыентаў спэцыяльнасьцяў, дык гэта сьвінагадоўля, лугазнаўства, водагаспадарчае будаўніцтва. Пра гэта сказаў дырэктар Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў Міністэрства адукацыі Мікалай Фяськоў.

Попыт -- на бухгальтараў, IT-адмыслоўцаў, тэхнічных спэцыялістаў

Дырэктар недзяржаўнага кадравага агенцтва “Сакрэт посьпеху” Кацярына Вечар называе самыя запатрабаваныя на сёньня спэцыяльнасьці на рынку працы:

“Галоўныя бухгальтары, бухгальтары, маркетынг, спэцыялісты па продажах, мэрчэндайзінгу. Зараз вельмі вялікі попыт на спэцыялістаў у забесьпячэньні і лягістыцы. Тэхнічныя спэцыялісты вельмі запатрабаваныя, IT-адмыслоўцы, тэхнары. Усё ж такі прагрэс ідзе. Выходзяць на рынак, хоць і не так актыўна, як хацелася б, заходнія, расейскія кампаніі”.

Начальнік Упраўленьня вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Марыя Карпенка сьцярджае:

“Мы пастаянна кажам, што ў нас перавытворчасьць па спэцыяльнасьцях эканамічных, па спэцыяльнасьці “правазнаўства” і некаторых пэдагагічных. Натуральна, на гэтыя спэцыяльнасьці ідзе скарачэньне за кошт сродкаў бюджэту. І нават на ўмовах платнай адукацыі, калі вы параўнаеце леташні набор і сёлетні – ён не павялічваецца”.

Толькі ў БДУ сёлета плян набору на эканамічны факультэт – 170 студэнтаў (50 на бюджэт і 120 – на платнае), 304 на юрыдычны (адпаведна 149 на бюджэт і 165 на платнае). А гэтых адмыслоўцаў рыхтуе кожная другая ВНУ...

Навошта Беларусі 438 міжнароднікаў штогод?

Адзін адказны чыноўнік Міністэрства адукацыі выказаў такую думку:

“Тыя ж рэктары ВНУ ў сілу таго, што зараз ім выгадна браць студэнтаў на пазабюджэтную форму навучаньня, маніпулююць гэтым пытаньнем. Яны для сябе вывучаюць попыт на тыя альбо іншыя спэцыяльнасьці, і ў межах плянавых лічбаў прыёму могуць маніпуляваць. На самую прэстыжную спэцыяльнасьць могуць заплянаваць большую колькасьць пазабюджэтных месцаў”.

Прыклад – факультэт міжнародных адносінаў БДУ. Сёлета прымуць 438 чалавек (138 на бюджэт і 340 на платнае). Няўжо краіне патрэбная такая колькасьць дыпляматаў, адмыслоўцаў міжнароднага права?

“Матэматыкі, фізыкі лёгка становяцца ІТ-адмыслоўцамі”

Як сьцьвярджае дырэктар кадравага агенцтва “Сакрэт посьпеху” Кацярына Вечар, зусім не абавязкова людзі працуюць на сваёй спэцыялізацыі. І калі стварыць рэйтынг не спэцыяльнасьцяў, а адукацыі, на першым месцы...

“Эканамічная адукацыя. Граматны эканаміст можа стаць маркетолягам, галоўным бухгальтарам, фінансавым дырэктарам – гэта вельмі запатрабавана. Далей: матэматычная, фізычная адукацыя, любая тэхнічная адукацыя. Бо мысьленьне тэхнароў больш структураванае і сыстэмнае. Потым: ІТ. А матэматыкі, фізыкі лёгка становяцца ІТ-адмыслоўцамі”.

Чыноўнікі міністэрства адукацыі прызнаюць, што ў Беларусі ня робіцца дасьледваньняў і прагнозаў, якія спэцыяльнасьці будуць запатрабаваныя праз 5 гадоў.

Не прагназуюць так далёка і недзяржаўныя кадравыя агенцыі. Але ёсьць агульныя абавязковыя патрабаваньні для адмыслоўцаў, кажа Кацярына Вечар:

“Калі 5 гадоў таму замежная мова была як адна з дадатковых опцыяў да спэцыяльнасьці, то праз 5 гадоў гэта будзе нормай. Потым – навукова-тэхнічны прагрэс, попыт на ІТ-адмыслоўцаў, тых, якія праграмуюць сайты (“явісты”, “дэльфісты”). У залежнасьці ад таго, якая ІТ-тэхналёгія разьвіваецца. Дасканалае веданьне кампутара – проста норма, як дадатак да асноўнай спэцыяльнасьці, будзь ты эканаміст, юрыст”.
XS
SM
MD
LG