Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чэрвень з Быкавым: “Вайны хапіла на ўсіх...”


Радыё Свабода Васіль Быкаў быў ня толькі ўважлівым слухачом, але і сталым аўтарам “Свабоды”. Ягоныя творы, інтэрвью, успаміны захоўваюцца ў нашым аўдыё архіве. Увесь чэрвень, месяц нараджэньня і сьмерці пісьменьніка, штодня на хвалях “Свабоды” гучыць Быкаў.

Васіль Быкаў: “Вестка пра гэту вайну застала мяне далёка ад дому, на ўкраінскай Чарнігаўшчыне, і вядома ж, першаю думкай было – трэба дамоў. Але дамоў не пусьцілі. Моладзь змабілізавалі на абарончыя работы, і я з маімі аднагодкамі два месяцы капаў глыбачэзныя супрацьтанкавыя равы за Гомляй і дужа гараваў, што не пасьпею са зброяй у руках абараніць радзіму. Бо, як заўжды, паліторганамі вялася інтэнсіўная прапаганда, якая ўводзіла ў маладыя душы, можа, самую вялікую на той час няпраўду, паводле якой вайна не задоўжыцца. Нямецкі рабочы кляс з клясавай салідарнасьці вось-вось паўстане супраць Гітлера і паратуе братні рабочы кляс у СССР. На тое была ўся надзея. Бо вельмі хутка выявілася, што Чырвоная армія ці ня ўся адступала альбо здалася ў палон і ня можа нікога абараніць. Абараняць СССР давялося нам, каму на той час было толькі 17 гадоў. Разам з арміяй я адступаў да Харкава, затым да Варонежа, затым быў запасны полк і паскораная Саратаўская пяхотная вучэльня, зь якой зноў вярнуўся на Ўкраіну. Вайны хапіла на ўсіх аж занадта...”



Ад панядзелка да пятніцы ў нашым эфіры-- карокая цытата для роздуму і для памяці. Кожную суботу і нядзелю - тэматычныя аўдыё-анталёгіі.
XS
SM
MD
LG