Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 4 чэрвеня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва.

У суполцы Minsk_by абмяркоўваюць акцыю студэнтаў супраць адмены ільготаў, якая адбылася 1 чэрвеня. Акцыю жорстка разагнаў спэцназ міліцыі. А сёньня тым, каго затрымалі, прысудзілі пакараньні суткамі арышту і штрафамі. Камэнтары:

“Ня бачу сэнсу (ў падобных акцыях)”;

“Вялікага сэнсу, можа быць, і няма, але зьбіваць людзей пасярод белага дня ў цэнтры гораду – гэта адэкватная мера за адсутнасьць сэнсу?”;

“Файная акцыя, проста супэр, малайцы. Крэатыў проста на вышэйшым узроўні”;

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць вынікі апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў. Паводле апошніх дадзеных, каля 60 працэнтаў беларусаў давяраюць прэзыдэнту Лукашэнку, і толькі 30 зь лішкам працэнтаў выказваюць недавер. Камэнтары:

“Калі б нашы апазыцыйныя лідэры не штаны праседжвалі на кангрэсах, а з насельніцтвам працавалі – працэнт быў бы іншы”;

“Як бы нам (на прэзыдэнцкіх выбарах) у 2011 годзе не пабачыць лічбу 93 працэнты”.

Блогер arshanski піша ў сваім дзёньніку пра сутычку на пошце з маладой работніцай, якая памылілася ў афармленьні адрасу грашовага пераводу: “На просьбу падаць мне кнігу скаргаў дзевачка падскоквае і некуды сыходзіць. Праз паўтары хвіліны вяртаецца ў суправаджэньні загадчыцы паштовага аддзяленьня, якая трымае ў руках кнігу скаргаў. Загадчыца дае "втык" дзевачцы за няправільнае афармленьне, перапісвае блянк, папярэдне запытаўшыся ў мяне: "Вам па-беларуску аформіць ці можна па-расейску?" Пасьля гэтага акуратненька піша блянк па-беларуску, тры разы просіць у мяне прабачэньня за тое, што ў іх працуюць вучаніцы, таму і ствараюцца накладкі і непрыемнасьці”.

Карыстальнік live_hvost прапануе відэаролік з выказваньнем Аляксандра Лукашэнкі: “У нас адзін, паўтара, максымум два дзіцяці ў сям’і”.

Камэнтар: “Цяпер я дакладна ведаю. Я ня проста быў дзіцём, я быў паўтарнутым дзіцём. Так бы мовіць – звышдзіцём”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG