Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: ці існуе ў Беларусі свабода сродкаў масавай інфармацыі?


Альгерд Невяроўскі, Менск Гэтае пытаньне людзям у раёне Акадэміі навук у Менску задаваў наш карэспандэнт.

Слухаць:



Дзяўчына: “Я думаю, што гэтае пытаньне цяпер вельмі актуальнае для нас. І ўсе лічаць, і я ў тым ліку, што не да канца ў нас разьвітыя сродкі масавай інфармацыі”.

Хлопец: “Не, бо большая частка СМІ знаходзіцца ў руках улады”.

Спадар: “Так. Многа газэт, якія пішуць пра тое, што хоча чалавек ведаць. Мне здаецца, гэтага хапае”.

Спадар: “Не. Не даюць “Народную волю” выдаваць у Беларусі. Хіба што “Белгазета” існуе. А дзяржаўныя СМІ — гэта зусім ня тое”.

Спадарыня: “Я лічу, што ёсьць. Прынамсі, ня бачыла, каб камусьці нешта забаранялі”.

Спадарыня: “Думаю, што ёсьць, бо часам і сама зьвяртаюся ў часопіс. Пішуць там шчыра. Мне вельмі падабаецца часопіс “Здоровье и успех”. Добра пішуць пра навуку”.

Карэспандэнт: “А ўсебаковую інфармацыю зь беларускіх СМІ вы можаце атрымаць?”

Спадарыня: “Я больш цікаўлюся навукай, таму не магу аб’ектыўна сказаць”.

Карэспандэнт: “Ці існуе ў Беларусі свабода сродкаў масавай інфармацыі?”

Дзяўчына: “Думаю, не. Напрыклад, “Народная воля” забароненая. Забароненая свабода слова”.

Спадарыня: “Я думаю, што не. Мала хто скажа, што думае. Ці напіша пра тое, што ў нас адбываецца насамрэч”.

Спадар: “Думаю, што не. Няма свабоднага доступу да СМІ. Стаіць шапік, а там няма чаго незалежнага набыць. Людзі, што маюць іншыя погляды на тое, што ў нас адбываецца, ня маюць доступу да дзяржаўных СМІ, якія ўтрымліваюцца коштам падаткаплатнікаў. Калі б альтэрнатыўная думка й нейкія погляды мелі доступ, я б сказаў, што існуе і свабода”.
XS
SM
MD
LG