Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пераканае Дж.Буш у Празе праціўнікаў амэрыканскага радару?


Валер Каліноўскі, Прага Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш сёньня ўвечары прыбывае на два дні ў Прагу з мэтай схіліць чэхаў да ўсталяваньня на сваёй тэрыторыі частак амэрыканскай антыракетнай сыстэмы. Урад Чэхіі прыхільна ставіцца да гэтай прапановы, але грамадзкасьць успрымае яе скептычна, у парлямэнце таксама няма адназначнай падтрымкі.

Перад прыездам Джорджа Буша ў Прагу прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін зноў нэгатыўна выказаўся наконт плянаў разьмяшчэньня аб''ектаў амэрыканскай антыракетнай сыстэмы ў Цэнтральнай Эўропе. Пуцін назваў антыракетную сыстэму "часткай ядзернага шчыту ЗША" і заявіў, што ўпершыню ў гісторыі аб''екты ядзернага арсэналу ЗША будуць разьмешчаныя ў Эўропе.

ЗША хочуць ўсталяваць 10 ракет-перахватчыкаў на тэрыторыі Польшчы і радарную станцыю – у Чэхіі, за 70 кілямэтраў на паўднёвы захад ад Прагі. Гэтыя пляны выклікалі ня толькі незадаволенасьць Расеі, але і падзялілі грамадзкую думку бліжэйшых саюзьнікаў Амэрыкі.

60% чэхаў – супраць радару

Перад прыездам Джорджа Буша ў Прагу жыхары трох чэскіх вёсак, разьмешчаных побач зь мяркуемай пляцоўкай для радару, правялі рэфэрэндумы, на якім абсалютнай большасьцю галасоў выказаліся супраць такога суседзтва. Раней з такім жа нэгатыўным вынікам прайшлі рэфэрэндумы яшчэ ў двух вёсках.

Вынікі гэтых мясцовых рэфэрэндумаў не зьяўляюцца абавязковымі, але яны адлюстроўваюць занепакоенасьць чэскай грамадзкасьці прапановамі ЗША. Паводле вынікаў сацыялягічных апытаньняў, 60 працэнтаў чэхаў выступаюць супраць амэрыканскага радару на сваёй тэрыторыі.

Джордж Буш спадзяецца цягам свайго візыту ў Прагу дамагчыся пазытыўных для сябе перамен ў чэскай грамадзкай думцы. У Буша заплянаваныя перамовы з прэзыдэнтам Чэхіі Вацлавам Клаўсам, прэм''ерам Мірэкам Тапалянэкам і лідэрам апазыцыі Іржы Пароўбкам.

Апазыцыя патрабуе рэфэрэндуму, прэм’ер – супраць

Апошні дамагаецца правядзеньня агульнанацыянальнага рэфэрэндуму ў пытаньні разьмяшчэньня элемэнтаў амэрыканскай антыракетнай сыстэмы на тэрыторыі Чэхіі.

Прэм''ер Тапалянэк супраць такога рэфэрэндуму, ён мяркуе, што дастаткова згоды парлямэнту. Але і тут магчымыя праблемы. Кіроўная кааліцыя кантралюе роўна палову галасоў у чэскім парлямэнце, і такім чынам для падтрымкі амэрыканскай прапановы патрэбен хаця б адзін голас ад апазыцыі.

Чэскія апанэнты антыракетнай сыстэмы занепакоеныя магчымым нэгатыўным уплывам радарнай станцыі на здароўе і бясьпеку грамадзян. Таксама яны мяркуюць, што ў выпадку яе пабудовы Чэхія можа стаць аб''ектам тэрарыстычнага нападу.

Тапалянэк: Перамовы спыняцца, калі Кангрэс абмяжуе фінансаваньне

Прэм''ер Тапалянэк у мінулую нядзелю выступіў у падтрымку гэтага пляну, заявіўшы, што эўрапейская цывілізацыя можа зьнікнуць, калі яна ня будзе сябе абараняць. Разам з гэтым ён падкрэсьліў, што перамовы са Злучанымі Штатамі наконт радарнай станцыі спыняцца, калі Кангрэс ЗША абмяжуе фінансаваньне гэтага праекту.

На гэты момант Кангрэс, які кантралюецца апазыцыйнымі Д. Бушу дэмакратамі, разглядае магчымасьць уразаньня бюджэту праграмы стварэньня сыстэмы супрацьракетнай абароны на 310 мільёнаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG