Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: затрымалі абаронцаў гістарычнай забудовы


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Горадні міліцыянты затрымалі васьмёх маладых актывістаў, якія знаходзіліся каля камяніцы ХVІІІ стагодзьдзя на вуліцы Горкага, 2. Рабочыя працягваюць разьбіраць яе. Затрыманых даставілі ў Ленінскі райаддзел міліцыі, узялі ў іх тлумачэньні й адпусьцілі. Наш карэспандэнт паразмаўляў з актывістамі пасьля пастарунку. Маладыя людзі прыехалі зь Менску і Баранавічаў, каб бараніць у Горадні старую забудову.

Грышчэня: “Я, Грышчэня Яраслаў, кіраўнік баранавіцкага “Маладога фронту”, пасьля затрыманьня трапіў у Ленінскі РАУС, там адбываліся папросту дзіўныя рэчы. Міліцыянты, па-першае, ня ведалі, што з намі рабіць, папрасілі тлумачэньняў — што я рабіў на вуліцы Горкага? Яны запыталіся, калі я прыехаў і калі зьбіраюся зьяжджаць, і ціха-мірна папрасілі, каб я зьехаў сёньня ўвечары, інакш у мяне будуць праблемы.

Я лічу наконт таго, што ўлады зьбіраюцца рабіць з горадам, — з гэтым так проста нічога ня зробіш, але рэфэрэндум у гэтай справе, на мой погляд, не патрэбны. Я і мае сябры з “Маладога фронту” гатовыя рабіць што заўгодна, абы спыніць гвалтоўныя дзеяньні, калі бураць старыя будынкі”.

“Яны ня ведалі, што нам інкрымінаваць”

Зьміцер Лісеенка трапіў у гарадзенскую міліцыю другі раз, раней ён быў у Кастрычніцкім райаадзеле, а цяпер — у Ленінскім.

Лісеенка: “Тое ж самае, што Яраславу, казалі й нам усім: маўляў, калі вы зноўку апынецеся “ня ў тым месцы і ня ў той час”, будуць праблемы. Яны ня ведалі, што нам інкрымінаваць. Я размаўляў з жанчынай-аканомам Гарадзенскай япархіі, яна спачатку пачала на нас лаяцца, а потым, калі паразмаўлялі зь ёю, яна трымала мяне за руку і казала: “Зьміцер, калі ласка, толькі нічога не рабіце…”

А наконт міліцыянтаў я хацеў дадаць да словаў Яраслава — яны казалі: мы ведаем усіх, хто прыходзіць і будзе прыходзіць да гэтых будынкаў. А ад сябе я магу сказаць, што ў мяне ў Менску ёсьць знаёмыя, прычым і не з “Маладога фронту”, якія сюды прыедуць, каб бараніць Горадню”.

Актывістка “Маладога фронту”: “Будзем бараніць Горадню”

Сярод хлопцаў тут адна дзяўчына ў майцы “Малады фронт не спыніць”. Пытаюся – цябе таксама затрымалі і завезьлі ў міліцыю?

Дзіяніна: “Так. Я Алена Дзіяніна зь менскага “Маладога фронту”. Калі нас затрымалі, яны напачатку насамрэч не маглі нічога сказаць, чаму нас затрымліваюць. Пасьля мне асабіста нават сказалі, што тут у нас быццам несанкцыянаваны сход.

А потым у РАУС далі напісаць тлумачальную. Я напрыканцы напісала, што прыйшла на вуліцу Горкага і запыталася: у чым справа, чаму разьбіраюць гэты будынак? Ну, а ўвогуле: канешне, будзем бараніць Горадню”.

Удзельнікі акцыі супраць разбурэньня старой Горадні, 4 чэрвеня 2007 г.

У маладзёнаў узялі тлумачэньні й выпусьцілі з пастарунку

Мураваны флігель на вуліцы Горкага, 2, які сёньня разбураюць, зьяўляецца часткай палацавага комплексу канца ХVІІІ стагодзьдзя. Сёньня ён увесь аддадзены Гарадзенска-Ваўкавыскай праваслаўнай япархіі. На месцы разбуранага флігелю мяркуюць пабудаваць царкву.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG