Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Каваленка: “Хай дзяржава плаціць донарам паводле эўрапейскіх стандартаў”


Аляксей Знаткевіч, Прага Госьць “Начной Свабоды” – донар зь дзесяцігадовым стажам Ігар Каваленка з Магілёва.

Знаткевіч: “Патлумачце, якія льготы цяпер маюць донары і чаго вы пазбавіцеся паводле новага закону, які нядаўна прыняў Нацыянальны сход?”

Каваленка: “На сёньняшні дзень гэты закон пакуль не ўступіў у сілу. Донары пакуль што маюць ільготы на бясплатнае зубапратэзаваньне за выключэньнем фарфору, каштоўных мэталаў і мэталакерамікі. Таксама донары маюць льготу на бясплатнае санаторна-курортнае аздараўленьне раз у год і 50-працэнтовую зьніжку на лекі, 40-працэнтовую прыбаўку да пэнсіі пасьля дасягненьня пэнсійнага ўзросту. Таксама магілёўскія донары яшчэ маюць адну ільготу – бясплатны праезд на грамадзкім транспарце, акрамя таксі. Гэтая апошняя ільгота была ўведзеная гарадзкімі дэпутатамі ў 1998 годзе, таксама па патрабаваньню донараў”.

Знаткевіч: “І ўсе гэтыя рэчы будуць скасаваныя, калі ўступіць у сілу новы закон?”

Каваленка: “Так. Можа і застанецца ільготны праезд у гарадзкім транспарце ў Магілёве, бо гэтая ільгота была дадзена мясцовымі дэпутатамі. Ня ведаю, у нас у дзяржаве адміністратыўная вэртыкаль, і, мусіць, нашы гарадзкія дэпутаты адмовяць нам у гэтай апошняй ільгоце”.

“Калі папераджальны страйк не падзейнічае, тады ён стане бестэрміновым”

Знаткевіч: “Кіраўнік рэспубліканскай станцыі пераліваньня крыві Міхаіл Патапнёў сказаў "Свабодзе", што скасаваньне льготаў для донараў супярэчыць закону пра донарства. Маўляў, не сьпяшайцеся разьдзьмуваць з гэтага пажар, яшчэ нічога не скасоўваецца. Як бы вы гэта пракамэнтавалі?”

Каваленка: “Я вам растлумачу: гэта закон "Аб донарстве крыві і яе кампанэнтаў". У гэтым законе ёсьць артыкулы 13 і 14. 13-ы – "Льготы, якія прадастаўляюцца донарам", 14-ы – "Заахвочваньне донараў". Згодна з апошнім законам, які быў прыняты абедзьвюма палатамі парлямэнту, там канкрэтна ўказана: артыкулы 13 і 14 гэтага закону выключыць. Я ведаю сп.Патапнёва, але я ня ведаю, чаму ён пра гэты закон і пра скасаваньне льготаў ня ведае. Ну, як кажуць, гэта чыноўнік, яму не патрэбна казаць пра тое, што донарам скасуюць гэтыя ільготы. Толькі так я магу гэта пракамэнтаваць, больш ніяк”.

Знаткевіч: “Ігар, а ў якой форме вы плянуеце рабіць ваш страйк і калі ён плянуецца?”

Каваленка: “Сёньня ўжо юрысты падрыхтавалі патрабаваньне да Савету міністраў Беларусі, міністэрства аховы здароўя Беларусі і парлямэнту Беларусі, дзе мы патрабуем аднавіць льготу на зубапратэзаваньне, на санаторна-курортнае аздараўленьне раз на год, 50-працэнтовую зьніжку на лекі і 40-працэнтовую прыбаўку да пэнсіі. Таксама мы ўказалі, што калі папераджальны страйк ня будзе мець узьдзеяньня, тады папераджальны страйк стане бестэрміновым”.

Знаткевіч: “Гэта тычыцца толькі Магілёву, ці вы кантактуеце зь іншымі донарамі зь Беларусі?”

Каваленка: “Пакуль гэта тычыцца Магілёву, і мы рыхтуем дакумэнты. Я буду сустракацца з донарамі Гомелю і Менску, каб атрымаць іх падтрымку ў гэтым страйку, каб гэты страйк стаў усебеларускім страйкам донараў. Але донары – гэта такі гурток людзей, якія, як кажуць у мультфільме "Маўглі", "адной крыві". Спадзяюся, што і менскія, і гомельскія, і ўсе донары падтрымаюць гэты страйк, і ён станецца ўсебеларускім”.

“Для донараў гуманнасьць і чалавечнасьць – першасныя каштоўнасьці”

Знаткевіч: “А колькі ўсяго донараў у Магілёве і Беларусі?”

Каваленка: “Я магу адказаць афіцыйнымі лічбамі. Ганаровых донараў у Беларусі – 119 тысяч. Ганаровы донар атрымлівае мэдаль і пасьведчаньне, калі ён здаў 40 дозаў крыві ці 60 дозаў плязмы”.

Знаткевіч: “Ваш страйк, калі ён сапраўды адбудзецца – ён не паставіць пад пагрозу жыцьці тых людзей, якім спатрэбіцца пераліваньне крыві?”

Каваленка: “Ведаеце, мы ў сваім патрабаваньні да Савету міністраў і парлямэнту абвясьцілі, што для нас, донараў крыві і плязмы, гуманнасьць і чалавечнасьць – першасныя каштоўнасьці. Таму на тэрміновыя выклікі для дзяцей і цяжка хворых мы будзем зьяўляцца безадмоўна, ці днём, ці ноччу, ці ўвечары, у любы момант, калі будзе патрэба ў нашай дапамозе – гэта найпершае, што мы будзем рабіць”.

Знаткевіч: “Ігар, а якія патрабаваньні да чалавека, які хоча стаць донарам?”

Каваленка: “Патрабаваньні вельмі жорсткія. Па-першае, донар праходзіць вельмі сур''ёзны мэдычны агляд, і таму ня кожны трапляе на станцыю пераліваньня крыві – нехта не падыходзіць паводле мэдычных паказьнікаў, нехта хварэў нейкімі віруснымі захворваньнямі, але ж вірусы застаюцца ў арганізьме чалавека, таму кроў, як кажуць, паказвае ўсё. Таму донарам можа быць кожны дзеяздольны грамадзянін, які дасягнуў веку 18 гадоў, які прайшоў мэдычны агляд і ня мае хваробаў, пры якіх донарства супрацьпаказанае. Гэтак кажа закон "Аб донарстве крыві і яе кампанэнтаў".

Знаткевіч: “Учора ў сьвеце адзначалі міжнародны дзень без тытуню. Ці можа донар паліць цыгарэты ці ўжываць алкаголь?”

Каваленка: “Донар – такі чалавек, які ў кожны момант павінен быць гатовы – можа, яго выклікаюць... Ёсьць донары, якія ўжываюць цыгарэты і алькаголь. Але алькаголь нельга ўжываць за тры дні да здачы крыві, а ў дзень здачы крыві ці плязмы нельга ўжываць цыгарэты. Таму донары вельмі сур''ёзна ставяцца да свайго абавязку, яны выконваюць гэтыя патрабаваньні”.

Знаткевіч: “А вы сам паліце?”

Каваленка: “Так, палю. Хачу кінуць гэтую заразу, але ня ведаю, як”.

“У Эўропе літар плязмы каштуе каля 1 500 эўра, а ў Беларусі – 100 тысяч беларускіх рублёў...”

Знаткевіч: “Як вы самі сталі донарам, як гэта адбылося?”

Каваленка: “Гэта адбылося вельмі даўно, я глядзеў нейкую перадачу – паказвалі Эўропу, калі адна маленькая дзяўчынка неяк патрапіла ў бяду і ёй было патрэбна шмат крыві, і я ўбачыў, як агромністая колькасьць людзей стаяла ў чарзе, каб дапамагчы, даць гэтай дзяўчынцы кроў. І тады мяне нешта кранула ў сэрцы і натхніла на гэтую дачу крыві. І так вось я прыйшоў на станцыю пераліваньня крыві ў першы раз, і ўжо дзесяць гадоў туды хаджу”.

Знаткевіч: “А як вы ставіцеся ўвогуле да скасаваньня льготаў ня толькі донарам, але і да таго, што скасоўваецца льгота на праезд у грамадзкім транспарце для навучэнцаў, вэтэранаў працы, што за лекі для дзяцей да трох гадоў будзе трэба плаціць, што менее сьпіс тых, хто будзе мець ільготы на аплату жыльля – што з гэтага, на вашую думку, варта скасаваць, а што варта было б пакінуць?”

Каваленка: “У мяне ёсьць асобная думка на гэты конт. Паколькі я зьяўляюся яшчэ лідэрам аргкамітэту па стварэньні Лібэральнай партыі свабоды і прагрэсу горада Магілёва, то скажу, што мы, лібэралы, у прынцыпе супраць ільготаў, але для таго, каб гэтыя льготы забраць, трэба людзям нешта даць, каб яны маглі гэтыя льготы за свае грошы атрымліваць. А паколькі ў нас у дзяржаве атрымліваецца, што льготы забралі, а ўзамен нічога не далі, у нашай краіне стане больш жабракоў – я так гэта разумею. Маленькія дзеці, якія езьдзяць у школу, у тыя ж спартовыя комплексы, будуць браць ад бацькоў грошы на праезд. У бацькоў заробак застаўся на ранейшым узроўні. Таму яны будуць эканоміць на мясе, можа, ці яшчэ на чым-небудзь, але прыйдзецца зацягнуць паясы, як кажуць. Такое маё меркаваньне. Можа, хто са мной ня згодны”.

Знаткевіч: “А з вашага гледзішча, як прадстаўніка лібэральнай плыні, што магло б кампэнсаваць гэтае скасаваньне ільготаў донарам – у чым яны маюць патрэбу, што яны маглі б купляць за грошы, умоўна кажучы, калі б яны маглі больш зарабляць?”

Каваленка: “Адкажу літаральна ў двух словах: мы патрабуем ад ураду вярнуць гэтыя льготы, якія яны скасавалі, але ж мы прапанавалі альтэрнатыву: калі яны ня хочуць гэтыя льготы вярнуць, то няхай яны кампэнсуюць донарам грашыма за здадзеную кроў паводле эўрапейскіх стандартаў”.

Знаткевіч: “І якія гэта будуць кошты?”

Каваленка: “Наколькі я ведаю, у Эўропе найдаражэйшая плязма і кампанэнты крыві ў Гішпаніі. Там літар плязмы каштуе каля 1 500 эўра. А ў Беларусі – 100 тысяч беларускіх рублёў, ці каля 40 эўра. Калі нашая дзяржава зможа плаціць донарам такую суму за здадзеную кроў, паводле эўрапейскіх стандартаў – няма пытаньня, хай забіраюць льготы. Любы донар зможа за гэтыя грошы набыць сабе лекі, якія яму патрэбны – не беларускія, а якія яму дапамагаюць. Зможа паехаць адпачыць у любы санаторый, ці ў Беларусі, ці ва Ўкраіне, ці яшчэ дзе за мяжой, зможа ўзяць сваю сям''ю, паправіць сваё здароўе і далей будзе здаваць кроў”.
XS
SM
MD
LG