Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На саміце G8 – пра глябальнае пацяпленьне, СПА і Косава


Юры Дракахруст, Прага 6-8 чэрвеня ў нямецкім курортным горадзе Гайлігендам на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора адбудзецца саміт васьмі найбольш прамыслова разьвітых краінаў сьвету. Напярэдадні саміту ў нямецкім горадзе Ростаку прайшлі масавыя акцыі пратэсту антыглябалістаў, якія суправаджаліся жорсткімі сутычкамі зь сіламі правапарадку.

У выніку забурэньняў у Ростаку пацярпела прынамсі 1000 чалавек. Былі параненыя больш за 400 паліцэйскіх, 125 удзельнікаў беспарадкаў арыштаваныя. У акцыях пратэсту ўзялі ўдзел каля 20 тысячаў чалавек. Падобныя акцыі суправаджаюць усе апошнія саміты “васьмёркі”, ня выключана, што працяг падзеяў у Ростаку адбудзецца і падчас сёлетняга саміту.

Аднак вострая сытуацыя чакаецца ня толькі вакол сустрэчы лідэраў прамыслова разьвітых краінаў, але і на самой сустрэчы. Галоўныя пункты парадку дня – кантроль за шкоднымі выкідамі ў атмасфэру, амэрыканская сыстэма супрацьракетнай абароны ў Эўропе і праблема Косава.

Экспэрты не выключаюць, што на першы плян могуць выйсьці спрэчкі паміж Масквой і Вашынгтонам наконт разьмяшчэньня ў Чэхіі і Польшчы элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы СПА. Расея рэагуе на гэтыя пляны надзвычай рэзка. Учора прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў:

“І ў выпадку разьмяшчэньня ракетаў супрацьракетнай абароны ў Эўропе і сёньня папярэджваю – будуць крокі ў адказ. Мы вымушаныя гарантаваць сваю бясьпеку. І ня мы ініцыятары гэтага працэсу”.

Злучаныя Штаты заяўляюць, што сыстэма СПА скіраваная ня супраць Расеі, а супраць магчымых ракетных удараў з боку такіх краінаў, як Іран ці Паўночная Карэя. Разам з тым ЗША падкрэсьліваюць, што Расея ня мае права вэта на гэты праект.

Напярэдадні саміту і пасьля яго прэзыдэнт ЗША Джордж Буш наведае Чэхію і Польшчу, каб прадэманстраваць падтрымку гэтым краінам і ўдзячнасьць за згоду ўдзельнічаць у амэрыканскім антыракетным праекце.

Вашынгтон і Масква таксама маюць сур’ёзныя супярэчнасьці па праблеме Косава. Злучаныя Штаты і краіны Эўразьвязу падтрымліваюць плян, які прадугледжвае наданьне гэтаму краю, які юрыдычна зьяўляецца часткай Сэрбіі, абмежаванай незалежнасьці. Расея, падтрымліваючы Сэрбію, выступае супраць гэтай прапановы.

Яшчэ адной важнай праблемай саміту стане барацьба з глябальным пацяпленьнем.

Нямеччына, якая сёлета прымае ў сябе “васьмёрку” а таксама цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, дамагаецца, каб краіны “васьмёркі” ўзялі на сябе абавязак да 2020 году скараціць шкодныя выкіды ў атмасфэру да ўзроўню 80% ад узроўню 1990 году. Да апошняга часу не было зразумела, ці падтрымаюць гэтую прапанову Злучаныя Штаты. Аднак на мінулым тыдні прэзыдэнт Буш выступіў з заявай, якая адкрывае шлях вырашэньня праблемы:

“Злучаныя Штаты будуць працаваць разам зь іншымі дзяржавамі, каб усталяваць новую структуру кантролю выкідаў у атмасфэру пасьля заканчэньня дзеяньня пратаколу Кіёта ў 2012 годзе. Мая прапанова такая: Злучаныя Штаты і іншыя дзяржавы ставяць доўгатэрміновую глябальную мэту скарачэньня выкідаў у атмасфэру”.

Гаспадыня сёлетняга саміту “васьмёркі” канцлер Нямеччыны Ангела Мэркэль мяркуе, што прапанова амэрыканскага лідэра дае пункт згоды, каб дзейнічаць супольна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG